Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня быць быдлам, вылучацца сярод расейцаў, займець сувэнір. Для чаго яшчэ людзі робяць нацыянальныя тату? ФОТА


У Палацы мастацтва стартаваў Трэці беларускі фэстываль татуіроўкі «Tattoo Fest 2015», які будзе цягнуцца 30 і 31 траўня.

У Палацы мастацтва стартаваў Трэці беларускі фэстываль татуіроўкі «Tattoo Fest 2015», які будзе цягнуцца 30 і 31 траўня.

У фэсьце бяруць удзел больш за трыццаць тату-майстроў з розных гарадоў Беларусі. Мастакі працуюць паралельна ў адмыслова падрыхтаваных боксах, на вачах наведнікаў набіваючы татуіроўкі.

Як адзначыў арганізатар фэсту, тату-майстар Алесь Таболіч, «у Беларусі цяпер вельмі папулярная нацыянальная татуіроўка — найперш арнамэнт. А на сусьветным узроўні расьце цікавасьць да беларускай татуіроўкі як да асобнага жанру ў гэтым мастацтве».

Радыё Свабода пацікавілася ў наведнікаў фэстывалю, колькі ў іх татуіровак і навошта яны зрабілі сабе тату з нацыянальным калярытам.

Сувэнір зь Беларусі

Марыя. "Сувэнір зь Беларусі"

Марыя. "Сувэнір зь Беларусі"

Марыя праехала з Харкава. Ланцужок-вышыванку вакол рукі набівае ў якасьці сувэніра зь Беларусі. «У мяне ўжо ёсьць пяць малюнкаў — гэта героі коміксаў, лісток канюшыны, розныя абстрацыі. Гэтая вышыванка сымбалізуе беларускія нацыянальныя абярэгі — нешта цікавае для мяне, народнае і нават падобнае на ўкраінскую вышыўку».

Наколатыя сымбалі не забяруць міліцыянты

Зьміцер. "Наколатыя сымбалі не забяруць міліцыянты"

Зьміцер. "Наколатыя сымбалі не забяруць міліцыянты"

У Зьмітра чатыры татуіроўкі — усе на нацыянальную тэматыку: славянскі арнамэнт, герб «Пагоня», крыжак і руны. «Я зрабіў гэтыя тату, калі не было моды на вышыванку і на нацыянальныя татуіроўкі, больш за тры гады таму. Да моды на татуіроўкі з нацыянальным калярытам стаўлюся ня вельмі добра. Трэба, каб гэта ішло ад чалавека, трэба, каб ён прыйшоў да гэтага сам. А калі гэта піяр і жаданьня сябе расфарбаваць, то тады чалавек ня верыць у тыя знакі, які намаляваў на сваім целе». Зьміцер марыць пра татуіроўку з жытнім полем і валошкамі. Кажа, што тады набор сымбаляў, якія адлюстроўваюць яго сьветагляд, быў бы поўным. Хлопец распавёў, што яго нават выклікалі ў міліцыю, дзе зрабілі фотаздымкі татуіровак. «Іх робяць для таго, каб, нават калі цябе распрануць дагала, твае сымбалі застануцца з табой».

Родныя тату рабіць небалюча

Яўген. "Родныя тату рабіць не балюча"

Яўген. "Родныя тату рабіць не балюча"

Гарадзенец Яўген мае сем татуіровак і ўжо другую робіць у нацыянальным стылі — гэтым разам на яго руцэ зьявіцца дзяўчына ў вышыванцы. «Гэта зборны малюнак, тут ня толькі дзяўчына, тут і бусел, і зубар, і валошкі, і вышыванка. Гэта ўсё маё роднае, нацыянальнае». Яўген кажа, што нічога не адчувае, калі працуе тату-майстар: «Ад нацыянальнай татухі ня можы быць балюча».

Ня быць быдлам

Масква. "Ня быць быдлам"

Масква. "Ня быць быдлам"

Папулярныя тэмы — беларускія нацыянальныя сымбалі і арнамэнты, а таксама паганскія матывы. Менавіта такім чынам набіваў на рукі татуіроўкі Максім. «Гэта — мой сьветагляд, я паганец і беларус. На адной руцэ у мяне партрэт Максіма Багдановіча і радкі зь яго верша „Пагоня“. Гэта мой любімы паэт і да таго ж паважаю яго як чалавека». Кажа, што людзі на такія татуіроўкі рэагуюць нэгатыўна. «Татуіроўка дагэтуль асацыюецца з зонай, гэта па-першае. Па-другое, чамусьці думаюць, што я апазыцыянер, калі маю беларускія татуіроўкі. Я не апазыцыянер, я набіў усе гэтыя татуіроўкі, бо не лічу сябе быдлам».

Нарадзіла дзіця і набіла Ў на шчацэ

Маша. Нарадзіла дзіця і набіла Ў на шчацэ

Маша. Нарадзіла дзіця і набіла Ў на шчацэ

Некаторыя тату-майстры адмаўляюцца біць тату на тварах, бо кліент празь некаторы час можа моцна пашкадаваць пра зроблены малюнак. Год таму дзяўчына набіла літару Ў на левай шчацэ. «Мне падабаецца, што гэтая літара ёсьць толькі ў беларускай мове. Агулам у мяне каля 30 татуіровак, але будзе яшчэ больш. На руцэ ў мяне калюмны і бел-чырвона-белы сьцяг. Калі ў мяне нарадзілася дзіця, я пачала шмат думаць пра тое, хто мы. І вырашыла, што хачу выхоўваць дзіця ў беларускай традыцыі». Марыя кажа, што ня хоча сваімі татуіроўкамі нешта дэманстраваць, лічыць іх упрыгожваньнем цела. «Зразумела, што людзі часта задаюць пытаньні, бо я маю татуіроўкі на самым бачным месцы — на твары. Ну спакойна тлумачу, канфліктаў не было».

Расейцы ў лазьні запытваюць, што такое Пагоня

Уладзімер. Расейцы ў лазьні запытваюць, што такое Пагоня

Уладзімер. Расейцы ў лазьні запытваюць, што такое Пагоня

Уладзімер працуе ў Расеі. Набіў на плечы герб «Пагоню» і элемэнты нацыяныльнага арнамэнту прыкладана год таму, «калі сьвет пачаў адварочвацца ад дэмакратыі ў бок таталітарызму і хлусьні». «Тут у мяне выява зубра, сымбалі багацьця, жыцьця, любові да дзяцей. Я хачу, каб мы ганарыліся сваёй краінай і гаварылі на сваёй мове. Як толькі ў Расеі заходжу ў лазьню, усе разумеюць, што я зь Беларусі. Я гэтым ганаруся. Я жорсткі чалавек, таму ніхто не асьмельваецца мне нічога казаць. Канфліктаў проста ня можа быць. Але пытаюцца, што значыць герб. Я адказваю, што ўлады мяняюцца, а беларускі сымбаль застаецца ў сэрцы — гэта Пагоня. І вырваць яго можна толькі са скурай. Гэта мая цьвёрдая пазыцыя, ад якой я ні ўправа ні ўлева не адступлюся. Увогуле, для мяне тату — гэта не мастацтва, а толькі пазыцыя».

31 траўня ў клюбе «Re:Public» у 18.00 пачнецца after-party «Tattoo Fest 2015» — падвядзеньне вынікаў фэсту і вялікі рок-канцэрт з удзелам гуртоў «Neuro Dubel», «Дай Дарогу!», «Znich», «Эксперимент 12».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG