Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Глобус: Для «Бярозкі» патрэбны Шумахер


Са студзеня 2015 году аднаўляе выхад беларускамоўны часопіс для дзяцей і падлеткаў «Бярозка». Празь недахоп фінансаваньня ў 2012 годзе выданьне «схавалася» пад вокладкай часопіса «Маладосьць», заняўшы апошнія яго старонкі.

Але такі фармат быў вельмі нязручны для чытачоў: каб чытаць аддадзеныя «Бярозцы» старонкі, яны мусілі падпісвацца на іншы часопіс — «Маладосьць». На думку рэдактара «Бярозкі» Генадзя Аўласенкі, «Бярозка» павінна быць асобным каляровым часопісам:

«Нібыта было два самастойныя часопісы пад адной вокладкай. Але зразумела, што для „Бярозкі“ гэта ня той варыянт, які патрэбны. Да таго ж — хто будзе выпісваць „Маладосьць“ для таго, каб пачытаць некалькі апошніх старонак „Бярозкі“? Мы цэлы год працавалі над тым, каб зьявілася магчымасьць аднавіць паўнавартасны выхад „Бярозкі“. І вось са студзеня 2015 году зноў будзе асобны часопіс».

Новая «Бярозка» стане выданьнем, якое дзеці ня толькі чытаюць, але і ствараюць:

«Мы ўвесь час друкуем дзіцячыя творы. І ў старой „Бярозцы“, і ў рубрыцы „Верасок“ супольнага з „Маладосьцю“ часопіса. Гэтая практыка пяройдзе і ў адноўленую „Бярозку“».

Генадзь Аўласенка назваў праблемы, якія стаяць перад рэдакцыяй беларускамоўнага дзіцячага выданьня: засільле рускамоўных часопісаў і электронныя прылады.

Старонкі пілётнага нумару «Бярозкі»

Старонкі пілётнага нумару «Бярозкі»

«Зразумела, што калі параўнаць сытуацыю цяпер і дзесяць гадоў таму, то цяпер дзеці больш прызвычаіліся да кампутараў і пляншэтаў, чым да кніг і часопісаў. Але разам з тым я лічу, што часопіс „Бярозка“ запатрабаваны сёньня ў Беларусі. Іншая праблема ў тым, што цяпер вельмі шмат расейскамоўных часопісаў, а беларускамоўнага няма. Атрымліваецца, што для маленькіх дзяцей ёсьць „Вясёлка“, але калі гэтыя беларускамоўныя дзеці падрастаюць, ім няма куды ісьці. Патрэбны часопіс, які б сустракаў дзяцей зь „Вясёлкі“ і даводзіў да „Маладосьці“».

Нягледзячы на тое, што цяпер фінансавыя цяжкасьці вырашаныя і часопіс можа выходзіць асобным выданьнем, «Бярозка» будзе моцна залежаць ад падпісчыкаў:

«Нам патрэбная падпіска. Мы зараз езьдзім па школах і бібліятэках Беларусі, працуем праз інтэрнэт і СМІ. Справа ў тым, што цяпер людзі ўжо мала ведаюць пра часопіс, бо ён быў схаваны ў „Маладосьці“. Таму трэба тлумачыць дзецям, бацькам, настаўнікам і бібліятэкарам, што будзе беларускамоўны часопіс. Мы ў жніўні нават выпусьцілі каляровы пілётны нумар, каб разаслаць яго па бібліятэках і аддзелах адукацыі. Наколькі ўдалай была наша праца, пакажа канец падпіскі. Мы вельмі спадзяёмся, што водгук будзе станоўчы».

Леанід Дранько-Майсюк

Леанід Дранько-Майсюк

Беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк у 1983 годзе надрукаваў у «Бярозцы» паэму «Кола» з уступным словам Міхася Стральцова. Літаратар лічыць, што часопіс «Бярозка» ня стане лішнім выданьнем у беларускім нацыянальным полі і дасьць творчы штуршок будучым паэтам і пісьменьнікам:

«Чым будзе больш беларускіх выданьняў, тым лепш. І часопіс „Бярозка“, які, дзякуй Богу, аднаўляецца, — гэта зусім ня лішняе выданьне ў нашым нацыянальным полі. Я проста радуюся, што часопіс „Бярозка“ аднаўляецца, і спадзяюся, што як некалі я друкаваўся ў той „Бярозцы“, у гэтай „Бярозцы“ будуць друкавацца тыя пісьменьнікі, чые творы патрэбныя нашай юнай публіцы».

Старонкі пілётнага нумару «Бярозкі»

Старонкі пілётнага нумару «Бярозкі»

Часопіс «Бярозка» выдаваўся са сьнежня 1924 году. Да верасьня 1929 году называўся «Беларускі піянэр», з кастрычніка 1929-га да красавіка 1941 году — «Іскры Ільіча». У вайну не выходзіў. З чэрвеня 1945 году стаў называцца «Бярозка».

Як ставіцца да аднаўленьня выхаду беларускамоўнага часопіса «Бярозка» Адам Глобус, лёс якога зьвязаны з гэтым папулярным раней выданьнем? Што трэба зрабіць для таго, каб часопіс меў вялікую аўдыторыю?

Адам Глобус

Адам Глобус

— Я за тое, каб у нашых школьнікаў было больш часопісаў. І тое, што ў Алеся Бадака і гэтых людзей, якія рабілі «Маладосьць», «Полымя», знайшліся сілы аднавіць гэты часопіс, — я за гэта вельмі рады. Адзінае, што пра зьмест цяжка казаць, які ён будзе. Ясна, што ён ня будзе такі, як рабіў Уладзімер Дубоўка ці Вячаслаў Адамчык. А такі, як Уладзімер Ягоўдзік рабіў, я думаю, што будзе. Можа, нават лепшы.

— Якая мэта павінна быць у гэтага часопіса, што ён павінен несьці?

— Ён павінен быць запатрабаваны школьнікамі. Раней гэта быў як піянэрскі часопіс. На сёньняшні дзень трэба браць шырэй, трэба арыентавацца на школьнікаў: умоўна кажучы — зь пятай па восьмую клясу. Гэта людзі, якія больш за ўсё чытаюць насамрэч. Гэта вельмі ўдзячная аўдыторыя, і калі ў яе трапіць, то ёсьць пэрспэктыва. А якія цяпер нашы школьнікі маюць часопісы? Я ня ведаю ніякіх. І ясна, калі на гэты рынак выйдзе часопіс для школьніка, які будзе выконваць там функцыю «Юнага натураліста», «Юнага тэхніка», «Юнага мастака», тады ён зойме сваю нішу. Тое, што школы абавяжуць падпісвацца, — таксама нармальна. Ня кожны школьнік мае сродкі, каб атрымаць часопіс. Тым больш што раней ці пазьней гэта ўсё роўна зьліецца ў электронныя вэрсіі. І нам трэба падрыхтаваць такія часопісы для школьніка, якія б былі ў электронных кніжках. Я не прыхільнік таленту Ліпскага, але ў яго заўсёды хапала імпэту, і «Вясёлка» выходзіла. І малодшыя школьнікі мелі гэтую «Вясёлку». А зь «Бярозкай» скончылася фінансаваньне, і ніхто ня мог дайсьці да гэтай дзяржавы і выпрасіць фінансаваньне. Цяпер вось выпрасілі.

— Спачатку «Бярозку» зачынілі, схавалі ў «Маладосьці» — нейкая непасьлядоўнасьць...

— Наадварот, пасьлядоўнасьць, каб захаваць часопіс ці газэту. Тую ж «Чырвонку» захоўваюць, яна і выходзіць у холдынгу «Звязда» ў нейкім такім скарочаным варыянце. Калі гэта можна зноў разгарнуць, зноў вырошчваць і знайшлі фінансаваньне — дык гэта добра, я лічу. А што, трэба было закрыць, як закрылі «Крыніцу», і выкінуць на сьметнік? Як Уладзімер Някляеў давёў часопіс, які выходзіў паўмільённым накладам, да дзьвюх тысяч? А потым выкінуў на сьметнік? Вось гэта варыянт?! Я лічу, што гэта не варыянт. У нас ёсьць адмоўныя прыклады. Выходзіў часопіс «Парус» мільённым накладам, а потым прыйшлі Гаўроны і зь імі іх каманда, і проста гэта стапталася ў нішто. Вось гэта кепскі варыянт. А тое, што нехта захоўваў, хаця б у такім скарочаным варыянце, — я за тое, каб захоўвалася. Кепска, калі, напрыклад, Аляксандар Фядута, будучы ў ЦК, забраў усю нашу паперу зь «Бярозкі» — вось гэта было кепска. Таму што мы ня ведалі, як падпісчыкам у вочы глядзець, калі проста абкрадаліся дзеці. Вось гэта была праблема. А тут жа ніхто дзяцей не падманваў. Таму я лічу, што гэта быў станоўчы варыянт. Нехта, хто не працаваў у часопісе і не працаваў зь дзяржаўным фінансаваньнем, можа лічыць інакш. Але тут варыянтаў ня многа.

— Цяпер пытаньне, як напоўніць гэты часопіс. Адам Глобус будзе пісаць для «Бярозкі»?

Калі б запрасілі, я б нават галоўным рэдактарам пагадзіўся пайсьці… Ведаю, як гэта робіцца, і здатны зрабіць паўмільённы наклад для часопіса

— Калі запросяць. Бо ў мяне апошні раз была вельмі канфліктная сытуацыя з «Маладосьцю». Па замове Анатоля Казлова я падрыхтаваў бацькавы лісты. Калі ён быў малады, жыў у Маскве, вучыўся ў Літінстытуце, ён кожны дзень пісаў мне і маці лісты. І па замове Анатоля Казлова я для «Маладосьці» падрыхтаваў цэлую падборку на 50 старонак гэтых лістоў. А мне сказалі, што гэта не цікава для сучаснай «Маладосьці». Таму я ня ведаю, у «Бярозку» мяне ніхто не запрашаў. Калі б запрасілі, я б нават галоўным рэдактарам пагадзіўся пайсьці. Тым больш што я працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара ў часопісе «Бярозка». І ведаю, як гэта робіцца, і здатны зрабіць сапраўды паўмільённы наклад для часопіса. Гэта ня цяжка.

— А як гэта ня цяжка, як гэта зрабіць?

— Спачатку мне заплаціце, а потым я гэта зраблю. Я ўжо адзін раз зрабіў. Мяне папрасілі зрабіць канструкцыю холдынгу. А потым да мяне прыходзяць людзі зь дзяржаўных структур і кажуць: а чаго холдынг не працуе? Мы ж усё зрабілі, як ты сказаў. Я кажу: паслухайце, я зрабіў машыну, якая павінна езьдзіць. А яшчэ да машыны, каб яна хутка езьдзіла і перамагала, патрэбны Шумахер, А вы пасадзілі нейкага калдыра за стырно. Без Шумахера ня будзе нічога. Павінен быць яшчэ і адпаведны кіроўца. І таму, вядома, тут справа ня ў тым, што аднаўляюць саму машыну. Машына — добра, гэта толькі палова справы. Справа ў тым, хто зараз сядзе за стырно гэтай машыны. І ці ня ўедзе яна адразу ў дрэва. А выглядае на тое, што пасадзяць чалавека, які ня мае вопыту. Зрэшты, паглядзім. Машына — гэта добра, што яны зрабілі рэдакцыю, што аднавілі, што знайшлі фінансаваньне. Зараз паглядзім, каго прызначаць.

Старонкі пілётнага нумару «Бярозкі»

Старонкі пілётнага нумару «Бярозкі»

— Як вядома, рэдактар новай «Бярозкі» — Генадзь Аўласенка.

— Я ня ведаю такога. Я ня ведаю, што ён напісаў для дзяцей, чаму ён папулярны сярод школьнікаў. Ня ведаю, ці вывучаюць яго творчасьць у школе. Пры ўсім пры тым, калі ўзначальваў Васіль Вітка дзіцячы часопіс, то ўсе ведалі, што Вітку ў школе вывучаюць. Калі там некага іншага прызначалі на «Бярозку», таго ж Вячаслава Адамчыка, то ён быў у школьнай праграме. Як я, дарэчы, ёсьць яшчэ ў школьнай праграме. То бок шафёр — гэта аснова. Машына можа быць самая выдатная, Rolls-Royce, фінансаваньне і паліва ў яе ёсьць. Але не паедзе, бо асноўнае тут — галоўны рэдактар. Я сапраўды перажываю за свой часопіс. Мы столькі жыцьця паклалі на гэты часопіс. Мы зрабілі, і тады ў нас наклад быў 50 тысяч асобнікаў.

— Гэта такі падыход цяпер да дзіцячага часопіса, што дзіцячы — і, маўляў, яго можа рабіць кожны. Але павінен быць іншы падыход.

— Я таксама так лічу, што іншы, што аўтарытэтны павінен быць чалавек. Бо тая ж рэдактарка «Маладосьці» проста ня ведае беларускай літаратуры. Ня ведае традыцыі нашага часопіса «Маладосьць». А для яе ўсё зроблена — і падпіска ў школе, усё. Яна, можа, надзейная для ўлады, але гэтага мала, каб рабіць часопіс. Быць надзейным чалавекам — гэтага мала, каб зрабіць добры часопіс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG