Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады Беларусі і Расеі хочуць стварыць адзіную візавую прастору


Пра гэта заявіў 3 сакавіка ў Маскве прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пасьля пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы».

«Мы дамовіліся працягнуць працу па стварэньні адзінай візавай прасторы. У гэтых мэтах плянуецца падрыхтаваць пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў, выдадзеных грамадзянам замежных дзяржаў», — цытуе БЕЛТА Пуціна.

Беларусь і Расея падпісалі чатыры двухбаковыя дакумэнты. А менавіта:

• пагадненьне аб парадку ўзаемнага выкананьня судовых пастаноў па справах аб спагнаньні алімэнтаў;

• пагадненьне аб узаемным прызнаньні і парадку выкананьня рашэньняў аб адмове ва ўезьдзе на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц саюзнай дзяржавы;

• пагадненьне аб парадку абмену зьвесткамі пра грамадзян Беларусі і Расеі, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць абмежаваньні на выезд;

• пратакол аб унясеньні зьмяненьняў у пагадненьне аб забесьпячэньні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расеі на свабоду перамяшчэньня, выбар месца знаходжаньня і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц саюзнай дзяржавы ад 24 студзеня 2006 году.

У 2012 годзе каля двух дзясяткаў апазыцыйных палітыкаў, а таксама грамадзкіх дзеячоў і журналістаў у Беларусі былі ўключаныя ўладамі ў сьпіс невыязных. Сярод іх былі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» Станіслаў Шушкевіч, палітык Вінцук Вячорка, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна і іншыя. Некаторым зь іх, аднак, удавалася выехаць у Эўропу зь Беларусі праз расейскую мяжу.

Як можна ацаніць цяпер пэрспэктывы візавай супрацы паміж уладамі Беларусі і Расеі, тым больш што гэта адбываецца перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі?

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў: «Я думаю, гэта мела месца і раней, можа, ня так афіцыйна. То бок тут нічога новага няма. Але такія дамоўленасьці азначаюць яшчэ большае збліжэньне, яшчэ мацней зьліваемся ў хаўрусе. Вядома, ёсьць яшчэ больш сур’ёзныя крокі. Але гэта крок у тым жа кірунку, і мяне гэта вельмі засмучае. Значна больш сур’ёзным крокам было б, напрыклад, увядзеньне адзінай валюты. Але гэта таксама шлях у тым кірунку, і нічога добрага я ў гэтым ня бачу».

Карэспандэнт: «А чаму Лукашэнка цяпер ідзе на гэта?»

Фёдараў: «А Лукашэнку асабіста гэта нічым не замінае. І асноўнай масе грамадзянаў таксама. Адпаведна, гэта ніяк не паўплывае на ягоны рэйтынг".

Карэспандэнт: "А што да пагадненьня пра абмен зьвесткамі пра грамадзянаў, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць абмежаваньні на выезд?"

Фёдараў: "Я ня ведаю, як гэта будзе рэалізавана, але, можа, гэта будзе замінаць пэўнай частцы дэмакратычнага грамадзтва. Бо калі ў нас былі забароны на выезд пэўным сябрам апазыцыі, то некаторыя не маглі выехаць і праз Расею альбо вельмі хваляваліся.

На сёньняшні дзень я ня бачу ніякіх перашкодаў для выезду зь Беларусі, таму хвалявацца, што будзе забаронены выезд праз Расею, заўчасна. Безумоўна, нічога выключаць нельга, бо ў нашай дзяржаве ўсё можа быць. Але такой непасрэднай небясьпекі я ня бачу, тым больш перад выбарамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG