Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка дома, дзе загінулі 6 чалавек: «Санстанцыя, газавыя, тры разы хуткая, шэсьць разоў ЖЭС — ніхто не прызнаваў, што газ»


Жыхары дома ў Барысаве цэлы дзень адчувалі моцны пах газу, некаторым стала кепска. Але розныя службы запэўнівалі, што пагрозы няма.

У доме № 6 па вуліцы Дняпроўскай у Барысаве супрацоўнікі МНС знайшлі целы шасьці чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей, якія памерлі, як мяркуецца, ад працёку газу. Сьледчыя распачалі крымінальную справу па факце неналежнага выкананьня службовых абавязкаў супрацоўнікамі «Барысаўміжрайгаза», паводле артыкула 428 Крымінальнага кодэксу («службовая халатнасьць»). Вінаватым, калі такіх выявяць, пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

«Барысаўгаз» пацьвярджае, што супрацоўнікі выяжджалі на месца здарэньня да міліцыі, але не камэнтуе сытуацыю, спасылаючыся на тое, што працуе са Сьледчым камітэтам. Па зьвестках Мінэнэрга, прыроднага газу на месцы здарэньня не зафіксавалі, атручэньне было выкліканае чадным газам праз парушэньне працы дымавых каналаў і сыстэмы вэнтыляцыі. Такой жа вэрсіі прытрымліваецца «Мінскаблгаз», які запэўнівае: канцэнтрацыю чаднага газу паказваюць такія прыборы, якія ў арганізацыі не прадугледжаныя, іхныя прыборы вымяраюць толькі канцэнтрацыі мэтану і бутану.

Жыхарка дому Анастасія распавядае, што выклікала газаўшчыкоў шэсьць разоў, але яе раз за разам запэўнівалі, што небясьпекі няма. Яна з мужам і чатырохгадовым дзіцем жыве над кватэрамі, дзе знайшлі нябожчыкаў.

Агляд месца здарэньня

Агляд месца здарэньня

«Ніякага працёку няма, мо труцяць тараканаў» і «Цягам месяца разгледзім вашу скаргу»

«Мы жывем на чацьвёртым паверсе, пад намі ўсе кватэры ў слупок апячатаныя, — распавядае Анастасія Свабодзе. — Я з шостай раніцы ўчора біла трывогу. У 7:30 выклікала газавую службу першы раз, яны прыехалі, зрабілі замер прыборам, сказалі, што ніякага працёку няма, што прысутнічае пах бутану ў паветры, але гэта не прыродны газ. Я падпісала паперу, што працёку няма. Яны павярнулі кранік на газавай калёнцы і зьехалі.

Мне было вельмі кепска, была ў зусім непрытомным стане. Як у смузе, нічога ня чула, у вушах моцны піск, моцны-моцны галаўны боль прыступамі, як барабаны б’юць. Зразумела, што трэба выклікаць хуткую, бо была адна дома з малым дзіцем, якое хварэе. Выклікала хуткую тры разы за ўчора, забіралі.

Адчыніла дзьверы ў прыбіральню — туды нават нос ня сунуць, газавая камэра. Вырашыла яшчэ раз выклікаць газавую службу а восьмай, праз паўгадзіны, як яны зьехалі. Гэтым разам дыспэтчар адказаў: „Да вас выяжджалі, прычын турбавацца няма. Што вы ад нас хочаце?“ Я ім кажу, што хачу, каб прыехалі і яшчэ раз праверылі. Пачала гістэрычна прасіць: „Уратуйце нас, калі ласка, мы тут зь дзіцем задыхаемся дома“.

Прыехалі другі раз, ужо нічога не замяралі прыборам. Проста сказалі, што пахне ў паветры адарантам ці бытавой хіміяй. Пастаянна слова „адарант“ фігуравала (рэчыва, якое дамешваюць да газу, каб надаць яму пах, як правіла папераджальны. — РС). Быў відавочны пах газу, а мне даказвалі, што гэта бытавая хімія. І зьехалі.

Нават не папярэджвалі, што нешта можа не ўлавіцца іх абсталяваньнем, проста сказалі: мо гэта вашы суседзі труцяць тараканаў ці мышэй, гэта ня ўцечка газу, патруцяць — пройдзе, пах зьнікне».

«Тэлефанавала ў санстанцыю — сказалі, гэта ня ў нашай кампэтэнцыі. Кажу, нас труцяць, зрабіце што-небудзь, ускрыйце тую кватэру, а я зь дзіцем не магу на вуліцу выйсьці, бо хварэе. Кажуць, займацца ня будзем, пішыце, цягам месяца разгледзім вашу скаргу, калі палічым вартым. Але ніхто нават не дапускаў, што гэта газ. Шэсьць разоў выклікала супрацоўнікаў ЖЭСу, маліла са сьлязьмі, прасіла».

«А мне кажуць, пад вамі ўжо памерлі» і «Мы па атручэньні газам бальнічны не адкрываем»

«Цяпер міліцыя апытвала мяне, сьледчы камітэт... Апытвалі ўчора яшчэ. Толькі а дзявятай вечара пагрукалі ў дзьверы ўжо іншыя супрацоўнікі газавай службы. Кажу, ну нарэшце! А мне кажуць, пад вамі ўжо памерлі.

А мы з мужам спалі яшчэ тры гадзіны — лічыце, у газавай камэры. Гэта пасьля таго, як з хуткай не паклалі мяне, а адаслалі дамоў пешшу, хоць я на нагах стаяць не магла. Таксама халатна паставіліся.

Дзякуй богу, у тую ноч перанесьлі дзіця ў пакой, дзе дзьверы зачыняюцца шчыльна. Дзіця адчувае сябе нармальна, калі не лічыць асноўнай хваробы. На галаўны боль ня скардзіцца. Муж таксама адышоў, толькі шок. Адно ўчора сын скардзіўся, што ў кватэры чымсьці патыхае, знаходзіцца немагчыма.

Мыйку паветра ўключала, пастаянна праветрывала — толькі гэтым і ўратаваліся.

У мяне галаўны боль і галавакружэньне захаваліся. Сёньня выклікала на дом тэрапэўта. Спачатку адмовілі ў бальнічным, напісалі «Вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя». Казала, у мяне няма вірусу, я не прастуджаная, горла не чырвонае, няма тэмпэратуры, насмарку. Напісалі, што проста стрэсавы стан, што я навыдумляла. Мне гэта не спадабалася, але бальнічны адкрыла на гэты дыягназ. Кажуць, „мы па атручэньні газам бальнічны не адкрываем“.

Першы паверх — пусты, там ніхто не загінуў. На другім загінулі пад намі, на трэцім. Наступныя былі мы. Пэўна, нас Бог уратаваў неяк. Бо ў мяне тады пад вечар фізычны стан не дазваляў ужо кудысьці тэлефанаваць. Санстанцыя, газавыя, тры разы хуткая, шэсьць разоў ЖЭС — проста не магла нешта рабіць далей. Учора ўжо адной нагой была там, але проста праз мацярынскі інстынкт, каб дзіця ўратаваць, усё рабіла».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG