Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД падарыла ўраду і Мінэканомікі пустыя гаманцы


Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

Магчыма, кіраўнікі ведамстваў і ня прымуць падарункі, але ў час акцыі хрысьціянскім дэмакратам удалося запісацца на прыём да міністраў працы і эканомікі.

Сябры аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова, Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі і Марына Хоміч 5 траўня занесьлі ў Міністэрства эканомікі і Савет міністраў пустыя гаманцы ды прапановы па эканамічных рэформах (прапановы таксама скіравалі ў Адміністрацыю Лукашэнкі, Мінфін і Нацбанк). За актывістамі і прадстаўнікамі прэсы назіралі людзі ў цывільным з камэрамі, але затрыманьняў і пратаколаў не было.

«У людзей гаманцы пустыя, а ў міністраў грошы падзець няма куды»

Чаму гаманцы пустыя, калі беларускі рубель прыпыніў імклівае падзеньне да даляра, а цэны на нафту растуць?

«Кошт даляра да беларускага рубля і цэны на нафту ніяк не зьвязаныя з ростам беларускай эканомікі і дабрабытам беларусаў, — кажа Свабодзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Людзі бяднеюць. Трэба глядзець не на тое, што курс даляра падае, а на тое, што цэны ў крамах растуць і ў даляравым, і ў рублёвым эквіваленце.

БХД распрацавала ў мінулым годзе разам зь вядучымі экспэртамі праект эканамічных рэформаў і шэраг іншых праектаў. І для таго, каб прыцягнуць увагу чыноўнікаў да гэтага пытаньня, правялі такую акцыю, перадалі пустыя гаманцы. У людзей грошай няма, гаманцы пустыя, а ў міністраў, мы перакананыя, грошы падзець няма куды. Таму мо яны і скарыстаюцца гэтымі гаманцамі, каб свае заробкі раскідваць туды.

Але калі сур’ёзна, разам з гаманцамі мы перадалі праект рэформаў і запісаліся на прыём 20-га зь міністрам працы і на 4 чэрвеня зь міністрам эканомікі. Зрабілі гэта вельмі хутка, дарэчы, бо міністар эканомікі прымае грамадзян раз на месяц толькі паўдня. Звычайнаму грамадзяніну запісацца вельмі складана. Нашы экспэрты спрабавалі запісацца па розных пытаньнях у розныя міністэрствы — можаце праверыць самі, гэта няпроста зрабіць. Таму вынік мы атрымалі, бо я перакананы, што калі прапановы звычайным шляхам пакласьці ў скрыню, мы б атрымалі звычайную адпіску. А мы патрабуем рэальных эканамічных рэформаў».

Відэа з акцыі публікуе тэлеканал «Белсат»:

А ці па адрасе несьлі?

Асабіста Лукашэнка нядаўна казаў, што ўрад хоча «замест хлеба людзям даць нейкую рэформу». Дык мо не туды несьлі гаманцы, ня тыя людзі павінны чытаць пра рэформы?

«Нельга недаацэньваць ролю і ініцыятыву кожнага. Трэба браць адказнасьць на сябе, — адмаўляе Рымашэўскі. — Я перакананы, Лукашэнку разам зь некалькімі дзясяткамі сілавікоў пляваць на рэформы, ім абы захаваць статус-кво, абы рэпрэсіўны апарат быў. Але калі б усе астатнія ў адзін голас сказалі, што рэформы патрэбныя, падтрымалі б праекты рэформаў БХД і іншых дэмакратычных сілаў, а гэтыя прапановы сугучныя нашым, то Лукашэнка мусіў бы ісьці на саступкі.

Адзіны сродак, які ёсьць сёньня ў беларусаў, каб дамагчыся лепшага жыцьця, — гэта быць салідарнымі і аказваць супольны ціск на ўладу, на чыноўнікаў і праз чыноўнікаў на Лукашэнку, калі ён простых людзей ня чуе. Шляхі ціску самыя розныя — і выхад на Плошчу на негвалтоўныя дэманстрацыі, і праз збор подпісаў, і праз такія акцыі».

Начальнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Міністэрства эканомікі Віктар Еўтухоў сказаў БелаПАН, што пусты гаманец міністру не перадалі, хоць актывісты спрабавалі гэта зрабіць.

«Прыйшла група людзей, перадалі зварот, яго зарэгістравалі. Таксама яны хацелі запісацца на прыём да міністра фінансаў. Калі нам удалося растлумачыць, што яны знаходзяцца не ў Міністэрстве фінансаў, а ў Міністэрстве эканомікі, яны адкарэктавалі сваю просьбу і запісаліся на прыём да міністра эканомікі. Гаманцом нейкім махалі, у рукі спрабавалі соваць, але ніхто яго ня ўзяў».

// related: «Ці магчымая ў Беларусі „шокавая тэрапія“ ў эканоміцы?», «Хто лепш спрагназаваў эканамічны рост Беларусі — урад ці Сусьветны банк», «Ўсебеларускі народны сход: „Як будзем жыць заўтра“» і «Беларуская эканоміка дасягнула дна. Ці пастукаюць зьнізу?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG