Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Басовішча» сёньня стартуе ў Менску. Ці варта ісьці?


У менскім «Ілі» можна будзе бясплатна паслухаць 10 канкурсантаў фэстывалю «Басовішча» і леташніх пераможцаў конкурсу. Свабода спытала адмыслоўцаў, ці варта ісьці на 10-гадзінны канцэрт.

Адборачны тур фэстывалю «Басовішча» пад назвай «Адборышча» з удзелам канкурсантаў і мінулых пераможцаў пройдзе ў менскім «Ілі» 19 лютага. Ад 16 вечара да другой гадзіны ночы будуць выступаць пераможцы мінулага «Басовішча» Tonqixod і Navi, адмысловыя госьці Akute, Ilo&Friends і Warszaw Balkan Madness, а таксама 10 прэтэндэнтаў на перамогу ў «Басовішчы-2016». Уваход на канцэрт вольны

Дзясятка канкурсантаў, адабраных журы сярод 35 заявак, такая:.K, Adarviroh, Angst, Antoś Zwyczajny, Haina, Intelligency, M.G., Pauline, The Glitchhh і Yamaya. Спаміж іх журы абярэ чатырох фіналістаў.

Сяргей Будкін

Сяргей Будкін

«Конкурс досыць скамечаны быў апошнія год пяць, — згадвае музычны крытык і кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін. — Арганізатары не маглі вызначыцца, патрэбны ён ці не, нават яго не праводзілі, потым праводзілі віртуальна і абіралі гурты па запісе. Была праблема зь віртуальным адборам, што летась была пераможца Naka, якая не паехала на фэстываль. Выглядала даволі дзіўна, калі гурты ўзроўню Naka і Re1ikt спаборнічалі з гуртамі, якія месяц толькі граюць.

Урэшце прыйшлі да такога варыянту: перадпраслухоўваньне запісаў — жывы конкурс-паўфінал у Менску — фінал з чатырма камандамі непасрэдна на фэстывалі. І зрабілі абмежаваньне, што сярэдні ўзрост музыкаў ня можа перавышаць 30 год. Але не абмяжоўвалі новыя праекты, удзельнікі якіх гралі ў іншых гуртах.

Лічу, узровень канкурсантаў даволі высокі. Галоўная адметнасьць іх — разнастайнасьць. Раней „Басовішча“ давала значны крэн у гардкор у сярэдзіне нулявых, у брутальную музыку. Потым палягчэла...

А цяпер ёсьць што абіраць з розных стыляў: ёсьць электроніка, ёсьць рэп, някепскае інды. Брутальнай музыкі, дарэчы, мала.

У мяне асабіста ўжо ёсьць свае фаварыты, але ўсё можа зьмяніцца пасьля жывога праслухоўваньня».

Адзін зь леташніх пераможцаў, Арцём Лук’яненка з гурту Navi лічыць, што сам адбор можа быць хутчэй мерапрыемствам для крытыкаў, але згадвае, што, акрамя адбору, будзе і канцэрт ужо добра вядомых слухачам гуртоў:

«Пакуль не магу нечага дакладнага сказаць пра канкурсантаў, бо трэба яшчэ раз прагледзець-праслухаць усіх. Але спадзяюся, што гэта будзе ня менш цікавы адбор, чым раней. Ёсьць некалькі дастаткова цікавых, на наш погляд, выканаўцаў, няхай у іх усё атрымаецца!

Мне здаецца, супэр-аматару беларускай музыкі абавязкова схадзіць на „Адборышча“, а простаму аматару, звычайнаму слухачу цікавей трапіць на само „Басовішча“, паслухаць ужо адабраных канкурсантаў. Але на „Адборышча“ можна прыйсьці як проста на канцэрт, мы там таксама возьмем удзел, зайграем у акустыцы».

Яшчэ адзін леташні пераможца, гітарыст і вакаліст гурту Tonqixod Уладзь Лянкевіч вітае вяртаньне жывога адбору на «Басовішча» і раіць наведаць «Адборышча» ўсім слухачам:

«На мой погляд, гэта цудоўна, бо не заўсёды запісы даюць уяўленьне пра гурт. У той жа рок-музыцы яе сцэнічнае ўвасабленьне часта адрозьніваецца, часта бывае лепшым і часта горшым за запісы. Безумоўна, сярод канкурсантаў ёсьць гурты, якія недзе прагучалі, якіх людзі чулі.

Нехта мае альбом, некаторыя ж гурты ў мэдыйнай прасторы амаль не прысутнічалі. Але тое, што адбор адбываецца па выніку рэальнага канцэрту і выступу, гэта ўраўноўвае ўмовы.

У жывых выступах сутнасьць такога віду творчасьці. Трэба глядзець ужывую — і трэба на канцэрт ісьці абавязкова. Напраўду, некаторыя з гэтых гуртоў мне падабаюцца. Дый акрамя іх, будуць цікавыя выступы беларускіх і польскіх калектываў, таму гэта проста файны канцэрт шалёнай даўжыні, музычны маратон. І ўваход вольны — у нашы крызісныя часы паслухаць, як людзі ўжывую робяць музыку, то грэх не схадзіць!»

«Басовішча-2016» стане ўжо 27-м штогадовым фэстывалем. Яно традыцыйна пройдзе каля Гарадка, што пад Беластокам (Польшча), і зойме два дні: 22 і 23 ліпеня. Пераможца конкурсу атрымае грашовую ўзнагароду, дадатковы выступ на другі дзень фэсту, гарантаваны выступ на наступным «Басовішчы» і ратацыю на «Радыё Рацыя».

XS
SM
MD
LG