Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка прыняў намесьніка памочніка міністра абароны ЗША Майкла Карпэнтэра і выказаў пажаданьне, каб той пазытыў, які акрэсьліўся ў дачыненьнях Беларусі з Захадам, стаў «новым этапам у адносінах».

Пазытыў сапраўды заўважны, але найперш у стасунках Беларусі з ЭЗ. Брусэль адмяніў санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Менск наведваюць важныя эўрапейскія палітыкі.

А вось працэс размарожваньня адносін Беларусі са Злучанымі Штатамі ідзе ня так шпарка, як з ЭЗ. Надалей дзейнічаюць эканамічныя санкцыі ЗША адносна Беларусі — яны былі ўведзеныя ў 2007 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія суправаджаліся жорсткімі рэпрэсіямі супраць апазыцыі. Санкцыі тычацца ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. Працягае дзейнічаць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» — дакумэнт, на якім грунтуюцца гэтыя санкцыі. У кастрычніку 2015 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя.

Не адноўлена паўнавартасная дзейнасьць амбасадаў ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША. Пасьля канфлікту 2008 году, калі ўрады абедзьвюх краін адклікалі амбасадараў, захоўваецца дыпляматычны статус-кво.

Тое, што ЗША не сьпяшаюцца касаваць усе санкцыі, тлумачыцца пэўнай інэрцыяй амэрыканскай палітыкі, больш жорсткім стаўленьнем Вашынгтона да праблемы правоў чалавека.

У беларускай унутранай палітыцы, па вялікім рахунку, нічога не зьмянілася. Злучаныя Штаты могуць ісьці на кампрамісы з дыктатарскімі краінамі, пра што сьведчыць візыт Барака Абамы на Кубу. Але вялікай краіне такія крокі даюцца значна цяжэй. Да таго ж Беларусь у пэўным сэнсе знаходзіцца на пэрыфэрыі ўвагі замежнай палітыкі ЗША. Для ЭЗ Беларусь значна бліжэйшая, таму і ўвага да яе большая.

Тое, што кіраўнік Беларусі прыняў намесьніка памочніка міністра абароны ЗША Майкла Карпэнтэра, паказвае зацікаўленасьць беларускага кіраўніцтва ў тым, каб размарозіць адносіны з ЗША. Бо тая пасада, якую займае амэрыканскі чыноўнік, — не прэзыдэнцкага ўзроўню. У лютым 2015 году Лукашэнка таксама прымаў намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША Эрыка Рубіна.

Падчас сустрэчы з Карпэнтэрам Лукашэнка чарговым разам выказаўся пра важнасьць удзелу ЗША ў вырашэньні ўкраінскага крызісу.

«Калі Злучаныя Штаты захочуць заўтра спыніць вайну на ўсходзе Ўкраіны і зробяць некалькі крокаў у гэтым кірунку, гэтая мясарубка там будзе скончана», —

сказаў кіраўнік Беларусі. І няважна, ці насамрэч гэта так. Але за доўгія гады кіраваньня Лукашэнка навучыўся гаварыць гасьцям прыемнае. Асабліва такім магутным.

Зьвяртае на сябе ўвагу разьвіцьцё менавіта вайсковага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЗША. У сьнежні 2015 году дэлегацыі міністэрстваў абароны Беларусі і ЗША правялі кансультацыі. І вось прыезд у Менск амэрыканскай вайсковай дэлегацыі. 29 сакавіка памочнік міністра абароны ЗША Майкл Карпэнтэр правёў сустрэчу зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым. Бакі абмеркавалі абмен вайсковымі аташэ.

Варта нагадаць, што апошнія два гады, з пачаткам украінскага крызісу, беларускае кіраўніцтва значна большую ўвагу стала надаваць вытворчасьці ўласных узбраеньняў. Гэта адбываецца на тле таго, што Расея адмаўляецца пастаўляць Беларусі найноўшую зброю. Прычым у гэтым пляне Беларусь актыўна супрацоўнічае з Украінай, Кітаем і вось цяпер і з ЗША. Што наўрад ці выклікае вялікае захапленьне ў Масквы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG