Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Белсат» абяцае нечаканыя дуэты на навагоднім канцэрце


Ад вечара да самай раніцы на «Белсаце» беларуская і ўкраінская музыка, ад 23:15 — сьвяточны канцэрт зь незвычайнымі дуэтамі вядомых беларускіх музыкаў.

У навагоднюю ноч тэлеканал «Белсат» абяцае багата беларускай і ўкраінскай музыкі, а таксама новы ўнікальны музычны праект, у якім дуэтамі сьпяюць вядомыя беларускія музыкі. Паглядзець «Белсат» можна як праз спадарожнікавую антэну, так і ў інтэрнэце, на сайце belsat.eu. Пра тое, што паглядзець на «Белсаце» на Новы год, Свабодзе апавяла Кацярына Адамская, адна з праграмных рэдактараў каналу:

«Ужо ў 19:15 вы можаце паглядзець камэдыю „Расейская дыскатэка“, будзе вельмі весела. Пасьля інфармацыйнага блёку і рэпартажу „Год зь Белсатам“ у 22:45 Сяргей Філімонаў падвядзе вынікі году ў шоў-бізнэсе і павіншуе гледачоў. У 23:15 пачнецца адмысловы праект, сьвяточны канцэрт „Новае пакаленьне на Новы год“, дзе нашыя гледачы змогуць паглядзець на нечаканыя дуэты, якія будуць выконваць калядныя і сьвяточныя песьні. Сярод іншых дуэтамі засьпяваюць „Палац“ і Алесь Дзянісаў, Алесь Кот-Зайцаў і Ганна Хітрык, Vinsent i Šuma, Аляксандар Памідораў і Павал Булатнікаў. Таксама гледачы пачуюць віншаваньні ад знакамітых людзей Беларусі.

Пасьля ўся навагодняя ноч будзе вельмі музыкальнай, такі амаль што ўкраінска-беларускі вечар. У 0:20 пачнецца фільм-канцэрт украінскага гурту „Акеан Эльзы“. Гэты канцэрт быў запісаны ў Кіеве ў межах туру гурту „20 гадоў разам“, гэта амаль 100 хвілінаў незабыўнай музыкі, якая, я ведаю, даспадобы шматлікім беларусам. Працягне ноч канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча, пасьля паўторым навагодні канцэрт 2014 году Лявона Вольскага „Бывай, зямля“. У 3:40 будзе выступ гурту „Воплі Відаплясава“, які „Белсат“ запісаў у межах канцэрту „Салідарныя зь Беларусьсю“. І амаль што да 5-й гадзіны беларускія гурты, беларускія выканаўцы будуць радаваць нашых гледачоў».

«У наступным годзе ў нас рыхтуецца новы праект „Прыват“, аўтарская праграма Валярыны Куставай, дзе яна будзе запрашаць людзей і гутарыць на прыватныя тэмы. Рыхтуецца цыкль праграмаў Вячаслава Ракіцкага, які будзе з адмыслоўцамі прадстаўляць мастацкія фільмы, гэта будуць гутаркі, што дазволяць гледачам больш зразумець сэнс фільму. Акрамя таго, „Белсат“ падрыхтаваў фільм пра Міхаіла Жызьнеўскага, прэм’ера будзе ў нядзелю, 23 студзеня, канал заканчвае працу над фільмам пра Кастуся Каліноўскага і фільмам „Сутнасьць камунізму“, якія неўзабаве зьявяцца ў 2016 годзе на „Белсаце“. Застануцца такія праграмы як „Відзьмо-невідзьмо“, „Рэпартэр“, „Маю права“, „Асабісты капітал“ і шмат іншага».

XS
SM
MD
LG