Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца ўшанаваць памяць беларускіх дасьледчыкаў Сыбіры


Алег Рудакоў
Алег Рудакоў

Месяц таму на паседжаньні Кансультатыўнай рады ў справах дыяспары пры Міністэрстве культуры, якое праходзіла ў рамках Другога фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету, вядомы актывіст беларускага руху Алег Рудакоў з Іркуцку прапанаваў ушанаваць памяць выбітных дасьледчыкаў Сыбіры і Далёкага Ўсходу, якія паходзяць зь беларускіх земляў, на іхніх малых радзімах. Ініцыятыву падтрымала кіраўніцтва ведамства, аднак за прамінулы час відочных зрухаў у бок рэалізацыі задумы не заўважана. Ці не затармозіцца ўсё на ўзроўні абяцаньняў?

Пасьля 1863 году, калі выбухнула вызвольнае паўстаньне, блізу 20 тысяч удзельнікаў супраціву апынуліся ў высылцы. Пры гэтым больш за 12 тысяч былі родам з тагачасных беларускіх і літоўскіх губэрняў і наступныя гады правялі ў Іркуцку і яго навакольлі. Сярод пакараных Сыбір’ю — беларусы, якія навечна пакінулі свой сьлед у гісторыі гэтага краю.

Нараджэнец Віцебскай губэрні Ян Чэрскі — адзін з самых вядомых дасьледчыкаў геалягічнай будовы Байкала. Выхадзец зь Меншчыны Бэнэдыкт Дыбоўскі — біёляг, які адкрыў мноства відаў жывых арганізмаў, раней навуцы невядомых, першым вымераў глыбіню Байкала. Яшчэ адзін прадстаўнік Віцебшчыны, прафэсійны археоляг Мікалай Віткоўскі, знайшоў на тэрыторыі Сыбіры пахаваньні эпохі нэаліту, абвергшы думкі пра яе незаселенасьць у каменным веку. Ня меншыя заслугі перад навукай маюць батанікі Фэлікс Зянковіч і Канстанцін Жэброўскі — родам з Гарадзенскай і Віцебскай губэрняў адпаведна.

Экс-старшыня і заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў кажа, што пляны наконт увекавечваньня слынных навукоўцаў, якія не па сваёй волі апынуліся ў расейскай Сыбіры і сталі «сьвяціламі навукі» ў галіне дасьледаваньня нявывучаных тэрыторыяў, былі і раней. Але толькі цяпер яны пачалі набываць абрысы рэальнасьці:

«Ідэя вісела ў паветры як бы даўно, але толькі зараз атрымала разьвіцьцё. Калі я ў жніўні прыяжджаў у Беларусь, у Віцебску была сустрэча зь мясцовымі інтэлігентамі, якія паказалі мне дом, дзе жыла Маўра Чэрская. Для мяне гэта стала прыемным адкрыцьцём: безумоўна, я ведаў, што калі Ян Дамінікавіч памёр у экспэдыцыі, Маўра вярнулася на радзіму мужа і пэўны час, у 1920–30-х, да ад’езду ў Расею, жыла ў Віцебску. Але дзе — я гэтага ня ведаў. І тут мне паказваюць гэты дом, які, дарэчы, вельмі добра захаваўся і мае гістарычную каштоўнасьць. Будынак цяпер эксплюатуе нейкая арганізацыя, там офісы. У мяне адразу ж узьнікла думка: а чаму б той дом не выкарыстоўваць як музэй? І калі ўжо потым у Менску ў межах фэстывалю праходзіла пасяджэньне Кансультатыўнай рады па беларускай дыяспары, якое вёў сам міністар культуры Барыс Сьвятлоў, то я агучыў ідэю паставіць помнік Чэрскаму ў Віцебску. А як міністар падсумоўваў нашы агульныя выказваньні, менавіта на гэтай прапанове ён засяродзіў увагу найбольш. Сказаў, што яму ідэя спадабалася і са свайго боку ён будзе ініцыяваць зварот, як ён выказаўся, да губэрнатара Віцебскай вобласьці, каб там разгледзелі гэтае пытаньне».

Маўра і Ян Чэрскія, здымак 1891 году
Маўра і Ян Чэрскія, здымак 1891 году

Ведамствы, падначаленыя Міністэрству культуры, пакуль ня маюць ніякіх інструкцыяў наконт пераабсталяваньня колішняга дому Маўры Чэрскай пад музэйную ўстанову, ня кажучы ўжо пра помнік самому Чэрскаму. Тым ня меней, як удакладняе віцебскі прадусар, арганізатар культурніцкіх імпрэзаў і адзін з распрацоўнікаў інфармацыйна-асьветніцкага сайту Vitebsk4.me Віталь Броўка, цяпер у колішнім доме Маўры Чэрскай месьцяцца якраз установы сфэры культуры, таму рэалізаваць задуму Алега Рудакова пры жаданьні ня склала б асаблівых цяжкасьцяў:

«Разам з абласным краязнаўчым музэем мы рабілі адмысловае дасьледаваньне пра Маўру Чэрскую, а таксама пра дом, у якім яна жыла. На нашым сайце можна пабачыць, якім дом быў яшчэ некалькі гадоў таму і як выглядае цяпер. Дзеля справядлівасьці, гэтую тэму даволі сур’ёзна ўздымаюць ня толькі энтузіясты, а ў розных дзяржаўных і калядзяржаўных інстытуцыях. Цяпер будынак якраз належыць аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкаму, іншымі словамі, гэты дом цалкам у валоданьні Міністэрства культуры. Там разьмяшчаецца адзін з адрасоў цэнтру рамёстваў, цэнтру традыцыйнай культуры, і на гэтай тэрыторыі, па сутнасьці, было б абсалютна слушна нават і помнік паставіць — менавіта там розныя нацыянальныя сьвяты адбываюцца і ўсё астатняе. То бок было б абсалютна да месца і абсалютна дарэчы».

Такім быў дом Маўры Чэрскай у 2006 годзе
Такім быў дом Маўры Чэрскай у 2006 годзе

...а такім стаў пасьля эўрарамонту ў 2013-м
...а такім стаў пасьля эўрарамонту ў 2013-м

На перакананьне спадара Рудакова, музэйную экспазыцыю ў Віцебску можна было б прысьвяціць ня толькі Яну Чэрскаму, а цэлай плеядзе выбітных дасьледчыкаў Сыбіры зь беларускімі каранямі. А вось помнік на Радзіме за прызнаныя ва ўсім сьвеце дасьледаваньні заслужыў найперш Чэрскі:

«Сапраўды, ёсьць шмат матэрыялаў, якія, на жаль, разрозьненыя. Але ўсе дакумэнтальныя сьведчаньні можна было б сабраць у адным месцы. І, што важна, ушанаваць там ня толькі Чэрскага, Віткоўскага ці іншых нараджэнцаў Віцебшчыны, а цалкам разглядаць магчымасьць увекавечваньня выбітных беларусаў. Напрыклад, той жа самы Дыбоўскі, які нарадзіўся пад Менскам, іншыя, нейкія зьвесткі пра іх абнародаваць — скажам, стэнды аформіць, асабістыя рэчы пашукаць. Дык вось калі такая ідэя ўзьнікла, віцебская інтэлігенцыя яе падтрымала. Безумоўна, на гэтым спыняцца нельга, трэба пісаць лісты, трэба выходзіць з прапановамі грамадзкім супольнасьцям. У верасьні я зноў прыяжджаў у Віцебск, сустракаўся са старшынёй Саюзу мастакоў вобласьці Сьвятланай Баранкоўскай, якая падтрымлівае гэтую ідэю, зь іншымі людзьмі. Думаю, што таксама павінны падключыцца гісторыкі, краязнаўцы віцебскія, каб усім разам прасоўваць гэтую ініцыятыву далей. І калі мы гэта зробім, яно будзе вялікай, буйной справай на ўшанаваньне нашых знакамітых продкаў і ўвогуле на падняцьце аўтарытэту беларускага народу сярод іншых народаў. У першую чаргу ў Сыбіры, таму што гэта адразу адгукнецца ў нашай старонцы».

Польская памяць пра Чэрскага на музэі Байкала ў Ліствянцы
Польская памяць пра Чэрскага на музэі Байкала ў Ліствянцы

Паводле Алега Рудакова, доўгія часы праўда пра беларускіх навукоўцаў, якія плённа працавалі на ніве навукі ад Прыбайкальля да Далёкага Ўсходу, асабліва не афішавалася. Расейцы сасланых геніяў даўно «абрусілі» пад свае лякалы (Ян Дамінікавіч стаў Іванам Дзяменцьевічам), а польскія арганізацыі нашчадкаў пакараных паўстанцаў пагалоўна запісвалі ўсіх палякамі. Фактычна памяць пра беларускія карані шэрагу носьбітаў перадавой думкі пачала станавіцца набыткам галоснасьці толькі ў сярэдзіне 1990-х, з пачаткам актыўнай дзейнасьці Іркуцкага таварыства беларускай культуры:

«Беларусаў, якія пачалі рабіць пасьпяховыя навуковыя адкрыцьці ў Іркуцкай вобласьці, шмат. Пра іх як пэрсонаў у Сыбіры ведаюць добра, але ня ўсе ў курсе, што яны беларусы. Да таго як мы 19 гадоў таму стварылі наша таварыства, было моцнае польскае лобі, і ўсіх навукоўцаў, нават тых, якія ня бралі ўдзелу ў паўстаньні 1863 году (той жа Будзіловіч прыехаў у Сыбір значна пазьней), агулам залічвалі да палякаў. Я лічу, што гэта гістарычная несправядлівасьць і было б цудоўна, каб у Іркуцку даведаліся, што беларусы шануюць, ведаюць сваіх суродзічаў і ў тым жа Віцебску паставілі помнік Чэрскаму, бо ён зь Віцебшчыны. Дарэчы, калі яго злавілі, яму было ўсяго 18 гадоў, ён, можа, нават не пасьпеў зрабіць ніводнага стрэлу. Калі трапіў у палон да расейскіх войскаў, яго прывезьлі менавіта ў Віцебск, там трымалі пэўны час за кратамі. І ёсьць такія сьведчаньні, што на допыце ён з гонарам называў сябе „шляхцічам зь літвінаў“. Пра тое, што Чэрскі — знакаміты дасьледчык, геоляг, географ, ведаюць у Іркуцку ўсе. Але мала хто скажа, што ён беларус. І каб у самой Беларусі ўшанавалі памяць гэтага чалавека, сказалі, што ёсьць адметныя мясьціны, зь ім зьвязаныя, паставілі помнік, а ў доме, дзе жыла Маўра Чэрская, адкрылі б музэй, прысьвечаны дасьледчыкам Сыбіры, беларусам па паходжаньні, то была б карысная рэч і для саміх беларусаў, і для іркуцянаў, якія б маглі апэляваць да таго, што зроблена ў Беларусі».

Імя Чэрскага ўвекавечанае на краязнаўчым музэі ў Іркуцку
Імя Чэрскага ўвекавечанае на краязнаўчым музэі ў Іркуцку

Нараджэнец Віцебшчыны Ян Чэрскі — адзін з найвялікшых дасьледчыкаў свайго часу. Нарадзіўся ў 1845 годзе ў маёнтку Свольна Віцебскай губэрні. У ліку ўдзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863 году быў арыштаваны і сасланы ў Омск, а пасьля частковай рэабілітацыі пераехаў у Іркуцк, прысьвяціўшы сябе вывучэньню Байкала і яго навакольля. У чарговай экспэдыцыі цяжка захварэў, пахавалі яго на Калыме. Чэрскі несправядліва забыты ў Беларусі, затое ўвекавечаны ў назвах горных сыстэмаў, пікаў, перавалаў, далінаў, вульканаў і вуліц у гарадах. За ягоную этнічную прыналежнасьць вось ужо паўтара стагодзьдзя спрачаюцца палякі і расейцы, беларусы традыцыйна далучыліся апошнімі. На будынку музэю Байкала ў Ліствянцы палякі ўсталявалі мэмарыяльны знак у памяць пра «славутага земляка», расейцы перахрысьцілі яго ў «Ивана Дементьевича». У прывязцы да Беларусі імя Чэрскага носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

Від на Байкал і выток Ангары з «Каменя Чэрскага»
Від на Байкал і выток Ангары з «Каменя Чэрскага»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG