Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не стамлюся пісаць: пакуль беларусы спрачаюцца зь бяскрыўдным прынятым у Расеі словам «Белоруссия», на ангельскай, нямецкай і іншых вэрсіях Вікіпэдыі там-сям вельмі навукова і з спасылкамі на дужа аўтарытэтныя польскія крыніцы напісана, што Беларусь — гэта штучнае ўтварэньне і акупаваныя польскія землі, а перад гэтым яна была падпарадкаваная «Вялікаму Летувіскаму Кунігасаўству» на чале зь «Вітаўтасам» і «Міндаўгасам».

Чытайце самі (гэта толькі прыклады):

http://en.wikipedia.org/wiki/Kresy
http://en.wikipedia.org/wiki/Ethnographic_Lithuania
http://en.wikipedia.org/wiki/The_Holocaust_in_Belarus
http://en.wikipedia.org/wiki/Lithuanian_nobility

Трэба разумець, што Вікіпэдыя — гэта вам не забаўка для эрудытаў, а найбольш уплывовы ў сьвеце даведнік, зь якога большасьць людзей пачынае пошук інфармацыі па будзь-якой цікавай ім тэме.

І ніхто зь беларусаў гэтым не пераймаецца, і ніхто не аказвае інфармацыйнага супраціву польскім і летувіскім шкалярам-шавіністам, якія перапісваюць артыкулы пра Беларусь і на калябеларускія тэмы.

Беларусаў чамусь куды больш абурае, калі расейцы іхную краіну называюць «Белоруссия». Пры тым, што гэтае слова нават па-расейску не азначае «Белая Расея».

Дарэчы, аматараў барацьбы супраць няправільнага напісаньня геаграфічных назваў магу дадаткова «парадаваць»: у ангельскай Вікіпэдыі беларускія гарады зь нядаўняга часу афіцыйна называюцца «Grodno», «Gomel», «Mogilev», «Vitebsk» замест ранейшых, адпаведна, «Hrodna», «Homel», «Mahiliou» і «Vitsebsk».

Беларусаў чамусь куды больш абурае, калі расейцы іхную краіну называюць «Белоруссия». Пры тым, што гэтае слова нават па-расейску не азначае «Белая Расея».

Каго як, а мяне словы «Grodno» і «Mogilev» раздражняюць і абражаюць несувымерна больш за слова «Белоруссия». Бо яны на падсьвядомым узроўні нясуць куды больш выразны сыгнал: «Кродно — гэта польскі горад, а Моджілэв — расейскі, а Беларусь ці Белоруссія ці як яе там — гэта скроеная з польскіх і расейскіх земляў дзяржава».

Раскрыю страшную таямніцу: беларуская паваенная эміграцыя амаль 50 гадоў па-ангельску паўсюль называла краіну «Byelorussia», а народ — «Byelorussians». І нічога. І я ня думаю, што радных БНР, былых актывістаў СБМ або афіцэраў БКА, якія засталіся вернымі прысязе нават у выгнаньні, можна западозрыць у недастатковым беларускім патрыятызьме.

Слова «Belarus» было вынайдзена ў пачатку 90-х: пры перайменаваньні Беларусі з БССР у «Рэспубліку Беларусь» у верасьні 1991 года было афіцыйна пастаноўлена называць Беларусь ва ўсіх без выключэньня мовах літаральна «Беларусьсю». Па-свойму гэта была файная знаходка: кароткае, ёмістае і ўнівэрсальнае слова і эфэктыўны сродак, каб нэўтралізаваць прыніжальны няправільны пераклад «Белая Расея», як Беларусь называюць на большасьці моваў.

Зь іншага боку, слова «Belarus» цалкам супярэчыць традыцыйным назвам Беларусі ў заходнеэўрапейскіх мовах. Мы самі сябе, атрымліваецца, назвалі нейкай новай назвай, як быццам бы мы нейкая наноў узьніклая краіна без гісторыі, спадчыны і нават нармальнай традыцыйнай назвы — што вельмі ўдала ўпісваецца ў антыбеларускую гістарычную міталёгію, пяшчотна падтрыманую адначасова польскімі, летувіскімі і расейскімі нацыяналістамі.

Зь іншага боку, слова «Belarus» цалкам супярэчыць традыцыйным назвам Беларусі ў заходнеэўрапейскіх мовах.

Па мне, дык куды больш мэтазгодна было б на кожнай мове перакладаць «Беларусь» індывідуальна як «Белая Русь» (не «Белая Расея»). Па-нямецку гэта было б «Weißruthenien» (як Беларусь да Другой Сусьветнай і называлася), па-француску — «Ruthenie Blanche», па-ангельску «White Ruthenia» і гэтак далей. Па-польску і па-ўкраінску Беларусь так, дарэчы, і называецца — «Białoruś» і «Білорусь» (не «Biało-Rosja» і не «Біло-Росія»). Гэта было б куды больш гістарычна і куды лепш дэманстравала б гістарычную пераемнасьць Беларусі ад прынамсі рускай часткі яе гістарычнай спадчыны. Але гэта ўжо назад наўрад ці адматаеш назад. Цяпер ужо прасьцей канчаткова прывучыць немцаў, што мы «Бэлярус», а не «Вайсруслянд».

Файна, вядома, калі хаця б слова «Белоруссия» прымушае таго ці іншага беларуса да глыбіні душы абразіцца і падняцца ўва ўвесь рост на абарону Бацькаўшчыны ад замежнага супастата. Для пачатку і гэта ня блага — значыцца, хоць нейкія рэфлексы і нейкую нацыянальную самапавагу нашыя людзі маюць. Але лепей усё ж было б пераключыцца на якіясьці больш важныя рэчы.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG