Сэнат ЗША ўхваліў кандыдатуру адстаўнога генэрала Джэймса Мэтыса на пасаду міністра абароны.
Галасаваньне было практычна адзінагалосным. Мэтыс стаў першым членам кабінэту новага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, кандыдатуру якога ўхваліў Сэнат — усяго празь некалькі гадзін пасьля ўступленьня Трампа на пасаду. Раней прэзыдэнт падпісаў прыняты раней Кангрэсам закон, які дазваляе Мэтысу быць міністрам абароны, нават нягледзячы на тое, што ён сышоў у адстаўку менш чым за належныя 7 гадоў да цяперашняга моманту.
Джэймс Мэтыс, вядомы пад мянушкай «Шалёны сабака» — баявы генэрал, які ўдзельнічаў, у прыватнасьці, у ірацкай кампаніі. Ён вядомы і як ваенны тэарэтык.
Кандыдатуры астатніх прэтэндэнтаў на пасады ў кабінэце Трампа Сэнат разгледзіць у бліжэйшыя тыдні. Чакаецца, што дэмакраты будуць перашкаджаць ўхваленьню шэрагу кандыдатураў, аднак у рэспубліканцаў у Сэнаце большасьць — 52 крэслы са 100.