Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў Беларусі не на «руку Крамля»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Па ўсім байнэце напісана камэнтароў да акцый «дармаедаў» у Беларусі болей, чым людзей, што выйшлі на вуліцы з пратэстам.

Калега Дзьмітры Гурневіч сабраў пад адну шапку некалькі самых паказальных думак.

Калі каротка, то дыямэтральна супрацьлеглыя погляды закальцоўваюцца, нібы зьмяя глынае свой хвост. Ад «удзел у акцыях “дармаедаў” грае на руку Масквы» да «ўсе, хто кажа, што акцыі “дармаедаў” арганізаваныя Масквой — агенты КДБ».

Цымус у тым, што ва ўмоўных «кахэпістаў» усе, хто не падзяляе іх пастуляты, — агенты КДБ ці Крамля :). Я нават спрабаваў даведацца, што ж тады ў Беларусі ня грае на руку Крамля?

Наўпроставага адказу не атрымаў, хоць мне асабіста адказ відавочны — усё грае на «руку Крамля» пакуль Беларусь існуе. Як бы Беларусь не зьмянялася, усё будзе інтэрпрэтавацца як «русафобскае» пакуль Беларусь будзе заставацца суб'ектнай.

Напрыклад, цяпер. Выйшаў ты на пратэст «дармаедаў» — «гэта могуць скарыстаць рускамірцы». Праўда, могуць правакатараў падаслаць, запісаць карцінку сутычкі, пасьля паказаць, як «бульба-бандэраўцы» лютуюць.

Альбо ўлада. Будзе разганяць просты народ, тут і з Захадам непаразуменьне, і зноў жа рускамірцы пра паўстаньне «простых беларусаў» напішуць як пра «майдан». Дый сапраўды людзей злаваць — лепей ня будзе.

Як быць? Падтрымліваць Лукашэнку няўдзелам у барацьбе за свае грамадзянскія правы? Ці карыстацца сытуацыяй, каб дамагацца свайго: і эканамічнага, і палітычнага? Нават калі гэтым могуць скарыстацца супраць Беларусі.

Ва ўсёй віхуры, нават шквале абмеркаваньняў я вычапіў для сябе самы трапны камэнтар.

Vadzim Kanapatski разважае пра тое, што эканамічны і палітычны крызыс у Беларусі можа падштурхнуць Крэмаль да радыкальных рухаў. Але:

«Ці ёсьць усё гэта падставай згуртавацца вакол Лукашэнкі дзеля захаваньня статуса кво? Вядома, не. Дапамагаючы кансэрваваць сытуацыю, тым самым толькі больш туга зацягваем спружыну, якая рана ці позна стрэліць, толькі наступствы будуць больш разбуральнымі».

Ключавое слова — «кансэрваваць». Нічога закансэрваваць не атрымаецца, бо тое, што ў руху, не кансэрвуецца. А эканоміка ў Беларусі ў руху, пакуль уніз. А пратэстныя настроі ў руху — паціху ўгару.

Улада прытаілася, і людзям дзеля салідарнасьці таксама прытаіцца? Улада — гэта не разгубленае дзіцё. Ва ўлады ёсьць багата варыянтаў. Адмяніць «дармаедзкі» падатак, зьмяніць драконаўскае крымінальнае і адміністрацыйнае заканадаўства, скасаваць армію кантралёраў усіх масьцей, палегчыць падаткаабкладаньне і наагул вядзеньне хоць якога бізнэсу: малога, сярэдняга, буйнога. Спыніць ціснуць на людзей.

Ёсьць рэчы, якія чапляюць усіх беларусаў, незалежна ад палітычных поглядаў ці адсутнасьці такіх.

Лукашэнка калісьці разьдзяляў беларусаў за сябе, цяпер аб'ядноўвае супраць сябе.

І тады, і цяпер «на руку Крамлю».

«Дармаеды» прабілі здалёк, цяпер мяч на баку ўлады.

Усіхная задача, каб «мяч» увесь час заставаўся на баку беларусаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG