Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе беларусу добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё — мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра мясьціны, у якіх беларусам утульна і спрыяльна. Добра, як дома. Чакаем і вашых расповедаў пра такія мясьціны.

Вышыванкі як новы беларускі стыль апошнім часам у модзе, як і беларускія вясельлі: традыцыйныя, шляхецкія, сярэднявечныя... А вось са строямі — трабл: выбар ня тое каб маленькі, але невядома, дзе шукаць.

Індустрыі такой вопраткі няма: большасьць маладых, што выбралі ня чорна-белы стыль, шукаюць швачку альбо ідуць у краму, частка шые ўласнымі рукамі. І таму мы ладзім гайд па строях, коштах і месцах.

1. Працаёмкі і творчы: пашыць самім

Самы працаёмкі варыянт, які можа быць адначасова і самым танным. Тут шмат прасторы для пошукаў сваёй арыгінальнасьці. Але, як сказала адна з майстрых, кожная рэканструкцыя строю — амаль навуковая праца.

У выпадку вышываных строяў найчасьцей людзі шукаюць свае рэгіянальныя адметнасьці, у выпадку касьцюмаў больш багатага саслоўя шукаюць хоць што-небудзь — інфармацыі па іх на парадак менш.

«Напрыклад, мы шылі такія строі: сярэдні статус, строй усходу ВКЛ канца 14 стагодзьдзя. Кожны элемэнт магу даказаць гравюрамі», — расказвае Юры Палонскі, сябра рыцарскага клюбу «Пагоня» і новасьпечаны муж.

Фота з архіву маладых

Фота з архіву маладых

На шыцьцё сышло два месяцы. Кошт жаночага строю: тканіна — каля 600 тысяч, скура на боты 200 тысяч (пашыць у майстра 100-150 даляраў з матэрыялам); упрыгожваньні — каля 100 даляраў. Мужчынскі крыху даражэйшы: тканіна — каля 1 мільёна, скура на боты 200 тысяч, таксама шылі самі (у майстра каля 180 даляраў); крыху даражэй за жаночыя каштавалі жалезкі (замаўлялі ў майстра).

Кніга ад маладых: А. Глазкоў «Пособие для начинающих реконструкторов» (ВКЛ, канец 14 — пачатак 15 стст). Таксама можна зьвярнуцца ў суполку «Беларускае вясельле».

2. Працаёмкі з падстрахоўкай: пашыць на гуртку

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (СЭТ) і гурт Guda чакаюць вас на гуртках па шыцьці традыцыйных строяў. Яны дапамогуць абраць кроі, арнамэнтыку і ўвасобіць іх у жыцьцё. Тэрмін шыцьця залежыць ад інтэнсіўнасьці працы.

«Працую ў этнаграфічным музэі, і ўсе супрацоўніцы самі робяць сабе строі, — расказвае Дар’я Ажогіна. — Я свой шыла даволі доўга, бо зашмат вышыўкі. Зь перапынкамі — амаль увесь дэкрэтны адпачынак».

Строй яе не вясельны, але па-сьвяточнаму багаты на вышыўку, толькі нявесьцін вянок дадаць. Пас ткала сама, тканіну на спадніцу набывала ў «Лянку». Кашуля — копія з адной музэйнай. Набываць строй гераіня нават ня думала: «Не, рукі ёсьць — навошта мне яго набываць? Гэта проста цікава».

Фота Марыны Варабей

Фота Марыны Варабей

Гурток СЭТ чакае па серадах (9.30 — 12.00) і пятніцах (з 18.30; Наста Глушко +375 29 706 09 40). Пра расклад гуртка Guda можна даведацца праз нумар +375 29 608 25 56 (Вікторыя Міхно).

Менавіта ў другім гуртку кансультаваліся маладзёны Натальля і Дзяніс Найдзёнавы. Таксама яны актыўна карысталіся кнігамі (М. Раманюк «Беларуска народнае адзеньне»; Лабачэўская і Зіміна «Белорусский народный костюм»; Бяляніна і Ракава «Жаночы касьцюм на Беларусі» і падобная кніга па мужчынскім касьцюме).

Натальля і Дзяніс Найдзёнавы. Фота Сяргея Гудзіліна

Натальля і Дзяніс Найдзёнавы. Фота Сяргея Гудзіліна

Шыла строй Натальля, дапамагалі сяброўка і маці жаніха. Шыцьцё ўклалася у два з паловай месяцы, якія пайшлі на падрыхтоўку да вясельля.

Матэрыялы — белы лён і ніткі мулінэ (лён каля 300 тысяч, майстры раяць выбіраць чырвоны халодных адценьняў); тканіна для спадніцы; тканіна для сьвітак (каля 5 мэтраў — 500 тысяч, 100 тысяч падкладачная); штаны льняныя набылі тысяч за 300. Усяго — каля 1,5 мільёнаў. Хустку маладым падаравалі, пасы яны пазычылі з вырабаў вучняў гімназіі, дзе працуе маладая; боты жаніха мэйд ін Італі — 2 мільёны, боты нявесты набытыя нашмат раней.

«Мы разглядалі спачатку шляхецкае вясельле, але вырашылі, што народны арнамэнт больш архаічны і аўтэнтычны для Беларусі», — кажа Дзяніс.

Варыянт набыць вопратку быў, але нядоўга — маладым не спадабаліся ні кроі ў крамах, ні машынная вышыўка. Замаўляць не палічылі магчымым — знаёмая бярэ за адзін строй каля 1000 даляраў (але насамрэч бывае нашмат таньней).

3. Просты, танны, але трэба знайсьці: пракат

Рынак вельмі невялікі, калі ён увогуле ёсьць. Узяць вышыванку можна ў прыватным парадку. Кошт дамоўны, шукаць людзей — у тэматычных суполках сацыяльных сетак.

З арэндай вопраткі больш багатага саслоўя, як ні дзіўна, крыху прасьцей. У нас шмат клюбаў гістарычнай рэканструкцыі, дзе ўсе маюць свае касьцюмы і можна дамаўляцца (вельмі проста знайсьці праз пошук у сеціве ці праз сацыяльныя сеткі). У гэтых жа клюбах можна спытаць парады пра шыцьцё строяў.

Яшчэ прыватным асобам даюць касьцюмы ў «Беларусьфільме» (тэлефанаваць у цэх падрыхтоўкі здымак). Напрыклад, там ёсьць сукенка, у якім на вясельлі была гераіня фільма «Анастасія Слуцкая». Але акторкі маюць маленькі памер (38-40), а касьцюмы часта толькі ў адным экзэмпляры.

Можна запытваць у тэатрах, але не патрапце на сцэнічны касьцюм. Надзейней зрабіць фота і адшукаць таго, хто дасьць рэзюмэ знаходцы. Частка людзей пагодзіцца дапамагчы «зь любові да мастацтва».

«Гот-Арт»; Кацярына Ермачэнкава

«Гот-Арт»; Кацярына Ермачэнкава

Напрыклад, у не зусім тэматычнай суполцы пад назвай «Гот-Арт» мы знайшлі вось такую сукенку (фота зьлева): ВКЛ, другая палова 16 стагодзьдзя, паўночнанямецкая мода, на суткі 360 тысяч рублёў. Другое фота — строі з прыватнай калекцыі.​

4. Просты, годны, дарагі: замовіць у майстра

Натальля Ярмалінская шые строі сабе, вядзе адну з групаў на гуртку СЭТ і шые строі на замову. Досыць часта — вясельныя. Два строі (для пары) абыдуцца ў суму ад 600 даляраў (мінімальна-дастатковы строй, пры якім ужо прыгожа, але не самае крутое, што можна зрабіць). Іншыя майстры могуць браць 1000 за два шляхетныя строі.

«Ня раз вясельныя строі для жаніха і нявесты даводзілася шыць за два тыдні. Канешне, гэта цяжкавата, але магчыма, — кажа майстрыха Натальля Ярмалінская. — Патрапіць у чаргу за два тыдні да вясельля маларэальна, але я заўсёды іду насустрач тым, хто хоча ажаніцца ў традыцыйным строі».

з архіву Натальлі Ярмалінскай

з архіву Натальлі Ярмалінскай

Часам строй — рэканструкцыя з пэўнага рэгіёну, часам зьбіральны, у пэўнай ступені стылізаваны. І ў адрозьненьне ад звычайнага вясельнага яго можна насіць надалей.

5. Хуткі і часам машынны: набыць у краме

Гатовыя строі прадаюцца ў галярэі «Славутыя майстры» (Траецкае), краме УП «Скарбніца» (Кісялёва, 40) і іншых. Але ёсьць адзін нюанс, які, зрэшты, некаторых не засмучае: у краме можна набыць і тое, што зьяўляецца стылізацыяй ці нават варыяцыямі на народную тэму, але ніяк не традыцыйным строем.

У тру-строі колеравая гама мусіць адпавядаць беларускай, лён — быць белым (беларусы не жаніліся ў шэрым), а спадніца — больш цёмная. Складнікі арнамэнту не выкарыстоўваюцца паасобку, а аб’ядноўваюцца ў кампазыцыю, найчасьцей у выглядзе паласы, асабліва геамэтрычныя арнамэнты.

Фота Ганны Валынец

Фота Ганны Валынец

У крамах прадаюцца як строі з машыннай вышыўкай (зробленыя ва ЎП «Скарбніца»), так і з ручной (калі крама працуе з майстрамі). Звычайны касьцюм каштуе 2-3 мільёны беларускіх рублёў. У «Скарбніцы» чым больш вышыўкі, тым даражэй. А ручная праца там жа абыдзецца ў 3-6 дзясяткаў мільёнаў.

6. Камбінацыі-махінацыі

Частку строю можна набыць, частку — зрабіць самому і замовіць. Напрыклад, пас тчэцца нядоўга, яшчэ яго можна набыць у краме за 270-600 тысяч, замовіць у майстра за 5-50 даляраў.

У «Скарбніцы» ёсьць тканая тканіна па 880 тысячаў за кавалак 1×1,4 мэтра. З кавалку 2 мэтры і больш атрымаецца добрая спадніца. Там жа прадаюцца кашулі (машынная вышыўка): 1 мільён за мужчынскую і 1,4 мільёна за жаночую; жаночая сьвітка каштуе каля 1 мільёну, мужчынскія робяць на замову.

Фота Ганны Валынец

Фота Ганны Валынец

Мужчынскія штаны ці іншыя, якія б пасавалі да строю, знайсьці не складана — у крамах ільнянога адзеньня і проста на рынках. Дзявочыя хусткі-абхінанкі — там жа, яшчэ можна зьвязаць самім ці папрасіць знаёмую бабулю.

7. А ля беларушчына

Можна апрануцца ў звыклае вясельнае адзеньне, але дадаць разнастайнасьці: сучасную мужчынскую кашулю з арнамэнтам, замовіць папругу з арнамэнтам ці пас для спадніцы маладой у майстрыхі альбо запытаць у краме «Ragna», хто можа зрабіць замест кветачак на шпільцы для гасьцей нешта адметнае беларускае.

Аксэсуары Натальлі Ярмалінскай; брэндаў Ragna i Honar

Аксэсуары Натальлі Ярмалінскай; брэндаў Ragna i Honar

Ганна Валынец для Радыё Свабода

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG