Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта: яшчэ не на дне


Сусьветныя цэны на нафту працягваюць падаць і гэты працэс, на думку аналітыкаў, бліжэйшыя месяцы ня спыніцца.

Цана нафты, якую здабываюць у Злучаных Штатах, зьнізілася падчас таргоў у панядзелак да 44 даляраў за барэль, да ўзроўню шасьцігадовай даўніны ў адказ на сьвежыя дадзеныя аб павышэньні вытворчасьці нафты ў ЗША. Некаторыя аналітыкі прадказваюць, што цэны могуць зваліцца да 30-35 даляраў за барэль ўжо ў бліжэйшыя месяцы.

Дадзеныя аб здабычы ў ЗША, падрыхтаваныя Фэдэральным рэзэрвам, якія зьявіліся ў панядзелак, чарговым разам зьдзівілі Ўол-стрыт. Як высьветлілася, нягледзячы на больш чым 50-працэнтнае падзеньне коштаў нафты з лета мінулага года, нягледзячы на вывад з эксплюатацыі немалога ліку буравых установак, амэрыканскія нафтавыя кампаніі працягваюць даставаць з нетраў ўсе большыя аб’ёмы нафты. Так званы індэкс здабычы павысіўся са студзеня на амаль палову працэнта, а за год — на 14 з паловай адсоткаў.

Самыя рэспэктабельныя аналітычныя цэнтры апынуліся няздольнымі ацаніць рэальны патэнцыял амэрыканскай нафтавай галіны, якая, апэратыўна разьвіўшы тэхналёгіі здабычы сланцавай нафты і газу, за пяць апошніх гадоў ператварылася ў процівагу АПЭК, збольшага дыктуе кошты энэргарэсурсаў. Амэрыканскія вытворцы павялічылі за гэты час вытворчасьць нафты на 4 з лішнім мільёны барэляў у дзень, больш, чым увесь астатні сьвет. У апошнія дні ў амэрыканскай прэсе, напрыклад, актыўна абмяркоўваецца вельмі рэдкі фэномэн: рэзэрвуары нафты ў ЗША запаўняюцца з пагрозьлівай хуткасьцю. Упершыню за 80 гадоў яны запоўненыя больш чым на 80 працэнтаў. Што адбудзецца, калі яны перапоўняцца? Ці прывядзе гэта да яшчэ больш рэзкага падзеньня коштаў нафты?

Спэцыялісты згаджаюцца, што крах нафтавых коштаў рана ці позна вымусіць амэрыканскія кампаніі лічыцца з рэальнасьцю, зьнізіць тэмпы здабычы, нерэнтабельныя вытворцы збанкрутуюць. Але далей пачынаюцца рознагалосьсі адносна таго, як нізка павінны ўпасьці цэны энэргарэсурсаў для таго, каб гэта адбылося.

«Так, мы ўбачым падзеньне вытворчасьці ў Злучаных Штатах, мы ўбачым падзеньне вытворчасьці ў іншых краінах, і ўздым цэнаў, але на гэта спатрэбіцца час, — кажа ў інтэрвію тэлекампаніі CNBC Амрыта Сен, аналітык фінансавай фірмы Energy Aspects. — Але яшчэ да гэтага мы станем сьведкамі далейшага падзеньня цэн нафты. Многія інвэстары, якія ўжо пачалі скупляць нафту ў разьліку на яе ўздым, будуць моцна расчараваныя, кінуцца яе прадаваць і гэта ўзмоцніць тэндэнцыю спаду. Акрамя гэтага, рэзкае ўмацаваньне даляра таксама спрыяе патаньненьню нафты».

Цана нафты ў бліжэйшыя два месяцы можа зваліцца да 35 даляраў, прагназуе Боб Іакіна, вядучы аналітык з фірмы Tethys Partners, якая займаецца гандлем энэргарэсурсамі. «Калі ўзяць пад увагу прапанову нафты, сытуацыю са сховішчамі, і высокі курс даляра, гэта, на наш погляд, абяцае значнае далейшае падзеньне нафтавых коштаў. Я думаю, што цана можа зьнізіцца да 35 даляраў і гэта будзе ніжэйшы пункт, які можа быць дасягнуты да траўня, пасьля чаго можна будзе чакаць невялікага ўздыму коштаў. Але ў агляднай будучыні вызначальным фактарам будзе зьяўляцца ўзровень вытворчасьці нафты. Пакуль ён не падае», — адзначае Боб Іакіна.

Большасьць спэцыялістаў сыходзіцца на тым, што кошт нафты ў бліжэйшыя месяцы будзе вагацца ў дыяпазоне ад 50 да 30 долараў. Сур’ёзна казаць пра сярэднетэрміновы, тым больш, доўгатэрміновы ўзровень коштаў не бярэцца ніхто. Занадта шмат дзейнічае непрадказальных фактараў. Саудаўская Арабія, якая ў мінулым у якасьці лідэра нафтавага картэля АПЭК брала на сябе ініцыятыву ў падтрыманьні цэн энэрганосьбітаў на стабільным узроўні, цяпер ўступіла ў супрацьстаяньне з амэрыканскай нафтавай індустрыяй, спрабуючы спустошыць амэрыканскіх здабытчыкаў сланцавай нафты, лічачы, што яны вырабляюць занадта дарагую нафту. Пераважная большасьць амэрыканскіх вытворцаў сьцьвярджае, што сабекошт іх нафты адчувальна ніжэй за сорак даляраў за барэль, іх кампаніі не адчуваюць недахопу ў фінансаваньні, і яны параўнальна бязбольна могуць перажыць адзін-два «худых» гады.

Словам, ідзе адкрытая вайна на выжываньне. У штомесячнай справаздачы АПЭК, якая зьявілася ў панядзелак, аналітыкі нафтавага картэля прыходзяць да высновы, што падзеньне вытворчасьці сланцавай нафты ў Злучаных Штатах можа адбыцца да канца гэтага года. На гэта амэрыканскія нафтавікі адказваюць, што яны распрацавалі тэхналёгіі, якія дазволяць ім хутка аднавіць здабычу ў выпадку павышэньня коштаў энэргарэсурсаў. Яны трымаюць свой порах сухім.

Між тым, сама АПЭК зьніжае прагнозы росту попыту на нафту. З гэтай справаздачы вынікае, што вытворчасьць нафты краінамі-членамі АПЭК ў лютым на 800 тысяч барэляў у дзень перавышала попыт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG