Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падпісала Парыскі пратакол. Што гэта значыць?


Беларусь заплянавала да 2030 году скараціць выкіды парніковых газаў на 28% у параўнаньні з 1990 годам, перадае БЕЛТА.

Такая была рэакцыя Мінпрыроды на падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам указу аб прыняцьці Парыскага пагадненьня.

У адрозьненьне ад Кіёцкага пратаколу (1997), Парыскае пагаднененьне (2015) не накладае на краіны канкрэтных абавязкаў, не дае права гандляваць квотамі на шкодныя выкіды і не карае за парушэньне абяцаньняў. Краіны-падпісанты самі вырашаюць, як будуць дасягаць дэкляраванай мэты — спыніць паскарэньне глябальнага пацяпленьня, каб да 2100 году тэмпэратура паднялася ня больш як на 2°С.

На долю Беларусі прыпадае каля 0,24% усясьветных выкідаў парніковых газаў.

Тэкст Парыскага пратаколу быў прыняты 195 краінамі, падпісаны 185 краінамі, але ратыфікаваны пакуль толькі 30 краінамі. У ліку гэтых 30 — ЗША, Кітай, Украіна, Камэрун, КНДР і іншыя, разам усе яны даюць каля 40% выкідаў парніковых газаў. Яшчэ не ратыфікавалі пратакол краіны Эўразьвязу, Расея, Індыя, Японія, Бразылія, Канада і іншыя.

Незадоўга да падпісаньня Мінпрыроды вырашыла адмовіцца да 2020 году ад увозу ў краіну азонаразбуральных рэчываў. Абсталяваньне, якое іх выкарыстоўвае, будзе запраўляцца раней выкарыстанымі і перапрацаванымі рэчывамі. Навіну пра гэта Акадэмія навук падмацавала паведамленьнем пра тое, што над Беларусьсю знайшлі «невялікую азонавую дзіру», але на мапах замежных інстытутаў той «дзіры» не відаць.

Таксама да падпісаньня Рэспубліканскі цэнтар па маніторынгу навакольнага асяродзьдзя паведаміў, што з прычыны пацяпленьня ў Беларусі зьявілася новая, чацьвёртая агракліматычная зона: на поўдні Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей кліматычныя ўмовы сталі параўнальнымі з поўначчу Ўкраіны.

Анастасія Дарафеева

Анастасія Дарафеева

Старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева тлумачыць Свабодзе, што ўдзел Беларусі ў Парыскім пагадненьні мае шэраг пазытыўных момантаў, хай выкананьне пратаколаў і не абавязковае:

«Пасьля 2020 году, згодна з пагадненьнем, Беларусь у ліку іншых краінаў, якія яго падпісалі, атрымае доступ да эканамічных мэханізмаў, якія дазваляюць стымуляваць скарачэньне выкідаў парніковых газаў і разьвіцьцё альтэрнатыўнай энэргетыкі. Гэта ў любым выпадку будзе мець уплыў на разьвіцьцё эканомікі краіны».

Такія мэханізмы — перадача ад разьвітых краінаў такіх тэхналёгіяў, якія немагчыма было б займець самастойна ў кароткія тэрміны; гранты на праекты дзяржаўнага ўзроўню (але пад кантролем з замежжа) па ўкараненьні ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі, адаптацыі эканомікі да зьмены клімату ці зьберажэньні лясоў і балотаў.

У адпаведнасьці з Парыскім пагадненьнем Беларусь можа разьлічваць на двухбаковыя праекты ў гэтай сфэры з краінамі, якія захочуць аказваць нам такую дапамогу.

«Нейкія бонусы Беларусь атрымае ў любым выпадку, — кажа Дарафеева. — Але іх памер будзе залежаць ад таго, наколькі актыўная і пасьлядоўная яна будзе ў гэтым працэсе. Так, доступ да кансультацыяў і фінансавай дапамогі краіна атрымае толькі ў тым выпадку, калі будуць зроблены высілкі на нацыянальным узроўні і створана сыстэма плянаваньня і справаздачнасьці, якая будзе адпавядаць міжнародным стандартам. Адным з важных фактараў будзе наяўнасьць адпаведнай нарматыўна-прававой базы, якой пакуль няма».

Пагадненьнем прадугледжаны графік, у адпаведнасьці зь якім краіны-падпісанты павінны будуць даваць справаздачу пра тое, як адбываецца прагрэс, якія дзеяньні па скарачэньні выкідаў былі зьдзейсьненыя. У адпаведнасьці з гэтым таксама будуць пераглядацца абавязкі на наступны пэрыяд. Такія справаздачы будуць праходзіць кожныя 5 гадоў.

У абяцаньнях укараняць нізкавугляродныя і безвугляродныя тэхналёгіі, дадзеных пры падпісаньні пагадненьня, Дарафеева бачыць пазытыўны момант: яны азначаюць адмову ад мазуту, торфу і вугалю. Акрамя іншага, гэта пакладзе канец тарфяной прамысловасьці і, адпаведна, назаўжды закрые магчымасьць вынішчэньня беларускіх балотаў праз мэліярацыю.

Яна сумняецца, што беларускія прадпрыемствы моцна пацярпяць ад падпісаньня пагадненьня (праўда, кажа, што «ў нашай краіне магчыма ўсё»), бо пераход на ўзнаўляльныя крыніцы энэргіі не адбываецца імгненна, пагадненьне не прадугледжвае «рэзкіх» захадаў. Наадварот, прадпрыемствы атрымаюць дадатковыя магчымасьці, зьвязаныя з увядзеньнем энэргаэфэктыўных тэхналёгіяў.

Але старшыня «Зялёных» адзначае: Беларусь з ратыфікацыяй пагадненьня абавязалася ўжо да 2030 году ўтрая павялічыць выкарыстаньне ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі пры вытворчасьці электрычнасьці і цяпла.

Будоўля АЭС можа стаць «канфліктным пунктам» для сурʼёзнага разьвіцьця гэтай галіны. Будоўля АЭС і перабудова пад яе энэргетычнай інфраструктуры краіны фактычна блякуе далейшае разьвіцьцё рынку ўзнаўляльных крыніц энэргіі ў Беларусі, інвэстыцыі ў гэтую галіну энэргетыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG