Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сталі часьцей «гугліць» працу ў Польшчы, чым у Расеі


Запыты пра працу за мяжой зь Беларусі паводле Google Trends
Запыты пра працу за мяжой зь Беларусі паводле Google Trends

Свабода паглядзела, наколькі часта беларусы шукаюць у Google — пошукавіку, якім карыстаюцца 62% жыхароў краіны — фразы, зьвязаныя з працай у суседніх краінах.

Аналізаваліся толькі расейскамоўныя запыты — беларускамоўных Google ня бачыў у дастатковай колькасьці для аналізу. Некаторыя беларусы шукаюць працу ў Польшчы з дапамогай запыту на польскай мове, але такіх у 10 раз менш за «расейскамоўных».

За апошнія 5 гадоў зь Беларусі фіксаваліся запыты пра працу ў Літве, Польшчы і Расеі — запытаў пра працу ў Латвіі ці Ўкраіне было замала. На ўзроўні запытаў пра Літву — запыты пра працу ў ЗША, Гішпаніі, Ізраілі, Італіі, Нямеччыне.

Але калі да 2015 году беларусы часьцей шукалі працу ў Расеі, то з 2016 году сталі значна часьцей шукаць яе ў Польшчы. На Польшчу часьцей глядзелі на захадзе Беларусі і ў цэнтры, на Расею — у Гомельскай вобласьці, але за апошні год запыт пра працу ў Польшчы перамагае па ўсіх абласьцях. Таксама з 2016 году падскочыў інтарэс да «карты паляка».

Іншая сытуацыя ў запытах па гарадах: у Маскве шукаюць працу больш як у 10 раз часьцей, чым у Варшаве ці Кіеве, а зьвестак пра Вільню і Рыгу няма.

З украінскага боку назіраўся значны ўсплёск інтарэсу да працы ў Беларусі ў 2014–2015 гадах (зь пікам у лютым 2015-га), пры гэтым запыты «работа в Беларуси» і «робота в Білорусі» ішлі збольшага з Кіева, а «работа в Белоруссии» — з Данецкай і Луганскай абласьцей.

Інтарэс да працы ў Беларусі з расейскага боку значна меншы, і ён амаль не мяняецца з году ў год. Запытаў пра працу ў Беларусі па-польску, па-літоўску і па-ангельску Google не фіксуе.

У 2010–2015 гадах, паводле афіцыйнай статыстыкі, зь Беларусі штогод эмігравалі некалькі тысяч чалавек. Калі ў 2010-м мігрантаў было менш за 7 тысяч, то за 2015-ы з краіны зьехалі амаль 10 тысяч. Больш за палову зьяжджалі ў Расею: так, у 2015 годзе з 9855 эмігрантаў 5137 зьехалі ў Расею, 893 ва Ўкраіну, 589 у Літву, 493 у Нямеччыну, 327 у ЗША, столькі жа ў Туркмэністан, 319 у Польшчу, 286 у Ізраіль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG