Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканаміст Андрэй Юркоў: Я ня думаю, што ва ўмовах сапраўднай канкурэнцыі з польскімі ці ўкраінскімі фірмамі кампанія Баскіна была б настолькі пасьпяховая


Кіраўніка групы кампаніяў «Сэрвалюкс» Яўгена Баскіна пасьля тыдня за кратамі выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Выказваюцца меркаваньні, што бізнэсовец кампэнсаваў суму шкоды, якая яму інкрымінавалася, — 370 млрд беларускіх рублёў.

Эканаміст Андрэй Юркоў з Магілёўшчыны лічыць Яўгена Баскіна ахвярай сутыкненьня прыватнага бізнэсу зь дзяржаўнай эканомікай. Паводле яго, у канкурэнцыі гэтых дзьвюх эканамічных формаў гаспадараньня выйграе прыватны бізнэс. Але надыходзіць момант, кажа экспэрт, калі ў дзяржавы не хапае грошай, і трэба іх аднекуль браць.

Андрэй Юркоў

Андрэй Юркоў

«З калгасаў ці дзяржаўных прадпрыемстваў што можна ўзяць? Яны і так ледзь жывыя. Дык вось, дзяржава бярэ, як умее, у прыватных фірмах. Аднак такая форма ўзаемінаў саму крыніцу праблемаў не вырашае, бо ў нас неэфэктыўная сыстэма гаспадараньня ў краіне наагул. Прыватныя фірмы і дзяржаўныя прадпрыемствы — у абсалютна розных варунках. У іх розныя мэнэджмэнт, матывацыя, стасункі ўнутры арганізацыяў, нацэленасьць на эфэктыўнасьць працы».

Андрэй Юркоў ня бачыць станоўчых наступстваў для эканомікі і грамадзтва ад такога абыходжаньня зь бізнэсоўцамі. Ён падкрэсьлівае, што кампанія Баскіна будзе працаваць, як працавала. Зьняволеньне кіраўніка істотна не адбілася на працы кампаніі, лічыць экспэрт.

«Рэч у тым, што прыбыткі, якія мела гэта кампанія, і экспансія, якую яна праводзіла, залежалі ня столькі ад эфэктыўнасьці бізнэсу, колькі ад галечы навокал. То бок прадпрыемствы даводзіліся да банкруцтва, а потым буйная фірма іх паглынала. Я ня думаю, што ва ўмовах сапраўднай канкурэнцыі з польскімі ці ўкраінскімі фірмамі кампанія Баскіна была б настолькі пасьпяховая. Яе манаполіі проста б не было», — мяркуе Андрэй Юркоў.

Што да настрояў у беларускай бізнэс-супольнасьці, то ён лічыць: калегаў Баскіна, якіх пакуль абмінула хваля зьняволеньняў, гісторыя зь ім шмат чаму навучыла. Цяпер яны будуць больш абачлівымі і будуць выкарыстоўваць любую магчымасьць, каб вывесьці капітал за межы Беларусі.

XS
SM
MD
LG