Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на Эвэрэсьце


Эвэрэст
Эвэрэст

60 гадоў таму, 29 траўня 1953 году, адбылося першае ўзыходжаньне на самую высокую гару ў сьвеце — Эвэрэст (8848 мэтраў).

Яго скарылі шэрп Тэрсінг Наргей і новазэляндзец Эдмунд Гілары. З тае пары больш за 3 тысячы чалавек дасягнулі вяршыні Эвэрэсту. Сярод іх — Джордан Рамэра з Каліфорніі, якому было 13 гадоў, калі ён скарыў вяршыню сьвету ў 2010 годзе, а таксама 80-гадовы японец Юіціра Міюра — найстарэйшы альпініст, які дасягнуў вяршыні Эвэрэсту.

Альпіністы з раўніннай Беларусі таксама скаралі самую высокую вяршыню і яшчэ больш за палову васьмітысячнікаў сьвету.

Першым беларусам, які ўзышоў на Эвэрэст у 1997 годзе (у складзе ўзбэцкай экспэдыцыі), стаў «Сьнежны барс» — адзіны ў краіне заслужаны майстар спорту па альпінізьме Віктар Кульбачэнка з Барысава. У 2006 годзе ён трагічна загінуў у Падмаскоўі.

А 21 траўня 2006 году на Эвэрэст узьняліся беларусы Віктар Лутаў, Уладзіслаў Каган і Ўладзімер Цяльпук.

Самая вялікая вяршыня сьвету вабіла і будзе заўсёды вабіць людзей, якія імкнуцца ўзьняцца на яе — такі ў яе лёс. Дый на ўсе астатнія васьмітысячнікі людзі імкнуцца ўзьняцца. Але Эвэрэст — асаблівы
Віктар Лутаў
Кандыдат хімічных навук альпініст Віктар Лутаў, за плячыма якога не адзін васьмітысячнік, распавёў: Самая вялікая вяршыня сьвету вабіла і будзе заўсёды вабіць людзей, якія імкнуцца ўзьняцца на яе — такі ў яе лёс. Дый на ўсе астатнія васьмітысячнікі людзі імкнуцца ўзьняцца. Але Эвэрэст — асаблівы...»

Прычым незадоўга да гэтага беларусы пасьпяхова штурмавалі шостую па вышыні вяршыню Зямлі — Чо-Ойю (8210 мэтраў).

І наагул, з 14-ці васьмітысячнікаў сьвету восем беларускія альпіністы скарылі, кажа старшыня Беларускай фэдэрацыі альпінізму Аляксандар Гадлеўскі. Сярод альпіністаў, якія ўздымаліся на вяршыні больш за 8 тысяч мэтраў, — Цяльпук Валодзя, Кульбачэнка Віктар, браты Лутавы — Анатоль і Віктар, Міхаіл Мельнікаў, Сяргей Стацэвіч, Уладзіслаў Каган, Ірына Вялянкава, вядомы лекар Эдуард Ліпень, Аляксандар Шынкарэнка — шмат беларусаў скарылі васьмітысячнікі плянэты».
Скаральнік Эвэрэсту Віктар Лутаў распавёў і пра рытуалы, якія выконваюцца на вяршыні: «Цалкам стандартны рытуал — узьнялі беларускі сьцяг, сфатаграфавалі яго. Вось і ўсё. Пакінулі каменьчык са сваёй зямлі. Я адтуль каменьчык узяў, з Эвэрэсту — ён у мяне ў хаце захоўваецца. Розныя рытуалы там я бачыў. Будысты моляцца падоўгу. На вяршыні я бачыў фатаграфію Далай-ламы».

У 2006-м на Эвэрэсьце ўзьнялі зялёна-чырвоны сьцяг. Але ў першай палове 1990-х на найвышэйшыя вяршыні сьвету ўзносілі іншую сымболіку. Віктар Кульбачэнка разгарнуў бел-чырвона-белы сымбаль краіны над Канчэнджангай у Гімалаях.

Адна з самых вядомых беларускіх альпіністак, Ірына Вялянкова, увянчала гістарычнай сымболікай васьмітысячнікі Даўлягіры й Шаша-Пангма, а таксама найвышэйшы пункт Паўночнай Амэрыкі — гару Маккінлі.

Тое ж зрабіў Эдуард Ліпень на Чо-Ойю ў Нэпале.

Студэнты геафаку ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг на Эльбрусе. Знакаміты альпініст Валер Майсеенка пад бел-чырвона-белым палотнішчам зрабіў цэлы шэраг гучных узыходжаньняў.

Што да ўзыходжаньня на так званы трэці полюс зямлі — Эвэрэст — альпіністы вельмі ўдзячныя сваім сябрам і спонсарам, бо дзяржава да гэтага не спрычынілася, кажа Віктар Лутаў.

Дзяржава не дапамагала. Мне асабіста дапамаглі прыватныя фірмы, дзякуй ім вялікі. Вядомая фірма па вытворчасьці ёгуртаў „Актывіл“ мне дапамагала. Сябры яшчэ скінуліся
«Дзяржава не дапамагала. Мне асабіста дапамаглі прыватныя фірмы, дзякуй ім вялікі. Вядомая фірма па вытворчасьці ёгуртаў „Актывіл“ мне дапамагала. Сябры яшчэ скінуліся. Вось так, „нітка да ніткі“, я грошай назьбіраў, бо на Эвэрэст спатрэбілася крыху болей, чым на іншыя ўзыходжаньні».

Альпінізм — не алімпійскі від спорту, таму асаблівай дзяржаўнай падтрымкі і няма, распавёў старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская фэдэрацыя альпінізму» Аляксандар Гадлеўскі. Фэдэрацыя аб’ядноўвае скалалазаньне, спэцыяльны, прамысловы і чыста спартовы альпінізм:

«Усяго ў нас ад 2 да 3 тысяч чалавек. Але калі казаць пра сур’ёзных альпіністаў, пра тых, якія ходзяць на 8-тысячнікі, іх, вядома, адзінкі. Гэта вельмі дарагі від спорту, ня так проста знаходзіць грошы. А тыя, хто зарабляе, — яны стараюцца не рызыкаваць. То бок сур’ёзных — ад 50 да 100 чалавек. Гэта, вядома, няшмат».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG