Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не дазволіць зь яе тэрыторыі ўводзіць войскі на тэрыторыю Ўкраіны, — пасол Вялічка


Беларусь ніколі ня зьвернецца да агрэсіі, ніколі не дазволіць і іншым краінам зь яе тэрыторыі ўводзіць войскі на тэрыторыю Ўкраіны. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ва Ўкраіне Валянцін Вялічка ў інтэрвію штогадоваму навуковаму выданьню «Ўкраіна дыпляматычная». Інтэрвію сёньня публікуе сайт беларускага Міністэрства замежных спраў.

«Мы падтрымліваем Украіну як цэласную ўнітарную дзяржаву ў рамках дзейнай Канстытуцыі, якая выключае фэдэралізацыю. Урад Беларусі, а таксама і прадстаўнікі амбасады ніколі не казалі: новая ўлада, старая ўлада, што яе зьмена — гэта вельмі дрэнна, правільны ці няправільны выбар народа. Гэта ўнутраная справа ўкраінскага народа. Таму мы будуем двухбаковыя адносіны, зыходзячы з высокага пачуцьця ўзаемапавагі», — адзначыў Валянцін Вялічка.

Паводле амбасадара, у Менску праводзяцца сталыя кансультатыўныя трохбаковыя сустрэчы па ўрэгуляваньні сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

«Беларусь гатовая стварыць спрыяльныя ўмовы для перамоваў і кансультацыяў па гэтым пытаньні», — адзначыў Вялічка.

Паводле амбасадара, беларускі бок не мяняў гандлёва-эканамічных стасункаў з Украінай.

«Мы стараемся весьці разьлікі ў нацыянальнай валюце, але сёньня цяжка спрагназаваць, ці будзе грыўня ці беларускі рубель адносна стабільнай валютай на працягу бліжэйшых пяці гадоў», — сказаў Вялічка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG