Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акуна Матата». Беларусы ў Кеніі


Журналіст Франак Вячорка і сьпявак Вінсэнт паехалі валянтэрамі ў Кенію. Пра ўражаньні ад паездкі, ламаньне культурных стэрэатыпаў і экстрэмальны досьвед на чорным кантынэнце — чытайце ў новым блогу.

Ляцець доўга. Выляталі зь Мюнхену на зьмярканьні, прызямліліся ў Кеніі а 9-ай раніцы. Самалёт Air Berlin спрэс набіты пажылымі нямецкімі турыстамі: храп і пастаянныя перасоўваньні ў бок прыбіральні. Па тэлевізары нон-стоп — кіно 80-х. Спачатку раздражняе, а потым думаеш: насамрэч гэта мара, каб аднойчы і беларускія пэнсіянэры маглі таксама адпачываць у афрыках і храпсьці ў самалётах.

Зь ілюмінатара можна было разгледзець Альпы, Італію, кавалачак пустыннай Лібіі і яе паўстанцкую сталіцу Бэнгазі, Эгіпэт, Судан, новапаўсталы Паўднёвы Судан, Уганду.

Мы зь сябрам Вінсэнтам, беларускім рэпэрам і акторам, ляцелі ў Кенію валянтэрамі па запрашэньні міжнароднай арганізацыі, якая займаецца гуманітарнымі праграмамі ў Афрыцы. Для мяне гэта другі раз на «чорным кантынэнце». На 2012 году езьдзіў у Паўднёвую Афрыку на канфэрэнцыю з нагоды гадавіны вызваленьня Нэльсана Мандэлы. (Чытайце тут: 1, 2, 3, 4)



Аэрапорт Мамбасы як Гандлёвы дом на Нямізе


Аэрапорт у Мамбасе нагадвае Гандлёвы дом на Нямізе ў Менску зь яго двума ярусамі, высокімі столямі і немагчымасьцю што-кольвек адшукаць. Акрамя таго, на парэнчах сядзяць галубы, лётаюць папугаі, дзе-нідзе пад стольлю сноўдаюць малпачкі. І сьценаў няма.

Ад нязвыклай беларусу 35-стопневай сьпёкі кружыцца галава. Кажух, у якім я выяжджаў зь Менску, выглядаў недарэчна, але бараніў ад цеплавога ўдару.

Разглядаючы малюнак на пашпарце, памежнік быў упэўнены, што мы з Савецкага Саюзу, і дзіўна ўсьміхаўся. Мы зь Вінсэнтам узгадалі, што нас вучылі заўжды казаць праўду, і прызналіся, што ніякіх прышчэпак ад малярыі, жоўтай ліхаманкі і рознага кшталту мух цэцэ не рабілі. Памежнік падумаў і агалосіў прысуд: «Акуна матата».

За наступныя 15 хвілінаў, пакуль нам афармлялі кенійскія візы, невядомыя абчысьцілі мой багаж. Не, яны ня ўкралі ані ключы, ані фотаапарат — яны выцягнулі схаваныя мной у шкарпэтках (дзе беларускія мытнікі ніколі не даўмеліся б шукаць) 280 тысячаў беларускіх рублёў. Верагодна, глядзелі адно беларуская тэлебачаньне і, ў спадзяваньні азалаціцца, не ўлічылі дэвальвацыі.

"Біўні Мамбасы" - брамы, збудаваныя да прыезду Каралевы Лізаветы ў Мамбасу ў 1952 годзе

"Біўні Мамбасы" - брамы, збудаваныя да прыезду Каралевы Лізаветы ў Мамбасу ў 1952 годзе






Таксісты як у Менску


Гарадзкі краявід

Гарадзкі краявід

Нас ніхто не сустрэў. Дабірался сваім ходам.

— Акуна Матата, фрэнд, — задаволены таксіст узяў багаж і павёў за сабой. Іншыя крыважэрна глядзелі ўсьлед. Яшчэ адзін пабег за намі, тузаючы за рукаў кашулі і шчабечучы па-свойму зь нямецкім акцэнтам, стаў тыцкаць пальцам у зашмальцаваны каталёг з фотамі сланоў і зэбраў. Мы адмовіліся, тады ён наўпрост папрасіў грошы для свайго брата, які нібыта канае ад СНІДу.

Пакуль ехалі, у мяне было дэжавю. Таксоўшчык наракаў на сваё нялёгкае жыцьцё, гэтаксама як напярэдадні кіроўца службы 7788, падвозячы мяне на менскі вакзал.

Вінсэнт і прадавец сувэніраў

Вінсэнт і прадавец сувэніраў

Кенійцы як беларусы: альбо бедныя, альбо вельмі бедныя. ВУП на душу насельніцтва ў сем-восем разоў меншы чым у Беларусі, заробак рэдка сягае 100 даляраў. Сярэдняй клясы практычна не існуе. Паміж 1895 і 1963 Кенія была брытанскай калёніяй, і, здаецца, трохі сумуе па каляніяльных часах. Беларусь таксама прыкладна столькі ж была ў складзе імпэрыі і таксама трохі сумуе. Але наша незалежнасьць амаль утрая маладзейшая за кенійскую.

У Кеніі і Танзаніі беласкурага чалавека называюць «мзунгу» (у перакладзе з сўагілі — «мех з грашыма»), разглядаючы турыстаў выключна як сродак для існаваньня. Тут не ратуе факт, што ты з апошняй дыктатуры Эўропы. Нас блытаюць з Бэльгіяй альбо Расеяй. Калі вулічныя гандляры пыталіся, дзе знаходзіцца Беларусь, Вінсэнт казаў што побач з Эўразьвязам, каля Польшчы і Ўкраіны. І суразмоўца пачынаў напружана ўзгадваць урокі геаграфіі, падобна як беларускі васьміклясьнік, якога просяць знайсьці на мапе Руанду ці Гамбію... Гэта аднак сканчалася яшчэ больш настойлівай прапановай «купі-купі».

Так выглядае горад з туктука

Так выглядае горад з туктука

Таксоўка тут дарагая, амаль як у Менску, таму наступныя дні мы перасоўваліся пераважна на тук-туку. Гэта самы распаўсюджаны тут транспарт — трохколавы матацыкл з бляшанай паветкай і безь дзьвярэй. Гэта нешта сярэдняе паміж матацыклам з вазком і карэтай.

Вінсэнт размаўляў з кіроўцам, я вывучаў навакольле. Гарадзкі краявід у Кеніі — гэта ня толькі аднапавярховыя трушчобы, звалкі, машынныя коркі. Гэта падступны смурод і паўсюдны пыл. Але тое, што для нас Садома і Гамора, для мясцовых — будзённасьць.

Жанчыны несьлі на галовах вялікія мяшкі. Дзеці гулялі ў футбол з плястыкавай бутэлькай. А на пальмах уздоўж дарогі былі разьвешаныя бліскучыя цацкі, гірлянды, чырвоныя зоркі. Горад рыхтаваўся да Калядаў.

Гарадзкі краявід Мамбасы

Гарадзкі краявід Мамбасы




Мануфактура як музэй у Дудутках


Правілы наведваньня мануфактуры

Правілы наведваньня мануфактуры

Нас павезьлі на гіганцкую мануфактуру ў цэнтры Мамбасы, якая належыць аднаму з плямёнаў. У Кеніі пражывае значна больш плямёнаў, чым у Беларусі, многія зь якіх ваююць паміж сабой за месца пад сонцам — у прамым сэнсе, за зямлю і за ваду. Некаторыя плямёны жывуць ізалявана, а некаторыя, як Akamba, удзельнічаюць у эканоміцы і палітыцы.

Прадукцыя на продаж

Прадукцыя на продаж

Мануфактура знаходзіцца паміж кракадзілавай фэрмай і фабрыкай будаўнічых матэрыялаў. Да нашай дэлегацыі паставіліся вельмі цёпла, калі так можна казаць у такім клімаце, але папярэдзілі, каб нічога не набывалі з рук.

Мануфактура нагадвае музэй у Дудутках: нехта выразае з дрэва слана, другі расфарбоўвае камень, трэці шые тамтам, чацьвертая нанізвае пацеркі на жылку. Толькі гэта не музэй, а сапраўдны індустрыяльны гігант: тут працуюць тры тысячы чалавек, у тым ліку дзеці. Прадукцыя — толькі сувэніры і толькі «хэндмэйд». Цэхі бязь сьценаў, але пад паветкай: ад дажджу і сонца, для зручнасьці кантролю і ўліку — ўсё навідавоку. У месяц яны вырабляюць да мільёна разнастайных сувэніраў, мэблі, упрыгожаньняў.

Дзядзька размалёўвае талерку

Дзядзька размалёўвае талерку

Дзядзька, які шліфаваў паўмэтровую фігурку слана, пахваліўся, што гэта замова з Брытаніі. Кажуць, людзі гэтага племені — найлепшыя ў сьвеце майстры па дрэве і камяні.

Вінсэнт спрабаваў высьветліць, колькі яны зарабляюць, аднак ніхто не прызнаўся. Напэўна, усё ж болей, чым звычайна. Як і было наказана, з рук я нічога не набываў, але памяняў пакет ірысак на драўляную жырафу.


Дыктатура ў масайскім племені


Франак Вячорка (справа) з маладым масаем

Франак Вячорка (справа) з маладым масаем

— Ого, якія яны высокія! — адзначыў Вінсэнт, калі мы пад’яжджалі да вёскі племя масаяў. Да машыны падбег хлопец у пунсовай накідцы, позіркам ацаніў нашыя фінансавыя магчымасьці і прапанаваў наведаць іх вёску — за 1500 шылінгаў з кожнага (15 эўра). — Тысяча, — прапанаваў я, масай пагадзіўся.

Перад намі пашыхтаваліся чалавек 50. Нешта прасьпявалі на сваёй мове, якая называецца маа. Падчас сьпеваў мужчыны хаатычна выцягвалі шыю наперад. Потым пачалі скакаць у вышыню.

— А цяпер малітва за нашых гасьцей! — сказаў па-ангельску галоўны масай, і ўсе ўкленчылі перад намі.

Масайскія мужчыны і жанчыны голяць галаву налыса

Масайскія мужчыны і жанчыны голяць галаву налыса

Дзясятак невысокіх хатак, складзеных з галінак і абмазаных каровіным памётам, пасярэдзіне — плошча для ската. Племя жыве па распарадку дня. Тут як у савецкім калгасе: усе бедныя, але роўныя. Усё заробленае адбіраецца на карысьць племя.
Да нас выйшаў 30-гадовы мужчына безь пярэдніх зубоў, з чорным дубцом, падобным на біту, ды ільвіным зубам на грудзях, зьвярнуўся да нас:

— Бацька хворы, і цяпер я галоўны. Я гатовы адказаць на любыя пытаньні.

Масаі акружылі нас, мы задавалі пытаньні — правадыр адказваў. Было трошкі няўтульна, як на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі.

Чацьвёра зь пяці дзяцей у масаяў паміраюць

Чацьвёра зь пяці дзяцей у масаяў паміраюць

Мы спыталі пра жорсткую дысцыпліну ў племені і ўведалі, што з гэтым яны ня толькі не саступаюць Беларусі, але ў нечым нават і пераўзыходзяць. У племені жорсткая іерархія. Загады не аспрэчваюцца, рытуалы выконваюцца, Бацьку-правадыра не крытыкуюць. Тым ня менш, жанчынаў голяць налыса і ў вушы прадзяваюць шырачэзныя колы так, што вушы расьцягваюцца да плеч, а мужчынам вырываюць два ніжнія пярэднія зубы. «А мы наракаем на рэжым у Беларусі...», — задумаўся Вінсэнт.

Да жыцьця масаі ставяцца па-філязофску. Паводле іх рэлігіі, на сьвеце быў рай, але Бог выгнаў адтуль людзей, і вяртаньня ўсё роўна ня будзе. Чацьвёра зь пяці дзяцей паміраюць маленькімі. Менавіта з-за высокай сьмяротнасьці масаі захоўваюць палігамію. Жанчына выходзіць замуж не за аднаго мужчыну, а за цэлую ўзроставую групу. Жанчына ў іх збольшага слуга, і яе можна пазычыць, калі трэба, ці абмяняць.

Буданы масаяў з каровінага памёту

Буданы масаяў з каровінага памёту

Што зьдзівіла — масаі, як беларускія пэнсіянэры, амаль не ядуць мяса. Налягаюць на малако. Але ў адрозьненьне ад беларускіх пэнсінэраў — на малако з кроўю. Пратыкаюць шыю карове, нацэджваюць кубак крыві, мяшаюць з малаком, дзірку залепліваюць памётам. Карова ідзе пасьвіцца далей, кактэйль прымаюць а нацюрэль, бязь перцу, солі ці цукру. Замест каровы можа быць і бык, так што тут раўнапраўе. Нам прапаноўвалі, але Вінсэнт ветліва адмовіўся, а мне аднаму было няёмка. Яшчэ ж назад разам ляцець.



Запрасілі паглядзець іх жытло ўнутры. Халупа нагадвае зямлянку часоў Другой сусьветнай вайны: нізкія столі, цёмна, вокнаў няма — толькі дзірачкі, каб выходзіў дым. Але прахалодна. Ад ложкаў сыходзіць трупны пах. На падлозе раскіданыя алюмініевыя кубкі і міскі — падобныя былі ў нас у войску, у в/ч 48694 у Мазыры.

— Як у войску, жыць можна, — сказаў я. Вінсэнт маўчаў. Можа, таму, што ў беларускім войску не служыў.

Наведваньне масаяў скончылася кірмашом сувэніраў, які зладзілі для нас іх жанчыны.

Заробленыя грошы забраў сын Бацькі-правадыра.


Акуна Матата не перакладаецца


Побач з трасай Мамбаса-Найробі

Побач з трасай Мамбаса-Найробі

Тыя, хто не працуюць (а беспрацоўе ў Кеніі амаль 45%) — усё роўна ядуць. І ня толькі — яшчэ і сьпяваюць, танчаць, глытаюць агонь і робяць шмат чаго, што турыстам потым істотна палягчае багаж і кашалёк.

Увогуле, кенійцы па-іншаму ставяцца да жыцьця, чым беларусы. Адсутнасьць працы, грошай, даху над галавой — ім гэта не замінае радавацца жыцьцю.

— Нашаму чалавеку што трэба? — пытаўся Вінсэнт і сам адказваў: — Правільна, стабільнасьць.

Кенійцы ж шукаюць прыгодаў, жывуць у мітусьні і пазьбягаюць складаных канструкцыяў.

Крама з сувэнірамі

Крама з сувэнірамі

Акуна матата — у беларускім перакладзе гэта значыць «няма клопату» альбо «ніякіх праблемаў». Для кенійцаў «Акуна матата» — гэта ня проста выслоўе, а падыход да жыцьця, падобна, як для беларусаў — «Мая хата з краю».

«Акуна матата» — скажа кіроўца, які працуе «па-чорнаму», «акуна матата» — кажа растаман-прадавец марыхуаны, «Акуна матата» — кажа папрашайка на вуліцы.

І аднаго разу, калі ў прыцемках з маёй віны мы заблукалі ў трушчобах, Вінсэнт зірнуў у мой боку і няўпэнена сказаў:

— Акуна матата.

Дапамагло.

Акуна Матата - лад жыцьця

Акуна Матата - лад жыцьця






Дом ля Індыйскага акіяну каштуе як двухпакаёўка ў Менску


Кенійскі рыбак на ўзьбярэжжы Індыйскага акіяну

Кенійскі рыбак на ўзьбярэжжы Індыйскага акіяну

На пляжы мы пазнаёміліся з Зукам, які лавіў крабаў на продаж. На ім была старая футболка і шорты. Вызначыць узрост на выгляд мы не змаглі: нешта паміж 30-50 гадамі. Зука, адчуўшы магчымасьць зарабіць, пачаў угаворваць паехаць на сафары — глядзець жывёлаў:

— Турыстычнае бюро тут, за рогам.

Зука, як Майсей, доўга вёў нас невядомымі сьцежкамі, людзей станавілася ўсё менш. Ніводнага белага. Мясцовыя дзецюкі глядзелі на нас гэтак жа, як у беларускай вёсцы глядзелі б на чарнаскурага. Падбягалі дзяўчаты, відавочна, непаўналетнія, прапаноўвалі масаж.

Вінсэнт распытваў Зуку пра нерухомасьць у Кеніі. Купіць дом на ўзьбярэжжы каштуе як двухпакаёўка ў Менску — 70-80 тысячаў. Я запытаў пра малярыю.

— Малярыя — не праблема. Адна прышчэпка — і няма малярыі. А вось СНІД...

Нешта кшталту гатэлю

Нешта кшталту гатэлю

Я распавёў, што ў нашай краіне дыктатура і сьнег, таму малярыі няма. Дыктатура Зуку ня так зацікавіла, як сьнег.

— Я сьнегу ніколі ня бачыў, толькі па тэлевізары, — і сарамліва прызнаўся, што марыць пабываць у якой-небудзь экзатычнай краіне ў Эўропе. За ўсё жыцьцё ён быў толькі ў суседняй Танзаніі.

Турыстычны офіс, куды мы ўрэшце трапілі, аднапавярховы будынак бяз вокан безь дзьвярэй, але са сьценамі і драўляным дахам. Двухмэтровы мурын з залатым ланцугом на шыі сядзіць за 15-цалевым маніторам, на кампутары ўсталяваны windows 98. На сьценцы — каляндар 2007 году з фотаздымкам сланоў. Запытаўся зь якой мы краіны. Раптам кажа, што ў яго ёсьць беларуская вэрсія сайту. Хуценька набраў адрас сайту, kenyachikohtours.com, выбраў у мэню google translate беларускую мову, і сайт з жырафамі ды зэбрамі імгненна беларусізаваўся:

«Кенія — адразу фатаграфій чужой прыроды, бясконцыя залатыя мясцовасці, экзатычная флора і фауна, моцны ўсміхаюцца людзей з містычным чынам жыцця і традыцыямі ўсе прыходзяць на розум. Прыгажосць куста і хваляванне сафары тое, што робіць кенійскі такі чароўны вопыт».

Многія зарабляюць з турыстаў

Многія зарабляюць з турыстаў






Дзікая прырода — галоўны скарб


Ільвіца сьпіць

Ільвіца сьпіць

Найбліжэйшы нацыянальны парк знаходзіўся ў 6 гадзінах ад Мамбасы. Мы ехалі мікрабусам, абсталяваным для сафары: ён падобны на нашую маршрутку, толькі са здымным дахам. Гатэль, зрэшты, як і ўвесь запаведнік Taita Hills Wildlife Sanctuary, дзе ён знаходзіцца, прыватныя: гатэль належыць індусам, а запаведнік — Hilton International. У Кеніі сваіх капіталаў няма, таму рэальнай уладай тут валодаюць зусім не кенійцы, а немцы, індусы, арабы.

Я асабіста быў уражаны такім нацянальным нігілізмам— гэта як бы кітайцы ці аманцы выкупілі частку Белавескай пушчы і пабудавалі там гатэлі.

Краявід дзікай Афрыкі

Краявід дзікай Афрыкі

Праз вакно гатэлю, дзе нас пасялілі, чулася рохканьне, чвяканьне, кракатаньне, рык. Мы спусьціліся на двор, а там, літаральна за пяць мэтраў ад нас, сланы пілі ваду зь невялікай сажалкі. Бліжэй нас не пусьціў ахоўнік, маўляў, сланы дзікія.

— Цікава, — сказаў Вінсэнт, — каго ён абараняе, людзей ад сланоў ці наадварот?

Два дні нас вазілі на саване, мы фатаграфавалі сланоў, зэбраў, бабуінаў, леапардаў, львоў, бафала, антылёпаў гну і імпала, фазанаў. У Кеніі забаронена паляваць на жывёлаў, таму яны паводзяць сябе досыць сьмела, падыходзяць да людзей. У машыне працавала радыё, кшталту як дыспэтчары ў таксоўцы, і кіроўцы паведамлялі, у якім сэктары парку якую жывёлу можна пабачыць.

Жырафы на гарызонце

Жырафы на гарызонце

Другую ноч мы правялі на кенійска-танзанійскай мяжы ў намёце з выглядам на найвышэйшую кропку Афрыкі — гару Кіліманджара. Тут яна ня проста турыстычная выбітнасьць, а аб’ект культу і нават пакланеньня.

Вядома, у гару мы не пайшлі. Па-першае, таму што гэта Танзанія, і мы бы папросту не змаглі вярнуцца па нашай візе назад.

— Па-другое, — сказаў Вінсэнт, — гэта 5895 мэтраў, і ўсе ў вышыню.

Я не спрачаўся.

Сланы на фоне Кіліманджара

Сланы на фоне Кіліманджара






Мамбаскія Ждановічы


Кірмаш

Кірмаш

Ня ведаю, чаму так дзейнічае Афрыка на чалавека, але Вінсэнт захацеў набыць сувэніраў. Яшчэ больш, у дадатак да ўжо набытых. На пытаньне навошта, каму, што зь імі рабіць, адказваў толькі «Акуна матата, фрэнд».

Кірмаш Мамбасы атмасфэрай і мітусьнёй вельмі падобны да Ждановічаў: ад бананаў і старых кнігаў на вагу — да ніжняй бялізны і радыётавараў. Пасярод кірмашу — сьмярдзючая звалка, якая аднак нікога не засмучае, і латкі ставяць проста на сьмецьце. У павільёнах прадаюць шафран, ягады баабабу, каву, арэшкі (на выгляд — фундук, а ўнутры — як арахіс). Асабліва прадпрымальны гандляр прадаваў нам садавіну. 2 кг бананаў, 5 штук манга, пару апэльсінаў. За гэта хацеў 25 эўра. Згандляваліся на чатыры.

Звалка пасярод кірмашу

Звалка пасярод кірмашу

У іншага гандляра каменную фігурку слана я вымяняў на пару сваіх шкарпэтак і футболку з надпісам «Радыё Свабода». Ён, здаецца, быў вельмі рады удалай зьдзелцы, і я задаволены.

Заехалі таксама ў сапраўдную краму. Я хацеў купіць торбачку з выявай слана, спрабаваў гандлявацца. Прадавец, азіраючыся на касу, сказаў, што менш за 4000 шылінгаў (40 эўра) не прадасьць, але можа яе для мяне ўкрасьці за 2500. Правёў праз чорны ўваход і ў чорным пакеце перадаў «тавар». Вінсэнт такім жа чынам купіў кубачкі па ўтрая меншым кошце.

Кубачкі гэтыя пасьля першай жа гарбаты патрэскаліся і разваліліся. А торбачка аказалася зусім не хэнд-мэйд з бавоўны, а made in India зь невядома якога матэрыялу.

— Справядлівасьць перамагла, — з сумам падсумаваў Вінсэнт.

На кірмашы вельмі папулярныя прыправы да ежы

На кірмашы вельмі папулярныя прыправы да ежы




Партрэт прэзыдэнта — у кожную халупу


Прадуктовая крама

Прадуктовая крама

На сьцяне ў краме, школе, кабінэце, аўтазапраўцы — партрэт прэзыдэнта, таксама як і ў нас. Заканадаўства не абавязвае, але рэкамэндуе. Партрэт прэзыдэнта на сьцяне (там, дзе ёсьць сьцены) — тут як цудатворная ікона, і стаўленьне да яго трапяткое. Вінсэнт запытаў прадавачку, навошта яна павесіла гэты здымак.

— Гэта наш прэзыдэнт, мы яго любім.

Больш пытаньняў ён не задаваў.

Акрамя партрэту, больш ніякай палітычнай агітацыі намі заўважана не было. Кенійцы цікавяцца палітыкай роўна столькі ж, колькі беларусы — толькі калі гэта тычыцца іх асабіста.

Для цікавасьці я запытаў гандляра сувэнірамі (таго самага, які скраў торбачку сам у сябе) пра вядомых кенійцаў, пісьменьнікаў, дзеячаў.

Выбарчая камісія

Выбарчая камісія

У адказ атрымаў пералік прозьвішчаў знакамітых бегуноў на даўгія дыстанцыі, алімпійскіх чэмпіёнаў і ўсясьветных рэкардсмэнаў.

Але адно выключэньне — адно палітычнае імя кенійцы згадваюць вельмі часта. Хоць гэта не грамадзянін Кеніі і ніколі ім ня быў. Гаворка, вядома, пра Барака Абаму.

Хоць сам Барак Абама нарадзіўся на Гаваях, але яго бацька — у каляніяльнай Кеніі. І Барака Абаму любяць і лічыць сваім.

— У адных — Барака, у іншых — небарака, — шматсэнсоўна адзначыў Вінсэнт.


Дарога дадому


Аэрапорт у Мамбасе

Аэрапорт у Мамбасе

Усе нашы сумненьні наконт вагі багажу і колькасьці сувэніраў аказаліся беспадстаўныя. Калі мы вярталіся, дык недалічыліся асабістых рэчаў, некаторых сувэніраў. Скралі шкарпэткі, майку ды флэшку. Рэшту мясцовых грошай прымусілі здаць у аэрапорце, а беларускія грошы зьніклі яшчэ раней.

— Акуна вашу матата, — з такой інтанацыяй, як Вінсэнт, гэтую фразу раней не казалі.

Дарога ў аэрапорт выглядала гэтаксама, як калі мы прыехалі. Тыя самыя трушчобы, смурод, пыл, дзеці з працягнутай рукой, жанчыны з торбамі на галаве, куры, худыя каровы. Я глядзеў на гарадзкія руіны, разьбітыя дарогі, вулічны хаос, і ў галаве прамільгнула крамольная думка:

— Эх, няма на іх Лукашэнкі...

— Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць, — напяваў Вінсэнт.

Крамольная думка выпарылася і не пакінула сьледу. Тэрмомэтр паказваў +32 у цені.

ФОТАГАЛЕРЭЯ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG