Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДІПЧ прапанаваў беларускім уладам істотна зьмяніць правілы і практыку правядзеньня выбараў


Дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Міхаэль Георг Лінк разам з двума экспэртамі Бюро сёньня ў Менску правёў сустрэчу з кіраўніцтвам Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Падчас размовы, якая цягнулася больш за гадзіну, прадстаўнікі БДІПЧ прапанавалі ўнесьці істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства і практыку правядзеньня выбараў.

«Мы не абмяркоўвалі кожную канкрэтную прапанову Бюро, але мы падзялілі іх на тры вялікія блёкі», — распавёў Свабодзе па выніках сустрэчы сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

«У першы блёк увайшлі рэкамэндацыі, якім можна надаць норму закону толькі праз рэфэрэндум. Напрыклад, экспэрты БДІПЧ лічаць, што зусім не абавязкова, каб кандыдат на прэзыдэнта апошнія 10 год жыў на тэрыторыі Беларусі. Мы не спрачаліся пра сутнасьць гэтай нормы, аднак патлумачылі, што адзіны законны шлях яе памяняць — гэта рэфэрэндум.

У другі блёк увайшлі прапановы па зьмяненьні Выбарчага кодэксу і некаторых рэспубліканскіх законаў, напрыклад, якія тычацца СМІ, правоў чалавека, якія можна прыняць праз парлямэнт. Зноў жа мы дэталёва не абмяркоўвалі канкрэтныя рэкамэндацыі. Толькі зьвярнулі асобную ўвагу на фактар часу. Сэсія Палаты прадстаўнікоў пачнецца 2 красавіка. А на пачатку чэрвеня ўжо трэба абвяшчаць выбарчую кампанію. Часу вельмі мала.

Таму мы сказалі спадару Лінку, што гатовыя зрабіць асноўны ўпор на трэці блёк. Гэта значыць — папрацаваць над прапановамі БДІПЧ, якія тычацца найперш практыкі правядзеньня выбараў і якія можна рэалізаваць праз пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Гэта, напрыклад, больш адкрыты падлік галасоў, больш даступная праверка сабраных подпісаў за кандыдатаў, пашырэньне правоў міжнародных назіральнікаў і г.д.

Асобна ўзьнялі пытаньне пра фармаваньне выбарчых камісіяў. Мы ад імя ЦВК будзем рэкамэндаваць выканкамам і саветам ствараць такія камісіі больш плюралістычнымі. Але ж суб’екты, якія гэтым займаюцца, фармальна не падначаленыя Цэнтравыбаркаму. Таму гэтае пытаньне Лідзія Ярмошына паабяцала паставіць на сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Нам было прыемна, што дырэктар БДІПЧ падзякаваў за гатоўнасьць да супрацы. Ён прапанаваў правесьці сустрэчы экспэртаў ад БДІПЧ і Беларусі, на якіх спэцыялісты абмеркавалі б, якія прапановы на якім этапе і ў якім аб’ёме можна рэалізаваць. Мы з гэтым пагадзіліся».

Дырэктар БДІПЧ прывёз з сабою ў Менск і выніковую справаздачу пра назіраньне місіі Бюро за апошнімі выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Сёньня ж гэты дакумэнт зьявіўся для свабоднага прагляду і на афіцыйным сайце БДІПЧ.

Як і меркавалі спэцыялісты ў галіне выбараў, выніковая справаздача нічым прынцыповым не адрозьніваецца ад папярэдняй.

Галоўная выснова абодвух дакумэнтаў аднолькавая — Беларусі трэба прайсьці значны шлях, перш чым яна зможа выконваць свае абавязаньні ў рамках АБСЭ па правядзеньні дэмакратычных выбараў.

Для гэтага, падкрэсьліваецца ў справаздачах, неабходная палітычная воля на правядзеньне комплексных рэформаў.

У Беларусь сёньня таксама павінен быў прыляцець намесьнік старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кент Харстэд, які зьбіраўся далучыцца да дэлегацыі БДІПЧ. Спадар Харстэд быў кіраўніком кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак, як паведаміў на сустрэчы ў ЦВК спадар Лінк, Кент Харстэд ляцеў у Менск іншым маршрутам (праз Маскву) і спазьніўся пры перасадцы на менскі самалёт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG