Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыплямаваны баран і кот Вэрмут на дзіцячай «Мове нанова»


Штонядзелі дзеткі 3–7 гадоў зьбіраюцца ў галерэі «Ў» і, седзячы на руках у татаў і мамаў, разам зь імі вучаць беларускую мову.

«Мы сюды прыйшлі сьмяяцца, забаўляцца, выдурняцца, песьні звонкія сьпяваць, маляваць ды майстраваць, прамаўляць ды выдумляць, навучацца, навучаць, і ад гэтае пары назаўсёды мы сябры», — такім вершам пачынае заняткі «Мова нанова» выкладчыца Алена Церашкова разам са сваімі маленькімі вучнямі і іх бацькамі.

Алена Церашкова
Алена Церашкова

Штонядзелі дзеткі 3–7 гадоў зьбіраюцца ў галерэі «Ў» і, седзячы на руках у татаў і мамаў, разам зь імі вучаць беларускую мову.

Злая сабака ці злы сабака?

Тэма заняткаў — свойскія жывёлы. Дзеці разам з бацькамі хорам паўтараюць вывучаныя дома назвы: кот — котка — кацяня, конь — кабыла — жарабя.

Але калі выкладчыца кагосьці пэрсанальна просіць назваць жывёлу, дзеці пачынаюць блытацца: замест «парсюк» кажуць «сьвін», замест «авечка» — «овца», замест «качка» — «утка». Затое на пытаньне: «Як правільна сказаць — злы сабака ці злая сабака?», усе хорам адказваюць без памылкі.

Курсы «Мова нанова» для дзетак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:47 0:00
Наўпроставы лінк

Мама 6-гадовага Івана кажа, што памылкі ў беларускіх выразах заканамерныя: дзецям няма дзе чуць беларускую мову, а самі бацькі і хацелі б падаць прыклад, ды ня могуць, бо існуе псыхалягічны моўны бар’ер:

«Мы па-расейску дома гаворым. Вельмі не хапае беларускай мовы. Мы жывем у Беларусі і хочам, каб мовы было больш. Але размаўляць вельмі цяжка, хоць і хочацца. Дый няма з кім. Мы з мужам у школе вучылі беларускую мову, разуменьне, вядома, ёсьць, але і моўны бар’ер таксама існуе, каб пачаць размаўляць. Вось вырашыла сына Івана прывесьці сюды, каб хоць трошкі ён акунуўся ў гэтую атмасфэру, бо няма яе нідзе: ні ў садку, ні ў школе. Пакуль для яго беларуская мова — гэта як сувэнір. Але мы ўсе спадзяёмся, што нешта ў нас зьменіцца і тады беларуская мова стане запатрабаванай».

Выкладчыца Алена Церашкова кажа, што ня варта перажываць, што дзеці спачатку ўзгадваюць расейскую назву, а пасьля толькі пачынаюць думаць, як гэта будзе па-беларуску:

«Гэта ня трэба выпраўляць. З гэтым трэба працаваць. Вельмі добра, што дзеці валодаюць расейскай мовай. Але я спадзяюся, што беларуская мова стане для іх таксама мовай выбару. Нішто не прападае марна. І тое, што бацькі іх сюды прывялі, значыць, што дома зьявяцца беларускія кніжкі і мульцікі. Мы такім чынам закладаем глебу, каб гэтыя дзеці прыйшлі да мовы асэнсавана ў падлеткавым узросьце, каб у іх не было алергіі на мову, прышчэпленай нядобрасумленнымі людзьмі. Мы закладаем беларускасьць як сьвята, каб дзеці далучыліся да нас у той момант, калі паўстане маральны выбар».

Дзецям падабаецца жывёльная тэматыка. Адна з удзельніц сьпявае песьню «Як служыў жа я ў пана», гурба малечы дэманструе куру, качку, гусачку, індыка, іншых жывёлак. Усе сьмяюцца і танцуюць.

Маці чатырох беларускамоўных дзяцей Алена Церашкова ўвогуле імкнецца спалучаць навучаньне беларускай мове зь фізычнай актыўнасьцю. Яна прапануе дзеткам паказаць, то як хамяк набівае шчокі, то як кот дзярэ шпалеры.

Таты, мамы і дыплямаваны баран

Каб бацькі не сумавалі, выкладчыца дае заданьні і ім. Напрыклад, па чарзе ўзнавіць байку Кандрата Крапівы «Дыплямаваны баран». І хоць большасьць прысутных — маладыя бацькі, якія б мусілі памятаць хрэстаматыйныя вершаваныя радкі са школы, большасьць адмоўна хітае галавой, калі да іх падносяць мікрафон. У выніку байку расказваюць толькі некалькі татаў-мамаў.

«Добра, што бацькі і дзеці пабачылі бацькоў, якія могуць расказаць байку па-беларуску. Паказалі кляс асобныя бацькі, і гэта будзе нейкай плянкай. Гэта знак, што людзі розныя і некаторыя людзі робяць нешта крута, што ў прынцыпе можна крута зрабіць і самому. Калі дзеці сустрэнуць гэтую байку ў школьнай праграме, то як мінімум успомняць гэты эпізод з курсаў і захочуць вывучыць яе так, каб пасьля не было сорамна перад сваімі дзеткамі», — кажа выкладчыца Алена Церашкова.

Адзін з тых, хто «паказаў кляс» — Зьміцер, тата 5-гадовай дзяўчынкі. Ён добра гаворыць па-беларуску і кажа, што прывучае да гэтага і сваю дачку:

«Сюды прыйшлі, бо трэба займаць дзіцё. Навошта беларуская мова? Ну, каб дачка да школы яе вывучала. Я сам з дачкой таксама па-беларуску размаўляю. Езьдзім на вёску, там з бабуляй таксама па-беларуску размаўляем. Праўда, бабуля трохі на трасянцы размаўляе, але нічога. Мы ж беларусы, павінна размаўляць і ведаць сваю мову. А яшчэ мне вельмі сумна стала. Я завёў у дзіцячы садок сваю дачку, і там мне далі анкету, дзе было пытаньне, ці жадаюць бацькі, каб была беларускамоўная група. Чамусьці ўсе бацькі напісалі „Не“. Мне так сорамна стала і крыўдна. Нават раззлаваўся. Напэўна, не дарасьлі мы яшчэ, каб усьведамляць, што дзеці павінны ведаць і ангельскую, і расейскую, і беларускую мовы. Але цяпер беларуская мова нібыта ўваходзіць у моду, шмат рэклямы ідзе па-беларуску. Хай яно так і будзе».

Кот Вэрмут і сабака Вова

Адным з творчых заданьняў, якія, дарэчы выдаюцца ў раздрукаваным выглядзе кожнаму вучню на спэцыяльных пляншэтах, было прыдумляньне жывёлам мянушак, якія пачынаюцца на пэўную літару. На трэціх занятках працавалі зь літарай В. Калі пачалі агучваць вынікі працы, то дарослыя не маглі стрымаць сьмеху:

Сабака — Вова, Воўк, Велікан, Вася, Верны, Водар; кот — Віця, Вэрмут, Вінцук, Васілёк, Васька; вавёрка — Вясёлка, Ванілін, Валя.

«Паводле папулярнасьці, самая папулярная мянушка ката — гэта Васька. Але за арыгінальнасьць я б адзначыла дзіцёнка, які прапанаваў назваць ката Вэрмутам. Вельмі цікава», — кажа Алена Церашкова.

У канцы заняткаў дзеткі атрымалі новыя заданьні па іншай тэме — «Твар чалавека». Той хто выканае і дашле на электронную скрыню, атрымае падарунак.

«Да нас ідуць расейскамоўныя сем’і»

Выкладчыца курсаў «Мова нанова» для дарослых Алеся Ліцьвіноўская сочыць за тым, як праходзяць заняткі для малечы. Яна адзначае, што збольшага зьбіраюцца расейскамоўныя сем’і і фактычна бацькі вучацца разам са сваімі малымі:

«Гэтыя бацькі ў свой час, хоць і не авалодалі мовай зь нейкіх прычынаў, але цудоўна разумеюць, што мова і культура — гэта вельмі важны складнік любой нацыі. І дзеткі, якія вакол сябе чуюць пераважна расейскую мову, у тым ліку ў сем’ях, пазбаўленыя магчымасьці спасьцігнуць беларускую культуру. Мы мусім вельмі цаніць памкненьне бацькоў да нацыянальнага. Адметнасьць гэтых курсаў у тым, што амаль усе бацькі — расейскамоўныя. Тут няма прадстаўнікоў беларускай эліты ці апазыцыі. Тут звычайныя сем’і».

Выкладчыца кажа, што, нягледзячы на досыць вялікі асартымэнт курсаў беларускай мовы, ёсьць вялікі прабел што да адукацыі маленькіх дзяцей — не хапае беларускіх кніжак, размалёвак, гульняў, мульцікаў.

«Трэба запаўняць гэтую нішу. Бо калі гэтага ня робім мы, гэта зробяць расейскія кнігі і мультфільмы. Адчыніўшы курсы для дзетак, мы сутыкнуліся з новым выпрабаваньнем. Цяпер бацькі пытаюцца: а што рабіць школьнікам, малодшым школьнікам? Школа абсалютна абеларуская, не дае магчымасьці нармальна вывучаць мову, не дае асяродзьдзя. Мы ня можам гэта вырашыць адразу, але будзем спрабаваць рухацца ў гэтым напрамку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG