Люблінскі суд горада Масквы прызначыў кампэнсацыю за сьмерць журналіста «Новай газэты» Ігара Домнікава ў памеры 200 тысяч рублёў. Пазоў падавала ўдава забітага карэспандэнта супраць заказчыка забойства — былога віцэ-губэрнатара Ліпецкай вобласьці Сяргея Дароўскага.
Як тлумачыць рэдакцыя, сума кампэнсацыі, заяўленая ў пазове, была значна больш — 10 млн рублёў. Але суд пагадзіўся з довадамі прадстаўніка былога чыноўніка, што той цяпер знаходзіцца на пэнсіі і штомесяц атрымлівае толькі 13 тысяч рублёў, і зьнізіў суму кампэнсацыі да 200 тысяч рублёў.
Журналіста «Новай газэты» Ігара Домнікава забілі малаткамі ў падʼезьдзе ўласнага дома ў ліпені 2000 года, ён памёр у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасьць.
У 2013 годзе ў судзе выканаўцы забойства далі прызнальныя паказаньні па справе пра забойства Домнікава. Злачынцы атрымалі працяглыя тэрміны — аж да пажыцьцёвага. Тады ж члены групоўкі заявілі, што заказчыкам злачынства быў Сяргей Дароўскі, які на той момант займаў пасаду віцэ-губэрнатара Ліпецкай вобласьці.
Падазраванага зьмясьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, але суд над Дароўскім ўвесь час адкладаўся: адвакаты спасылаліся на ўзрост і дрэннае здароўе заказчыка забойства.
Сяргей Дароўскі добраахвотна зьявіўся ў Люблінскі суд Масквы 13 траўня 2015 года. Менавіта ў гэты дзень скончыўся тэрмін даўніны злачынства па частцы 4 артыкула 111 КК РФ (цяжкія цялесныя пашкоджаньні, якія пацягнулі сьмерць пацярпелага). У той жа дзень суд пастанавіў вызваліць былога чыноўніка ад адказнасьці па нерэабілітуючых падставах.