Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб першымі трапіць на „Поле цудаў“, людзі сварацца, лаюцца, некаторыя падаюць, зьбітыя з ног...»


На працягу апошніх тыдняў у перадачах і на сайце Свабоды часта гучала тэма нацыянальных гістарычных сымбаляў: мінула якраз чвэрць стагодзьдзя з таго часу, як бела-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі зацьверджаны ў якасьці дзяржаўных. Гэты статус, аднак, захоўваўся за імі нядоўга — каля чатырох гадоў. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі спрадвечныя сымбалі беларусаў трапілі фактычна пад забарону.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў піша:

«Ідучы ў Менску адвячоркам па падземным пераходзе, што вядзе на чыгуначны вакзал, убачыў маладых хлопцаў, якія зьбіралі подпісы за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай спадчыны. Падумаў, што трэба і мне далучыцца да гэтай добрай справы. Пакуль даставаў з заплечніка акуляры, сачыў, што адбываецца навокал. Увагу прыцягнуў сталага веку мужчына, па ўсім відаць, п’яны. Ён спачатку чамусьці зьвярнуўся да аднаго з актывістаў на дрэннай нямецкай мове з выразным беларускім акцэнтам, а потым наогул пачаўся звычайны зьневажальны «сьцёб». Хоць зь цяжкасьцю, але можна было зразумець, што ў мужчыны хворая жонка і мэдыцына ня можа ёй дапамагчы. Чамусьці гэты чалавек вырашыў, што ў гэтым вінаваты актывіст, які зьбіраў подпісы за нацыянальны сьцяг.

Але мяне зацікавіў ня столькі гэты пажылы аматар выпіўкі і скандалаў, колькі малады чалавек, што гутарыў зь ім. Ягоная адданасьць справе, вытрымка, цярпеньне і такт не маглі ня выклікаць павагі. Адчувалася, што ён ня першы раз сутыкаецца з хамствам, што ўдзел у акцыях такога кшталту для яго не навіна.

Падпісваліся пераважна маладыя людзі гадоў да сарака. І мяне ахапіла пачуцьцё спакою і ўпэўненасьці, што ўсё будзе добра, што будзе ў пашане наш сьцяг, што калі-небудзь на сумленных выбарах мы даверым пасаду прэзыдэнта іншаму чалавеку, які ня будзе гвалціць Канстытуцыю дзеля захаваньня асабістай улады.

Я начапіў акуляры і стаў у невялікую чаргу, каб паставіць свой подпіс. Падпісваліся пераважна маладыя людзі гадоў да сарака. І мяне ахапіла пачуцьцё спакою і ўпэўненасьці, што ўсё будзе добра, што будзе ў пашане наш сьцяг, што калі-небудзь на сумленных выбарах мы даверым пасаду прэзыдэнта іншаму чалавеку, які ня будзе гвалціць Канстытуцыю дзеля захаваньня асабістай улады, ня будзе вучыць нас есьці нанач бульбу з селядцамі і касіць траву дзедаўскай касой».

Магчыма, новай уладзе так лёгка ў траўні 1995-га ўдалося адабраць у беларусаў бела-чырвона-белыя сымбалі, што надта проста яны былі здабытыя ў 1991-м. Здаецца, нават у дысыдэнцкіх асяродках у 70-я ці на пачатку і ў сярэдзіне 80-х гадоў убачыць гэтыя сымбалі было немагчыма. Усё так званае «нацдэмаўскае» за гады камуністычнага рэжыму было вынішчана ў Беларусі татальна.

Для сёньняшняй нацыянальна арыентаванай беларускай моладзі змаганьне за гістарычныя сымбалі — гэта працяглы, цяжкі, але адначасова і надзвычай важны працэс. Тое, што здабываецца ў такой барацьбе, потым зусім па-іншаму асэнсоўваецца і цэніцца.

Анатоль Чачотка зь Менску распавядае пра так званае «Поле цудаў» — «блышыны» рынак у Ждановічах на ўскраіне Менску, дзе гандлююць старымі рэчамі. Слухач піша:

«Прыяжджаюць гандляваць сюды, як правіла, людзі сталага веку, а таксама падшыванцы ды бамжы. Найчасьцей стаяць тыя, у каго назапашваецца шмат старых ці непатрэбных рэчаў, і людзі жадаюць пазбавіцца ад іх за невялікія грошы.

Месца для гэтага «Поля цудаў» начальства Ждановіцкага рынку выбрала нязручнае, балоцістае. Пазьней, калі з гандляроў пачалі спаганяць невялікую плату, умовы крыху палепшыліся: асфальтаваліся пляцоўкі, ставіліся сякія-такія лаўкі. Пры гэтым уваход для гандляроў (а іх у выходныя заўсёды шмат) быў вольны.

Кожны пнецца ўперад, бо хоча заняць лепшае месца для гандлю. Старыя і маладыя крычаць, сварацца, лаюцца, некаторыя падаюць, зьбітыя з ног... Іншы раз даходзіць да страты прытомнасьці.

Але мінулым летам раптам усё зьмянілася. Камусьці прыйшло ў галаву абнесьці «Поле цудаў» амаль двухмэтровай агароджай. Уначы агароджаны пляц зачыняюць на замок. А ў 6.20 раніцы так званыя «кантралёры» адчыняюць вароты. І што тут у гэтыя хвіліны робіцца! Ажыятаж незвычайны. Кожны пнецца ўперад, бо хоча заняць лепшае месца для гандлю. Старыя і маладыя крычаць, сварацца, лаюцца, некаторыя падаюць, зьбітыя з ног... Іншы раз даходзіць да страты прытомнасьці.

І каму гэта трэба? Прыкра і ганебна такое бачыць. Даводзілася назіраць, як падобны гандаль арганізаваны ў іншых гарадах. Там няма такіх агароджаў, пляцоўкі вялікія, уваход вольны.

Ведаю, што падобныя рынкі пасьля распаду Савецкага Саюзу ўзьніклі ў многіх гарадах. Увогуле, справа гэта ня новая. У Амэрыцы і Эўропе такія рынкі існуюць даўно. І там жа знаходзяць магчымасьць для іх цывілізаванай работы».

У краінах Захаду, сапраўды, існуюць падобныя рынкі, але там гэта хутчэй нагадвае антыкварныя паліцы з рознымі старымі цікавымі рэчамі, узрост якіх вымяраецца дзесяцігодзьдзямі, а часам і вякамі. І заўсёднікі такіх рынкаў, як правіла, — аматары антыкварыяту, мастацтва.

А ў Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, рынкі старызны разьлічаныя найперш на самую абяздоленую частку грамадзтва. І гандлююць там пераважна рэчамі хатняга побытавага ўжытку, якія ніякай мастацкай ці гістарычнай каштоўнасьці ня маюць. На тле глыбокага эканамічнага заняпаду гэтыя рынкі для значнай часткі насельніцтва ўсё больш ператвараюцца ў сродак выжываньня — прычым як для тых, хто гандлюе, так і для тых, хто прыходзіць туды на закупы. Чыноўнікі ўзьвядзеньнем высокага плоту імкнуліся, відавочна, закрыць ад староньніх вачэй гэтае ня надта эстэтычнае відовішча. Хоць сваімі нязграбнымі рашэньнямі толькі ўскладнілі людзям іхнае і без таго няпростае існаваньне.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG