Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бадзяжніцтва маладзее», — магілёўскія бамжы пра сваё жыцьцё і жыцьцё вакол іх


Бадзяга на магілёўскай вуліцы

Бадзяга на магілёўскай вуліцы

«Цяпер цяжка вызначыць, хто бомж ля бакаў, а хто не. Нямала беспрацоўных, дом у якіх ёсьць, але гэтак, як і я, з бакаў жывуць», — з аповеду магілёўскага валацугі.

Па сканчэньні лета ў гарадах более бяздомных. Некаторыя зь іх лета правялі ў вёсках. Тыя, каму пашанцавала, былі пры занятку. Зь яго жылі, пакуль была пагода. З набліжэньнем халадоў бадзягі ратуюцца ў гарадах. У кожнага свая гісторыя бадзяжніцтва, і разабрацца ў ёй надта цяжка.

Артуру Папкову 48 гадоў. Сваё імя ён назваў са спадзевам, што нехта яму дапаможа наладзіць жыцьцё. Панядзелкамі мужчына жабруе ля адной з магілёўскіх цэркваў. У астатнія дні жыве з таго, што адшукае на сьметніках.

Крызісу не адчуваецца. Пакуль толькі лямант, што грошай няма

«Я раней па вёсках падпрацоўваў, дык ля многіх двароў машыны стаяць, антэны-талеркі на хатах. А дамы іншым разам такія, якіх я ніколі ня бачыў. Дык з гэтага раблю выснову, што ў нас пакуль людзі не ў галечы жывуць. Крызісу, пра які шмат гавораць, не адчулі яшчэ. Хоць многія лямантуюць, што працы няма і мала плацяць. Дык адкуль тады грошы?», — кажа пра дабрабыт беларусаў Артур.

Артур Папкоў жабруе ля царквы

Артур Папкоў жабруе ля царквы

Пра сябе ён гаворыць, што сірата. На вуліцы апынуўся пасьля турмы. Ня ўтойвае, што ў яго была сям’я, але цяпер ён ёй не патрэбен. Знайсьці сабе занятак, каб зь яго жыць, як кажа Артур, па-людзку, ня можа, хоць і зьвяртаўся па дапамогу ў міліцыю.

«У мяне ёсьць пашпарт і „зялёная картка“, але браць мяне нікуды ня хочуць. Я лічу сябе добрым спэцыялістам у будаўніцтве, а жыву з таго, што людзі пададуць, таксама зьбіраю мэталялом, бутэлькі».

Цяпер хапае тых, хто жабруе

«Начую па падвалах. Праўда, іх даводзіцца таксама шукаць, бо цяпер замыкаюць усё. Бывае, што толькі знайшоў сябе куток, а зь яго жыльцы выганяюць, — працягвае Артур. — Ля гэтай царквы просяць міласьціну зь дзясятак чалавек. Канкурэнцыя вялікая. Цяпер хапае тых, хто жабруе. Нават прыходзяць старыя, у якіх ёсьць дом».

Скарб бадзягі

Скарб бадзягі

Паводле суразмоўцы, бальшыня тых, хто апынуўся на вуліцы, злоўжываюць алькаголем. Ад яго і мруць.

«У мяне забралі кватэру, калі сядзеў у турме. Тады быў такі час. Паўгода не пражываеш — і высялялі. Падтрымкі на волі ў мяне не было. Таму прытуліла вуліца. Сям’я была. Дзеці ў мяне дарослыя, мяне не прымаюць, кажуць: „Бацька, ты сядзеў у турме. У нас цяпер свае сем’і“. Жыцьцё — рэч жорсткая, слабейшага ломіць», — заўважае на разьвітаньне Артур Уладзімеравіч.

Бадзяжніцтва стала штодзённасьцю

Ігару 42 гады. У Беларусь прыехаў з Расеі. Ня ўтойвае, што на вуліцы апынуўся праз злоўжываньне алькаголем. Сям’я, як і ў Артура, таксама ў яго была. На радзіме суразмоўца ня быў больш за два дзясяткі гадоў.

«Усе сувязі з радзімай у мяне парушаныя. Стараюся ня згадваць, што ў мяне некалі быў дом. Ва ўсім вінаватая п’янка. 18 гадоў бамжую. Сям’і няма. Як прыехаў у Беларусь, доўга трэба апавядаць. Гісторыя пацягне на «Санта-Барбару», — з усьмешкай казаў Ігар.

Ён прызнаецца, што на пачатку свайго бадзяжніцтва выжываць было складаней, цяпер жа знайсьці спажыву яму прасьцей.

«Такое жыцьцё для мяне стала штодзённасьцю. Звычкай. Раней часта міліцыя забірала дзеля высьвятленьня асобы на „суткі“. У мяне ж дакумэнтаў няма. Але ўжо даўно міліцыянты не чапаюць», — кажа ён.

«За два дзясяткі гадоў бадзяжніцтва ўжо столькі бачыў сьмерцяў такіх, як я, але на месца памерлых прыходзяць новыя, — працягвае Ігар. — Бадзяжніцтва, як мне здаецца, маладзее. Нямала бачыў дваццацігадовых хлопцаў. Ды й цяжка вызначыць, бомж ён ці не. Не працуюць, дом у такіх ёсьць, але гэтак, як і я, з бакаў жывуць».

У баках ля «элітных» дамоў хапае мяса. Ля «хрушчовак» — хлеба

«Па тым, што выкідаецца людзьмі, дык жыць яны сталі больш заможна, як мне думаецца. Іншым разам у баках і мяса хапае, і гародніны. Але такі асартымэнт выбіраеш ля «элітных» дамоў, — заўважае суразмоўца і пасьля непрацяглай паўзы дадае:

«Ля „хрушчовак“ больш хлеба знаходзіш. Старыя, у якіх ёсьць дом, іншым разам са мной поркаюцца. Выбіраюць, што можна здаць. Ежы не бяруць, а вось бутэлькі ці паперу дык выбіраюць».

Альберт

Альберт

​80-гадовы Альберт ужо быў героем некалькіх свабодаўскіх рэпартажаў. Як і раней, пакуль лета, ён начуе пад бальконам дома ў адным са спальных раёнаў Магілёва. Большую частку дня праводзіць ля недалёкай ад свайго «жытла» пляцоўкі з бакамі для сьмецьця.

Улетку пад бальконам. Узімку ў падвале

«Людзі дапамагаюць, царква дапамагае, каб не яны — памёр бы з голаду. У баках шмат чаго знаходзіш. Наракаць не выпадае», — кажа пра сваё жыцьцё Альберт.

«Далі мне коўдры цёплыя, матрац, каб ня мулка было спаць. Цяпер становіцца холадна, дык хлопцы-сантэхнікі дазваляюць у падвале пераначаваць, — дадае суразмоўца. — У мяне ёсьць сястра, дык ёй 84 гады. Кажуць, што яна ў бальніцы. Сваёй сям’і ў мяне няма».

Скарб бадзягі

Скарб бадзягі

У 35-гадовай Натальлі ў прыгараднай магілёўскай вёсцы жыве маці. Жанчына кажа, што ў яе няма грошай, каб дабрацца да роднай хаты. Натальля ня памятае, колькі ўжо бамжуе. Жыве з часовых падпрацовак ды з таго, што разам з Альбертам знойдзе ў сьмецьці.

Хіба гэта жыцьцё? Каб памерці хутчэй

Аповед пра сваё жыцьцё Натальля пачала з таго, што нядаўна выпісалася з бальніцы. Даймае піеланэфрыт, прызналася яна. Калі яна сядзела ля бакаў са сьмецьцем, відаць было, як жанчыну дужа калаціла. Ад выкліку «хуткай» адмовілася.

Натальля

Натальля

«Выжыць мне дапамагаюць добрыя людзі. Бываюць і злыя, якія могуць аблаяць ці штурхануць. Розныя людзі бываюць, але добрых болей. Такія даюць і капейчыну. У баках у асноўным знаходзім хлеб. Начую дзе выпадзе. Так і жывём. Толькі б хутчэй памерці. Хіба гэта жыцьцё?»

Пляцоўка ля бакаў, як хата. У ёй мае быць падмецена

Пляцоўка ля бакаў, як хата. У ёй мае быць падмецена

78 гадовы Юры Іванавіч, пра якога пісала «Свабода», працягвае жыць у бэтоннай трубе. У канцы мінулай зімы разьнеслася пагалоска, што стары памёр, але ўвесну ён зьявіўся ля свайго, як ён кажа, бярлогу. Зь яго і вылазіць не захацеў, калі завітаў журналіст.

«Холадна, вылазіць ня буду», — заявіў Юры Іванавіч.

Старога непакоіць, дзе перазімаваць. Мінулай зімою ён адшукаў лаз у цеплатрасу, у якой жыў, пакуль ягоную схованку ня выкрылі камунальнікі. Давялося вяртацца ў трубу. Адтуль яго ў лютым выцягнулі пажарныя і забрала «хуткая дапамога».

«Мне, старому, дапамагаюць людзі. Даюць грошы, бо я ж пэнсіі ня маю. Трэба ехаць на Ўрал, дзе я працаваў, і там трэба яе афармляць. Харчы, адзежу мне прыносяць. На жыцьцё грэх мне наракаць», — расказаў пра сваё жыцьцё Юры Іванавіч.

Бомж Юры Іванавіч (архіўнае фота)

Бомж Юры Іванавіч (архіўнае фота)

«Выкідаць у бакі сталі меней цяпер ежы. Значыць, нешта мяняецца, — робіць выснову стары. — Мне ўжо ад жыцьця ня шмат патрэбна. Думаецца ўвесь час, ці перазімую. Як не, дык мала хто будзе сумаваць па мне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG