Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БЧБмабілі» месяц на дарогах: «Інцыдэнты ствараюць прэцэдэнты»


15 чэрвеня «Арт-сядзіба» і Symbal.by запусьцілі акцыю #БЧБмабіль: першым ахвочым кіроўцам раздавалі камплект з двух бел-чырвона-белых аўтамабільных сьцяжкоў.

У адрозьненьне ад налепак, ужываньне якіх на аўтамабілях у Беларусі строга рэглямэнтаванае, аўтасьцяжкі можна ўжываць вольна. Не забароненыя ў Беларусі і бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» — герб наагул прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

Але некаторых кіроўцаў «БЧБмабіляў» ня раз спынялі міліцыянты.

Так, таксоўшчыка і актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова затрымалі і папрасілі пісаць тлумачэньні, а за гэты час нехта невядомы скраў сьцяжкі з машыны, якая стаяла пад самым аддзяленьнем міліцыі. Таксоўшчыка адпусьцілі без абвінавачаньняў: паводле афіцыйнай вэрсіі, проста правяралі асобу.

Грамадзкі актывіст Яўген Батура без тлумачэньняў быў затрыманы на акцыі салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам («Джонам Сільвэрам»). Яго «БЧБмабіль» пазьней апісалі, кажучы, што машына нібыта ва ўгоне. А праз тыдзень вярнулі, так і ня даўшы ніякага афіцыйнага тлумачэньня.

Менчука Цімафея Дранчука двойчы затрымлівалі ў «БЧБмабілі», але абодва разы штрафавалі за таніроўку задняга шкла. Дранчук кажа, што налепка па сьвятлопрапускальнасьці аналягічная заводзкім парамэтрам, але прызнае, што любыя такія налепкі забароненыя ў Беларусі. Аўтамабіліст перакананы: спынялі яго менавіта за сьцяжкі.

«Ёсьць некалькі пазытыўных вынікаў, некалькі нэгатыўных, — кажа Свабодзе пра акцыю дырэктар „Арт-сядзібы“ Павал Белавус. — Першы і галоўны пазытыўны вынік: сымболіка сапраўды запатрабаваная людзьмі, яны гатовыя ня толькі насіць яе на адзеньні, але і ўпрыгожваць аўто, езьдзіць і не баяцца.

Адгукнулася велізарная колькасьць людзей, якія хочуць сабе сьцяжкі. Ёсьць тыя, хто толькі цяпер пачуў пра акцыю і захацеў далучыцца. Акцыя працягваецца — усім, хто зьвяртаецца, мы з прыемнасьцю даём сьцяжкі.

Мы ведалі, што нейкія інцыдэнты будуць, але інцыдэнты ствараюць прэцэдэнты. Ніякіх сур’ёзных наступстваў не было, нікога не саджалі і аўто не канфіскоўвалі. А тыя выпадкі, што былі, даказваюць, што часам „нізы“ прымаюць рашэньні па інэрцыі: пабачыў бел-чырвона-белы сьцяг на машыне — дык гэта злачынства, трэба прымаць меры. А па выніку незаконнага не знаходзяць, выпадкі грамадзтвам высьмейваюцца.

Цяпер як у мінулым годзе было зь цішоткамі з „Пагоняй“: тады ў іх не пускалі на стадыён, у гэтым годзе такога не чуваць. Тое самае са сьцяжкамі: калі будзе рэзананс, то ў будучыні ніжэйшыя і вышэйшыя чыноўнікі яшчэ падумаюць, ці затрымліваць чалавека, ці пакінуць у спакоі, каб ня мець праблемаў і нэгатыўнага піяру».

Павал Белавус заўважае, што па сьцяжкі зьвяртаюцца людзі на розных машынах: ад «Жыгулёў» да люксавых аўто і нават трактароў, людзі зь сярэднімі заробкамі і людзі забясьпечаныя, людзі зь Менску і з рэгіёнаў. Ён лічыць гэта знакам таго, што нацыянальную сымболіку шануюць шырокія пласты насельніцтва. А тэму «БЧБмабіляў» асьвятляюць самыя розныя мэдыі, на партале Tut.by пад навіной пра акцыю разгарнулася дыскусія амаль на 900 камэнтароў.

Акцыя працягваецца, а тым часам «арт-сядзібаўцы» падрыхтавалі наступную: яны паабяцалі вырабіць столькі налепак з «Пагоняй», колькі лайкаў у сацсетках зьбяруць адпаведныя пасты. І ім давядзецца вырабляць прынамсі пяць тысяч камплектаў. Налепкі, абяцае «Арт-сядзіба», будуць розных памераў, падыдуць для аўто, ровараў, ноўтбукаў і тэлефонаў.

XS
SM
MD
LG