Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў


У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць 17-гадовага Аляксандра Харуту, якога міліцыянты зьбілі і зьняважылі, а потым абвінавацілі ў гвалце. Пракурор запатрабавала для падлетка 2 гады абмежаваньня волі.

Свабода сабрала нядаўнія факты міліцэйскага гвалту і высьветліла, чым скончыліся тыя гісторыі.

1. Справа Сарочыка: «За „недакладны адказ“, як яны казалі, давалі па тры дадатковыя ўдары»

У лістападзе 2012 году стала вядомая гісторыя менскага вартаўніка Васіля Сарочыка, які сьцьвярджаў, што яго катавалі супрацоўнікі міліцыі зь Ленінскага РУУС Менску. На відэа, якое было разьмешчанае на сайце праваабарончай установы «Плятформа», Васіль Сарочык падрабязна распавядаў пра катаваньні і апісаў сьледчых, якія ўжывалі адносна яго незаконныя дзеяньні.

Васіль Сарочык
Васіль Сарочык

«На мяне надзелі кайданкі. Спачатку біла сьледчая-жанчына. Потым сьледчы каўкаскага выгляду. За ім трэці сьледчы. Па чарзе. Зрабілі „ластаўку“ і білі. За „недакладны адказ“, як яны казалі, давалі па тры дадатковыя ўдары». Міліцыянты дамагаліся ад вартаўніка прызнаньня, што ён нібыта краў пліты, акумулятары і салярку, якія ахоўваліся на стаянцы, а таксама нібыта рабаваў суседні кіёск «Саюздруку». Сарочык казаў, што калі ён траціў ад зьбіваньня прытомнасьць, яго аблівалі халоднай вадой і працягвалі катаваньні.

Скончылася гісторыя тым, што абвінавачаньні на адрас вартаўніка не пацьвердзіліся, але і ягоныя скаргі на міліцыянтаў выніку не далі. Прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасьці не дапамаглі і мэдычныя даведкі аб цялесных пашкоджаньнях, якія атрымаў вартаўнік.

2. Справа Шкурко: «Спачатку зьбілі дубінкамі, потым намачыліся на вопратку»

Дзякуючы той жа праваабарончай арганізацыі «Плятформа» ў 2013 годзе стала вядомая яшчэ адна агідная гісторыя з удзелам міліцыянтаў, якая здарылася ў Лідзе. У лік гучных спраў з удзелам міліцыянтаў-садыстаў гэтая гісторыя ўвайшла пад назвай «справа братоў Шкурко». Агалоску яна атрымала ў сакавіку 2013 году, хоць пачалася яшчэ ўвосень 2012-га. Тады на мясцовай дыскатэцы міліцыянты з патрульна-паставой службы, нібыта спыняючы канфлікт паміж наведнікам Багданам Шкурко і ахоўнікам дыскатэкі, моцна зьбілі братоў Шкурко. Іван заступіўся за брата Багдана, якога зьбівалі ахоўнікі.

Іван Шкурко
Іван Шкурко

«Двое выкручваюць рукі, трэці б’е па галаве, як па футбольным мячыку, нагой. Усё гэта адбывалася ў мяне на вачах», — казаў потым Іван Шкурко.

Аднаго з братоў Шкурко, як казала маці пацярпелых, міліцыянты вывезьлі ў лес, распранулі, зьбівалі з ужываньнем сьлезацечнага газу і мачыліся на галаву і адзежу. Пацярпелыя браты трапілі ў шпіталь, а калі выпісаліся, зьвярнуліся са скаргамі ў пракуратуру. Але міліцыянты заявілі, што тыя аказвалі супраціў, і супроць Івана Шкурко завялі крымінальную справу. Пра гэта стала вядома на пачатку 2013 году, і тады сваякі Шкурко і зьвярнуліся да праваабаронцаў.

Пасьля розгаласу ў незалежных мэдыях завялі крымінальную справу і супраць 5 лідзкіх міліцыянтаў, але неўзабаве закрылі нібыта праз адсутнасьць складу злачынства. Крымінальны перасьлед Багдана Шкурко таксама спынілі.

3. Справа Пцічкіна: «Адкуль тады на ягонай адзежы кроў, калі памёр ад сэрца?»

Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

У 2013 годзе пачалася трагічная гісторыя Ігара Пцічкіна, якая мела працяг сёлета ў Маскоўскім судзе Менску. У канцы ліпеня таго году мянчук Ігар Пцічкін за знаходжаньне за рулём без правоў у нецьвярозым стане трапіў на 3 месяцы пад арышт на «Валадарку», а ўжо праз 5 дзён памёр там нібыта ад сардэчнай недастатковасьці. Але сваякі Пцічкіна ўбачылі на ягоным целе сьляды зьбіцьця і пачалі дамагацца завядзеньня крымінальнай справы. Падазрэньні сваякоў, што хлопца ў вязьніцы катавалі і зьбівалі, узмацніліся, калі стала вядома, што Пцічкіна прывязвалі да ложка рамянямі і трымалі гэтак больш за 20 гадзін. Фэльчар Аляксандар Крылоў, якога праз тры гады судзілі за неаказаньне вязьню належнай дапамогі, казаў у судзе, што нібыта Пцічкін сябе неадэкватна паводзіў з прычыны наркатычнага «сындрому адмены».

У кастрычніку 2016 году суд асудзіў фэльчара «Валадаркі» на 3 гады калёніі-пасяленьня, але з магчымым зьбіцьцём Ігара Пцічкіна ў вязьніцы разьбірацца так і ня стаў. Сваякі Пцічкіна пасьля суду заявілі, што будуць дамагацца новага расьсьледаваньня акалічнасьцяў ягонай сьмерці.

4. Справа Пратасені: «Пасьля зьдзекаў сын стаў пісаць з турмы, што павесіцца»

Ягор Пратасеня
Ягор Пратасеня

Адной зь першых гучных крымінальных навін 2016 году стала раптоўная сьмерць у жодзінскім ізалятары маладога жыхара Салігорску Ягора Пратасені. Пасьля Новага году маці прыехала на спатканьне з сынам у турму, а ёй сказалі, што сын вешаўся ў камэры і цяпер ляжыць у коме. Між тым раней маці пісала ў пракуратуру, што сын у лістах паведамляў пра зьдзекі і пагрозы сьледчых, што папярэджваў пра самагубства, таму яна прасіла разабрацца і прыняць дадатковыя меры бясьпекі.

Ягора Пратасеню арыштавалі ў 2015 годзе паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе наркотыкаў і ў сьнежні асудзілі на вялікі тэрмін. Але ён да апошняга не прызнаваў сваёй віны і казаў, што яго ня проста катавалі, а зьдзекаваліся, абражаючы гонар і годнасьць.

Праз тры месяцы Ягор Пратасеня памёр у Салігорску, так і ня выйшаўшы з комы. Праверка дзеяньняў ахоўнікаў жодзінскай турмы, якую праводзіў Сьледчы камітэт, складу злачынства ня выявіла. «Канечне, крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе...», — пракамэнтавала Ягорава маці Сьвятлана Пратасеня рашэньне сьледчых.

5. Справа Багданава: «Сын быў інвалідам, а ў турме на гэта не зьвярнулі ўвагі»

Турма ў Жодзіна, ілюстрацыйнае фота
Турма ў Жодзіна, ілюстрацыйнае фота

8 месяцаў змагалася жыхарка Менску Марына Багданава, каб дамагчыся ўзбуджэньня крымінальнай справы па факце сьмерці яе сына Алега Багданава ў Жодзінскай турме № 8. Вязень памёр 29 студзеня 2016 году ў ізалятары турэмнай бальніцы, паводле афіцыйных зьвестак — ад вострай сардэчнай недастатковасьці.

Між тым у вязьніцы не маглі ня ведаць, што Алег Багданаў да свайго зьняволеньня стаяў на ўліку ў кардыялягічным цэнтры, рэгулярна праходзіў абсьледаваньні, а годам раней яму зрабілі тэрміновую апэрацыю на сэрцы. Вязень меў 3 групу інваліднасьці.

Маці нябожчыка Марына мяркуе, што сын памёр ад халатнасьці мэдыцынскага пэрсаналу турмы. Завядзеньня крымінальнай справы жанчына дамаглася пасьля асабістай сустрэчы са старшынём Сьледчага камітэту. Праваабаронцы не выключаюць, што справа Алега Багданава будзе другой пасьля справы Ігара Пцічкіна, якая дойдзе да суду.

6. Справа Цімохінай: «Мяне білі па твары, нагах і руках, нягледзячы на цяжарнасьць»

«З машыны вылецелі 6 чалавек (пазьней я даведалася, што гэта падразьдзяленьне САХР), яны разьбілі вокны на кухні і ўварваліся ў кватэру. Я была ў поўным шоку, толькі пасьпела спытаць, што адбываецца, і сказаць, што цяжарная. Трое супрацоўнікаў пабеглі ў пакой, надзелі на майго брата кайданкі і пачалі яго біць. Мне, нягледзячы на цяжарнасьць, былі нанесеныя ўдары па твары, нагах, таксама на руках я потым выявіла гематомы», — гэта расказала жыхарка Менску Кіра Цімохіна пра дзеяньні міліцыянтаў, якія ў верасьні 2015 году ўварваліся ў яе кватэру, шукаючы наркадылераў.

У студзені 2016 году стала вядома пра вынік справы аб меркаваным зьбіцьці супрацоўнікамі СОБРу цяжарнай Кіры Цімохінай. Міліцыянты ў адказ на заяву Цімохінай напісалі сустрэчную заяву, што яна нібыта аказвала ім супраціў пры затрыманьні. У выніку сьледчыя справу па заяве Кіры Цімохінай не завялі, хоць і яе саму перасьледаваць ня сталі.

7. Справа Дылюка: «На мяне „вешалі“ то ровар, то нейкую прыстаўку»

27 студзеня 2016 году стала вядома, што жыхар Івацэвічаў Сяргей Дылюк трапіў у івацэвіцкую лякарню з страсеньнем мозгу, сінякамі і кровападцёкамі. Сяргей Дылюк расказаў журналістам, што 23 студзеня да яго дадому прыехалі міліцыянты і адвезьлі ў РАУС, дзе некалькі супрацоўнікаў яго зьбівалі, змушаючы прызнацца ў крадзяжы:

Сяргей Дылюк
Сяргей Дылюк

«То нейкі ровар на мяне „вешалі“, потым нейкую прыстаўку. Я так разумею, тэлевізійную прыстаўку, якая яшчэ можа быць прыстаўка?.. Ну вось, папабілі-папабілі... Страсеньне мозгу, ногі пабілі. Выбівалі на сваю карысьць. То я і кажу, усё, давайце, я буду падпісваць, што браў я, і адчапіцеся ад мяне. У выніку апынуўся ў лякарні... Нагамі, кулакамі білі. Я памятаю раз ды праз раз. Быў упаў на лаўку, участковы выходзіў, ды яшчэ кулаком зьверху стукнуў, і паплыло ўсё ізноў. Да галавы кніжку прыстаўлялі, і кулаком па кніжцы — на... Я галавой у сьценку. Гестапа!», — расказаў пацярпелы.

Сяргей Дылюк напісаў заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб па факце зьбіцьця распачалі крымінальную справу і пакаралі вінаватых.

8. Справа Дабравольскага: «Казаў, што журналіст, і атрымаў дадаткова»

25 студзеня 2016 году ў Фрунзенскім судзе Менску падчас абвяшчэньня прысуду актывістам анархісцкага руху міліцыянты зьбілі актывістаў Паўла Сяргея, Максіма Шыціка і журналіста парталу Tut.by Паўла Дабравольскага. У пракуратуры Беларусі сказалі, што там справы на міліцыянтаў паводле падазрэньняў у перавышэньні паўнамоцтваў больш не заводзяць, на тое ёсьць Сьледчы камітэт.

Павал Дабравольскі пасьля зьбіцьця
Павал Дабравольскі пасьля зьбіцьця

У Сьледчы камітэт выклікалі на размовы журналіста Паўла Дабравольскага, а таксама Паўла Сяргея і Максіма Шыціка. Але праверка інцыдэнту скончылася паводле звычайнага сцэнару — справу не завялі, бо ня ўбачылі ў дзеяньнях міліцыянтаў складу злачынства. Журналіст Аляксандар Дабравольскі расказваў калегам, што калі яго зьбівалі, ён называўся журналістам, але гэта не спыняла міліцыянтаў.

Скаргі Аляксандра Дабравольскага на рашэньне сьледчых не заводзіць справу таксама аказаліся безвыніковымі.

9. Справа Барбашынскіх: «Падазраю, што гэта забойства»

Гэта яшчэ адна гучная справа аб меркаваным міліцэйскім гвалце з адрасам «Жодзінская турма». 22 верасьня ў Слуцку пахавалі 39-гадовага Ігара Барбашынскага, былога слуцкага міліцыянта, які памёр зь невядомых прычын, знаходзячыся пад сьледзтвам у Жодзінскай турме № 8. Разам з братам Іванам Ігара абвінавачваюць у «непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, супраціве і зьбіваньні супрацоўнікаў РАУС». Іх справу дагэтуль разглядае суд Слуцкага раёну.

Ігар Барбашынскі
Ігар Барбашынскі

Маці братоў Барбашынскіх у інтэрвію Свабодзе казала, што, на яе думку, Ігара забілі ў турме наўмысна.

19 сакавіка Ігара Барбашынскага разам з братам Іванам па дарозе дадому з начной кавярні затрымалі міліцыянты. Іх абвінавацілі, што яны былі нецьвярозыя ў грамадзкім месцы, і даставілі ў мэдвыцьвярэзьнік.

На наступны дзень да мэдвыцьвярэзьніка выклікалі хуткую мэдыцынскую дапамогу. Рэнтгенаўскія здымкі паказалі ў абодвух пераломы рабрын, таксама былі зафіксаваныя шматлікія гематомы. Пасьля таго як браты напісалі заяву ў Слуцкі РАУС пра зьбіцьцё іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх распачатая крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да міліцыянтаў. Праз два месяцы Барбашынскіх затрымалі і да суду зьмясьцілі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. У верасьні Ігар Барбашынскі ў вязьніцы памёр.

Праверка акалічнасьцяў сьмерці Ігара Барбашынскага працягваецца.

10. Справа Серады: «Скардзіўся начальніку менскай міліцыі — безвынікова».

Дзьмітры Серада
Дзьмітры Серада

Пад падазрэньнем застаецца менскі лекар Дзьмітры Серада, у чыю кватэру 4 жніўня 2016 году ўварваўся АМАП. Міліцыянты моцна зьбілі лекара. Пазьней патлумачылі, што ён мог быць датычны да злачынства, якое здарылася паблізу. Дзьмітры Серада сваёй віны ні ў чым не прызнае і заяўляе пра парушэньні закону адносна яго з боку міліцыянтаў.

Празь месяц пасьля інцыдэнту Дзьмітры Серада хадзіў на прыём да начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Барсукова, але ані выбачэньняў, ані тлумачэньняў ад кіраўніка сталічнай міліцыі не дачакаўся. А ў Сьледчым камітэце Дзьмітрыя Сераду па-ранейшаму лічаць падазраваным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG