Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД заклікала ўжо цяпер не прызнаваць вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі


Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

Беларускія хрысьціянскія дэмакраты заклікалі дэмакратычныя сілы Беларусі, грамадзкіх дзеячаў ужо сёньня даць ацэнку прэзыдэнцкай кампаніі як нелегітымнай і ўжо цяпер не прызнаваць яе вынікаў.

Адмысловая заява зроблена ў сувязі з абвешчанай датай галасаваньня і «растучай колькасьцю спэкуляцыяў на тэму неабходнасьці легітымацыі існай улады перад пагрозай незалежнасьці Беларусі з боку Расеі».

БХД заклікае ўсе дэмсілы Беларусі, грамадзкіх дзеячаў «ужо сёньня далучыцца да ацэнкі выбарчага працэсу як нелегітымнага».

«Спрыяльныя для рэжыму зьнешнепалітычныя ўмовы даюць падставу многім як у Беларусі, так і за мяжой для заклікаў да легалізацыі рэжыму. Адной з падставаў такога можа стаць ацэнка будучай кампаніі як „больш дэмакратычнай“ за папярэднія», — гаворыцца ў заяве.

БХД адзначае, што гэтыя выбары праходзяць без уліку ацэнкі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, АБСЭ, а таксама ўрадамі дэмакратычных краін сьвету рэфэрэндумаў 1996 і 2004 гадоў, вынікі якіх прызнаныя нелегітымнымі. Гэта значыць, што ніхто ня мае права абірацца на пасаду прэзыдэнта больш як на два тэрміны. Таксама ў заяве адзначаецца, што асноўныя апанэнты рэжыму, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч, Андрэй Саньнікаў і многія іншыя палітычныя дзеячы незаконна пазбаўленыя магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах. Не адбылося неабходных зьмен і ў выбарчым заканадаўстве.

«Усё гэта дае падставы даць ацэнку прэзыдэнцкай кампаніі як нелегітымнай і ўжо цяпер не прызнаваць яе вынікаў. Легалізацыя сёньняшняй улады ня толькі не абароніць незалежнасьць Беларусі, але зробіць легітымнымі ўсе акты па здачы сувэрэнітэту, ці ўжо падпісаныя ёй, ці тыя, што яна падпіша ў будучым. Пасьпешлівыя саступкі рэжыму на падставе эканамічных інтарэсаў могуць прывесьці да катастрофы ў будучым. Нягледзячы на разьяднанасьць дэмакратычнай апазыцыі і незалежна ад тых палітычных кампаніяў, якія праводзяць розныя палітычныя сілы, ёсьць усе падставы даць усім разам ацэнкі будучай кампаніі. Гэта будзе важным і правільным крокам для ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі», — заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Камэнтуючы гэтую заяву БХД карэспандэнту Свабоды, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Анатоль Лябедзька адзначыў:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Мы, а гэта шэсьць палітычных структураў, у сакавіку зрабілі заяву. Яе сэнс быў у тым, каб тэрмінова ўнесьці ў выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку зьмены. Для таго каб павысіць якасьць выбарчых кампаніяў. Бо старыя правілы з новымі папраўкамі толькі пагаршаюць заканадаўства і правапрымяняльную практыку. Тое, што ўлады адмовіліся гэта рабіць, дае палітычныя і юрыдычныя падставы ўжо сёньня заяўляць, што паводле гэтых правілаў нельга правесьці свабодныя і сумленныя выбары. Таму я ў прынцыпе лічу, што падставы для гэтага ёсьць ужо сёньня, і мы гатовыя абмяркоўваць гэтую сытуацыю і даваць аб’ектыўны аналіз таго, што мы на сёньняшні дзень маем».

Але ці варта ў такой сытуацыі браць удзел у выбарчай кампаніі?

«Удзельнічаць абсалютна зразумела. Мы паўтараем кожны раз, што мы ўдзельнічаем у палітычнай кампаніі, а ня ў выбарах. А па-другое, што тычыцца задач. Першая задача — не дапусьціць легітымацыі вынікаў выбарчай кампаніі без свабодных і сумленных выбараў. Такая заява мае права на жыцьцё, але патрэбны будзе і збор фактаў і дадзеных уручную. Бо дрэнная якасьць заканадаўства можа быць недастатковай для міжнароднай супольнасьці. Таму мы будзем зьбіраць факты праз свой удзел. Другая задача — гэта прапанаваць людзям праграму „Новых працоўных месцаў“ як эканамічную альтэрнатыву і праз гэта пашырыць кола ўдзельнікаў палітычнага працэсу. Гэтыя задачы ніхто не здымае з парадку дня, і ніякая заява іх не вырашае. Для гэтага трэба ўдзельнічаць у кампаніі. Па сваіх правілах і па сваім сцэнары».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Сябра кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч сказаў, што праваабаронцы будуць назіраць за выбарамі і з таго, што яны ўбачаць, зробяць высновы. Заяву БХД ён лічыць палітычнай.

«Гэта іх права такія заявы рабіць. Але гэта хутчэй палітычная заява. Для нас жа вельмі важныя пытаньні працэдур. Менавіта на іх мы зьвяртаем увагу. Наколькі яны выконваюцца ў адпаведнасьці зь дзейным нацыянальным заканадаўствам. А таксама — наколькі яны адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне свабодных, дэмакратычных выбараў. Мы будзем назіраць за ўсімі этапамі кампаніі і даваць ацэнку кожнаму з этапаў, менавіта зыходзячы з працэдурных пытаньняў і таксама міжнародных стандартаў. А напрыканцы ўжо будзем заяўляць пра тое, што мы ўбачылі, якія вынікі нашага маніторынгу і наколькі сапраўды працэдуры выконваліся».

XS
SM
MD
LG