Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяроза. Журналістку Тамару Шчапёткіну аштрафавалі на 4,5 мільёна


Тамара Шчапёткіна

Тамара Шчапёткіна

Бярозаўскі раённы суд аштрафаваў незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну на 30 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў) за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

Судзьдзя Натальля Вакульчык палічыла журналістку-фрылансэрку вінаватай у парушэньні закону. Яна прыняла да ўвагі і тое, што Тамары Шчапёткінай раней ужо выносілі папярэджаньне за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі.

Тамара Шчапёткіна: «Я не адмовілася ў судзе, што брала інтэрвію ў загадчыка аптэкі. Ён сказаў у судзе, што я не нанесла гэтым ніякай шкоды. Міліцыянт ня мог адказаць на маё пытаньне, ці маю я права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Я задавала яму пытаньне, якую шкоду я нанесла, што трэба было тэрмінова заводзіць на мяне адміністрацыйную справу. Ён нічога ня мог сказаць на гэта, толькі казаў увесь час, што я, маўляў, працую без акрэдытацыі».

Матэрыялы, за якія судзілі Тамару Шчапёткіну, былі апублікаваныя на «Радыё Рацыя». Гэта былі інтэрвію з загадчыкам аптэкі ды дырэктарам школы. Пасьля публікацыяў да гэтых людзей прыйшлі міліцыянты і спыталі, хто браў у іх інтэрвію. Потым міліцыянты выклікалі Тамару Шчапёткіну і склалі на яе адміністрацыйны пратакол.

«Усё было загадзя падрыхтавана, адчуваецца рука „канторы“. Яны яшчэ раз паказалі, што нашая краіна жыве пры дыктатуры, што няма тут свабоды слова, і што зьменаў у Беларусі да лепшага абсалютна ніякіх няма,» — кажа незалежная журналістка.

Тамара Шчапёткіна плянуе абскарджваць прысуд, мяркуе дайсьці і да Камітэту па правах чалавека ААН:

«Парушаныя мае правы — ня толькі як журналіста-фрылансэра, але як і грамадзяніна, які можа зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG