Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў імя свайго новага дарадцы па нацыянальнай бясьпецы — гэта генэрал-лейтэнант Гэрбэрт Макмастэр. Прэзыдэнт назваў генэрала «чалавекам вялікага таленту і велізарнага вопыту».
Макмастэру 54 гады. Ён служыў у Аўганістане, удзельнічаў у вайне ў Пэрсыдзкай затоцы, апэрацыях у Іраку. Генэрал вядомы таксама сваім крытычным стаўленьнем да палітыкі ЗША і ролі амэрыканскіх лідэраў у гады Віетнамскай вайны. Генэрал Макмастэр зьменіць звольненага Трампам у адстаўку былога дарадцу па нацыянальнай бясьпецы Майкла Фліна.
Флін падаў у адстаўку 13 лютага пасьля таго, як ён прызнаў, што ўвёў у зман службоўцаў з каманды прэзыдэнта Трампа наконт зьместу сваіх кантактаў з паслом Расеі ў ЗША.
Флін спачатку сказаў віцэ-прэзыдэнту Майку Пэнсу, што ў сьнежні 2016 году падчас неаднаразовых гутарак з паслом Расеі Сяргеем Кісьляком не абмяркоўваў санкцыяў у той час, калі былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама рыхтаваў новыя санкцыі супраць Расеі з прычыны магчымага ўмяшаньня Масквы ў прэзыдэнцкія выбары.
Гэтыя заявы Фліна дазволілі Пэнсу ў тэлевізійным інтэрвію выступіць у абарону дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.
Але празь некаторы час Флін у адказ на апублікаваныя даклады амэрыканскіх спэцслужбаў прызнаў, што, магчыма, абмяркоўваў санкцыі з Кісьляком. Такое абмеркаваньне магло быць парушэньнем законаў ЗША, якія забараняюць прыватным асобам (а ў сьнежні 2016 году Флін яшчэ не займаў ніякіх афіцыйных пасадаў) весьці зьнешнепалітычныя перамовы.