Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі пра Эўрапейскія гульні ў Баку: «Ад такога спорту сьмярдзіць»


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Сёньня ў Баку пройдзе цырымонія адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў. Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (МФПЧ) заклікала лідэраў эўрапейскіх краінаў абумовіць свой удзел у цырымоніі адкрыцьця гульняў вызваленьнем палітычных зьняволеных і актывістаў, якія чакаюць судовага працэсу паводле сфабрыкаваных абвінавачаньняў.

Арганізацыя нагадвае, што за апошні год паводле сфабрыкаваных абвінавачаньняў вялікія тэрміны турэмнага зьняволеньня ў Азэрбайджане атрымалі шэраг праваабаронцаў, журналістаў (сярод якіх супрацоўніца Радыё Свабода Хадзіджа Ісмаілава) і грамадзкіх актывістаў.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі зазначыў у інтэрвію Свабодзе, што праваабаронцы ня маюць дастаткова рычагоў уплыву на чыноўнікаў ад спорту, якія кіруюцца карпаратыўнымі інтарэсамі і ласыя на грошы і льготныя ўмовы правядзеньня спартовых падзеяў у праблемных краінах.

— Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека заклікала лідэраў эўрапейскіх краін абумовіць свой удзел у цырымоніі адкрыцьця Першых эўрапейскіх гульняў у Баку вызваленьнем палітычных зьняволеных у Азэрбайджане. Ці ёсьць вынікі гэтай кампаніі? Ці быў пачуты ваш заклік?

— Дакладна можна будзе сказаць толькі пасьля цырымоніі адкрыцьця і пачатку гульняў. Але ўжо па тым, што туды едуць Аляксандар Рыгоравіч і Ўладзімер Уладзімеравіч, бачна, што кампанія падбярэцца адпаведная. Я думаю, што лідэры дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаў наўрад ці возьмуць удзел у адкрыцьці гэтых гульняў. А калі такое і адбудзецца, то гэта будзе абумоўлена пэўнымі абмежаваньнямі ў кантактах. Паглядзім. Тут разгортваецца палітычная інтрыга. І гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што вялікія спартовыя мерапрыемствы шчыльна зьвязаныя з грамадзка-палітычнай сытуацыяй, у якой яны адбываюцца.

— Летась швэдзкая праваабарончая арганізацыя «Östgruppen» заклікала ня ўдзельнічаць у чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Беларусі. Іхні заклік гучаў так — «Не гуляйце з дыктатарам». Разам з тым хакейныя каманды прыехалі ў Беларусь, чэмпіянат прайшоў гладка...

— У Азэрбайджан спартоўцы таксама едуць, будуць каманды фактычна з усіх эўрапейскіх краін. Хоць у нас, у межах Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, былі заклікі і да спартоўцаў. Прынамсі, мы інфармавалі спартоўцаў пра стан з правамі чалавека і дэмакратыяй у Азэрбайджане, каб яны хаця б ведалі, куды едуць.

— Чым падобныя сытуацыі ў Беларусі і Азэрбайджане?

— У гэтых краінах адбудаваныя падобныя аўтарытарныя рэжымы, якія моцна абмяжоўваюць грамадзянскія, палітычныя і іншыя правы грамадзянаў. Улада ў Беларусі і Азэрбайджане набліжаецца да абсалютнай, калі парушаюцца міжнародныя пагадненьні і Канстытуцыі. У абедзьвюх краінах ёсьць палітычныя вязьні. Паводле падлікаў міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у Азэрбайджане колькасьць палітвязьняў вагаецца ў раёне 100 чалавек. Пастаянна кагосьці выпускаюць, але і саджаюць таксама. Грамадзтва тэрарызуецца, трымаецца ў пастаянным напружаньні, што спараджае высокі ўзровень страху. Сотні і тысячы грамадзкіх актывістаў былі вымушаныя выехаць з Азэрбайджану, ратуючыся ад рэпрэсіяў. Узровень кантролю над грамадзтвамі вельмі падобны ў Беларусі і Азэрбайджане.

Паводле падлікаў міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у Азэрбайджане колькасьць палітвязьняў вагаецца ў раёне 100 чалавек

— Выходзіць, што міжнародная спартовая супольнасьць заплюшчвае вочы на ўсе гэтыя факты, тлумачачы гэта тым, што спорт нібыта па-за палітыкай. Але менавіта гэтым ігнараваньнем вельмі моцна спрычыняецца да палітыкі, бо дапамагае ўладам аўтарытарных краінаў палепшыць свой імідж?

— Гэта праблема. Я і іншыя прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека ў сваіх выступах заўсёды крытыкуем чыноўнікаў ад спорту, якія свае карпаратыўныя інтарэсы ставяць вышэй за ўсё. І мы ведаем, да чаго гэты прыводзіць. Азэрбайджан, у адрозьненьне ад Беларусі, нашмат багацейшая краіна, у прэзыдэнта Аліева шмат нафтадаляраў, і ён дазваляе сабе праводзіць вельмі дарагія мерапрыемствы, якія ня кожная эўрапейская краіна можа сабе дазволіць. Я лічу, што гэта карупцыя на ўзроўні спартовых карпарацыяў, якім прапаноўваюцца льготныя ўмовы для правядзеньня сваіх мерапрыемстваў у краінах з праблемамі. Вось што мы маем у Азэрбайджане. Гэта краіна з кепскім іміджам, краіна, якую пастаянна крытыкуюць за парушэньні правоў чалавека. Азэрбайджан падкупляе спартовыя карпарацыі на выгадных умовах. Таму, вядома, гэта ўжо ня чысты спорт, ад гэтага спорту ўжо сьмярдзіць.

— Чаму байкот у спорце рэдка спрацоўвае? Спорт — тое, што цікавіць усіх. Калі б на гульні не прыехалі каманды, гэта б уразіла. Чаму гэтага не адбываецца?

— Тым ня менш такія выпадкі мы памятаем — Алімпіяда 1980 году, якая праводзілася ў СССР пасьля таго, як адбылася агрэсія ў дачыненьні да Аўганістану. Тады якраз багата камандаў не ўзялі ўдзел у спаборніцтвах, з-за чаго гульні былі змазаныя. Чаму гэта спрацоўвае ня кожны раз? Пытаньне да нас. Трэба больш актыўна і жорстка ўплываць на спартовыя мерапрыемствы, якія маюць міжнародны рэзананс, і дамагацца большай чысьціні ў спорце. Калі трэба, то ўвогуле патрабаваць не праводзіць такія мерапрыемствы ў краінах з такімі значнымі парушэньнямі правоў чалавека.

Марцін Угла: «Улады ў таталітарных краінах імкнуцца палепшыць свой імідж за кошт спорту»

Тым часам кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі «Östgruppen» Марцін Угла, які летась змагаўся за адмену чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі, заявіў Свабодзе, што спартовыя арганізацыі «ня хочуць кранаць казытлівую тэму правоў чалавека і ім прасьцей рабіць выгляд, што спорт па-за палітыкай»:

Марцін Угла

Марцін Угла

«Спартовыя арганізацыя прымаюць рашэньні самастойна. Таму, нават калі палітыкі выступаюць за байкот, спартовыя арганізацыі ўспрымаюць гэта толькі як рэкамэндацыю. Летась мы заклікалі сваіх палітыкаў, каб яны ня ехалі ў Беларусь і не прысутнічалі на цырымоніях. Тут якраз можна дасягнуць пэўных вынікаў. Але што да спартовых арганізацыяў, то яны заўсёды падкрэсьліваюць сваё імкненьне быць па-за палітыкай. Яны не разумеюць самога факту, што такія краіны, як Беларусь, Расея, Азэрбайджан імкнуцца карыстацца такімі мерапрыемствамі ў сваіх палітычных мэтах. Не разумеюць — альбо проста ня хочуць кранаць гэтую даволі казытлівую тэму.

Таксама ёсьць тэндэнцыя, што краіны з аўтарытарнымі рэжымамі рэгулярна выйграюць тэндэры на правядзеньне мерапрыемстваў. Прычына ў тым, што такія краіны маюць сродкі на арганізацыю кампаніяў, і кіраўніцтву ня трэба ўзгадняць выдаткі з народам. А для міжнароднай спартовай супольнасьці таксама выгодна, каб кампаніі былі прыгожыя і багатыя. Ну, і зразумела, што ўлады ў таталітарных краінах імкнуцца павысіць свой імідж за кошт удала праведзеных спартовых кампаніяў. Нават калі ў сьвеце праз два тыдні ўжо ніхто не згадае, дзе і як прайшоў чэмпіянат, кіраўніцтва краіны яшчэ вельмі доўга будзе выкарыстоўваць яго для прапаганды».

XS
SM
MD
LG