Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмяніла забарону на ўезд Ірыне Герашчанцы


Ірына Герашчанка, фота ©Shutterstock

Ірына Герашчанка, фота ©Shutterstock

Беларусь адмяніла забарону на ўезд на сваю тэрыторыю першаму намесьніку старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірыне Герашчанцы.

Герашчанка прадстаўляе Ўкраіну ў падгрупе па гуманітарных пытаньнях трохбаковай кантактнай групы, якая займаецца ўрэгуляваньнем сытуацыі на Данбасе. Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ад 16 траўня, які апублікавала Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook.

«Грамадзянка Ўкраіны Герашчанка Ірына Ўладзімераўна выключана са сьпісу асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы», — гаворыцца ў дакумэнце, адрасаваным консулу амбасады Ўкраіны ў Беларусі.

Аднак у беларускім МУС паведамілі, што Герашчанцы забаронены ўезд і знаходжаньне на тэрыторыі Расеі.

26 красавіка Герашчанку трымалі некалькі гадзін на беларускай мяжы. Спачатку ёй паведамілі, што ўезд у Беларусь забаронены «з ініцыятывы кампэтэнтных органаў Расейскай Фэдэрацыі».

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Канстанцін Елісееў заявіў, што ўкраінскі бок прыкладзе ўсе намаганьні, каб Беларусь дала Герашчанцы дазвол на неабмежаваны ўезд.

У гэты ж дзень Герашчанка паведаміла, што Беларусь дазволіла ёй уезд на сваю тэрыторыю да 25 траўня.

Раней Ірына Герашчанка напісала ў Фэйсбуку, што забарона на ўезд першаму віцэ-сьпікеру Вярхоўнай Рады, удзельніцы перамоваў па сытуацыі на Данбасе — «гэта грубае парушэньне пункту 12 менскіх пагадненьняў, які гарантуе бясьпеку перамоўнікам. Гэта сьвядомае нівэляваньне менскай пляцоўкі».

Спэцпрадстаўнік АБСЭ ў кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе Марцін Сайдзік выказаў спадзеў, што дазвол наведваць Беларусь для прадстаўніцы Ўкраіны Ірыны Герашчанкі будзе пастаянны.

Раней беларускія памежнікі паставілі народнаму дэпутату Ўкраіны Ігару Гузю штамп у пашпарт, што ён неўязны ў Рэспубліку Беларусь, і прымусілі пакінуць прапускны пункт.

XS
SM
MD
LG