Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук: У кожнай другой сям’і — патэнцыйныя чытачы «турэмнай» літаратуры


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

10 сьнежня а 18-й гадзіне ў менскай сядзібе Партыі БНФ адбудзецца цырымонія ўганараваньня ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зьняволеньні.

Сярод намінантаў сёлетняй прэміі: Наста Азарка, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Буд-Гусаім, Зьміцер Дашкевіч, Ігар Міхнавец, Фелікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп.

На пытаньні пра мэханізм адбору ляўрэатаў прэміі, пра турму як літаратурны штуршок і пра значнасьць кніг, напісаных у зьняволеньні адказаў дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

— Прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы турэмны твор будзе ўручацца ў другі раз. У 2013 годзе ўдзельнічала шмат твораў, напісаных падчас адседак за Плошчу 2010 году. А ў чым адметнасьць сёлетняга конкурсу?

— Другі раз шмат у чым звычайна не такі цікавы, як першы, — быццам зьнікае навізна. Але прэмія Аляхновіча для мяне, напрыклад, абсалютна ня мае ніякай дэвальвацыі. Зь вельмі простай і падставовай прычыны — каштоўнасьці свабоды ў гісторыі чалавецтва ніколі не абясцэньваюцца.

— Распавядзіце пра мэханізм конкурсу. Хто можа ўдзельнічаць? Хто фармуе шорт-ліст і абірае пераможцу?

— Творы прыслалі ўсе, хто хацеў, а таксама частку твораў намінавалі сябры ПЭН-цэнтра і журналісты Свабоды. Некаторыя творы былі намінаваныя некалькі разоў. Сёлета большую частку адборачнай працы рабілі журналісты Свабоды ў Празе, з удзелам сяброў ПЭН-цэнтру. У гэтай прэміі няма пераможцы — ёсьць ляўрэаты. Я вельмі спадзяюся, што ўвага да іх твораў прыцягне ўвагу чытачоў да самой праблемы «турэмнай» літаратуры ў Беларусі.

— Якая роля «турэмнай» літаратуры ў сучасным грамадзтве. Ці цікавыя такія творы людзям, якія ніколі не былі ў зьняволеньні? І навошта папулярызаваць турэмныя творы (у тым ліку і праз прэмію імя Францішка Аляхновіча)?

— У Беларусі кожная другая сям’я (я маю на ўвазе больш шырокае кола сваякоў, стрыечных і г. д., — тых, напрыклад, каго запрашаюць на вясельлі ці пахаваньні) мае каго-небудзь, хто сутыкаўся з судовай сыстэмай, быў пакараны, адбываў тэрмін за кратамі. Гэта — патэнцыйна аўдыторыя твораў «турэмнай» літаратуры. Але ня толькі, канечне. Напрыклад, кніга прафэсара Бандажэўскага «Турма і здароўе» аказалася карыснай ня толькі зэкам, але і лекарам, і спартсмэнам.

— Дзякуючы адседкам, у беларускім літаратурным працэсе зьяўляюцца новыя імёны. І калі творы «з-за кратаў», напісаныя Фядутам ці Бяляцкім, выглядаюць чаканымі, то зборнік апавяданьняў «Чарвяк» Зьмітра Дашкевіча ці дакумэнтальную аповесьць «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча можна лічыць літаратурнымі адкрыцьцямі. Ці магчыма, што турма становіцца творчым штуршком для людзей, якія раней не былі зьвязаныя з мастацтвам?

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

— У аповесьці Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» ёсьць кранальныя словы салідарнасьці з Аляксандрам Фядутам, якога на 55 дзён закрылі ў адзіночцы. Аліневіч назваў гэта найгоршым выпрабаваньнем. Як прызнаецца сам Фядута, ён ня стаў бы пісаць «Мой маленькі Парыж», калі б не адзіночка. Звычайна ўсё ж пішуць тыя, хто пісаў і раней. Не маглі не напісаць бліскучая Ірына Халіп, упарты Павал Севярынец, грунтоўны Алесь Бяляцкі. Увогуле, задача інтэлігентнага чалавека ў нялюдзкай сытуацыі дапамагаць, чым можаш, іншым заставацца людзьмі. Кніга — найлепшы спосаб гэта зрабіць у сёньняшняй Беларусі.

Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і Радыё Свабода. Тэматыка твораў, якія могуць прэтэндаваць на прэмію, ніякімі патрабаваньнямі не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, як апублікаваныя, гэтак і ў рукапісах, створаныя ў зьняволеньні і дасланыя на працягу году. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры ПЭН-Цэнтру.

Журы традыцыйна вызначае пераможцу і абвяшчае вынікі 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG