Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК: «дэкрэт пра дармаедаў» парушае Канстытуцыю, Лукашэнка перавысіў свае паўнамоцтвы


Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся да беларускіх заканадаўцаў з заклікам адмяніць дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» — так званы «дэкрэт пра дармаедаў». Пра гэта паведамляе сайт БХК.

Праваабаронцы прыводзяць 7 аргумэнтаў, чаму варта прызнаць, што дэкрэт парушае Канстытуцыю і міжнародныя дамовы краіны, ды адмяніць яго. Сярод парушэньняў — ня толькі новая форма прымусовай працы, але і замах на права і абавязак грамадзян выхоўваць дзяцей і клапаціцца аб састарэлых бацьках, сур’ёзныя абмежаваньні на абарону пэрсанальных дадзеных і прыватнага жыцьця і перавышэньне паўнамоцтваў з боку прэзыдэнта.

Аргумэнтаваўшы неканстытуцыйнасьць дэкрэта «аб дармаедзтве», у сваім звароце ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі БХК просіць адмяніць дэкрэт або накіраваць яго ў Канстытуцыйны суд для дачы заключэньня пра адпаведнасьць гэтага акта Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Беларусьсю.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» 2 красавіка. Дакумэнт уступае ў сілу пасьля афіцыйнай публікацыі і будзе тычыцца тых, хто не працуе з 1 студзеня гэтага году.

Паводле дэкрэту грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, якія стала пражываюць у Беларусі, і асобы без грамадзянства, якія ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, абавязаныя выплаціць збор у 20 базавых велічынь (адна базавая — 180 тысяч рублёў).

XS
SM
MD
LG