Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка незадаволены ЭАЭС? 


Якія вынікі саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу, які адбыўся ў Астане?

Дракахруст: Як паведамляецца, лідэры краінаў ЭАЭС прынялі рашэньне аб канцэпцыі фармаваньня агульнага рынку газу і нафты, зацьвердзілі пагадненьне аб свабодным гандлі паміж саюзам і Віетнамам і пра пачатак перамоваў з Сэрбіяй аб уніфікацыі гандлёвага рэжыму.

Таксама на пасяджэньні Ўладзімер Пуцін назваў пэрспэктыўнай ідэю стварэньня адзінай інфармацыйнай прасторы ЭАЭС.

Як бачым, рашэньні альбо рабочыя, як з тым жа пагадненьнем зь Віетнамам, альбо прамежкавыя. Ад «рашэньня аб канцэпцыі» да нейкага выніку — шлях няблізкі.

І выглядае, што галоўнай сэнсацыяй саміту сталі рэзкія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі.

Ён сказаў, што заяўленыя пры фармаваньні саюзу мэты не дасягнутыя, а прынцып роўнасьці ўдзельнікаў не выконваецца.

«Як бы наша аб’яднаньне ні эвалюцыянавала — спачатку Мытны саюз, потым Адзіная эканамічная прастора, цяпер ЭАЭС — колькасьць гандлёвых абмежаваньняў не зьмянілася, так і засталася на ўзроўні 600. Больш за тое — пасьля падпісаньня дамовы наш унутраны гандлёвы абарот толькі падае», — панаракаў Лукашэнка.

Паводле яго, не зразумела, як «пяцёрка» павінна рэагаваць, калі нехта, падобна Расеі, з палітычных ці іншых матываў вырашыць закрыць свой рынак для тавараў з трэціх краінаў. Размова ішла і пра контрасанкцыі Расеі адносна харчаваньня з Эўразьвязу, і пра тое, што ніводная з краінаў саюзу не падтрымала рашэньне Крамля выключыць Украіну з дамовы аб вольным гандлі СНД.

Уладзімір Пуцін запярэчыў беларускаму калегу. Паводле Пуціна, на момант нараджэньня саюзу ў ім фігуравала 422, а зусім не 600 выключэньняў і абмежаваньняў свабоднага гандлю. Да цяперашняга моманту ўжо ліквідавана 80, 30 знаходзяцца ў працэсе ўзгадненьня, удакладніў ён.

Былі вострыя сытуацыі і зь іншымі ўдзельнікамі саміту. Армянскі лідэр Серж Саргсян абураўся, што падчас нядаўняга канфлікту з Азэрбайджанам з-за Карабаху калегі па саюзе не падтрымалі Ерэван, а некаторыя нават узялі бок Баку.

Крытыка Лукашэнкі была скіраваная на самыя прынцыпы саюзу.

Але крытыка Лукашэнкі была скіраваная на самыя прынцыпы саюзу. Можна шмат разважаць пра тое, чаму стан спраў у ім такі, які ёсьць. Аднак мне падаўся больш цікавым самы факт гэтай крытыкі.

Зразумела, што калі тых выключэньняў 600 ці нават 400 і яны трываюць шмат гадоў, дык на саміце іх не скасуюць. Пры гэтым Пуціну, зразумела, хацелася прадэманстраваць калі не адзінства чальцоў саюзу, дык прынамсі яго ілюзію. Лукашэнка пазбавіў расейскага прэзыдэнта такой магчымасьці.

Мне падаецца, што ўсё ж канфлікт паміж Менскам і Масквой, які разгарэўся нядаўнім часам, зусім не загашаны. Гэта найперш газавая вайна, спрэчка Менску з Газпромам наконт цэнаў і доўгу, гэта і заява Мядзьведзева пра адмову ад паслугаў Менскага заводу колавых цягачоў, гэта і тон асобных расейскіх мэдыяў. Канфлікт працягваецца, і заявы Лукашэнкі ў Астане — звыклая для яго «дыпляматыя скандалу». Прычым моц ягонай пазыцыі палягала ў тым, што ён апэляваў як да супольных інтарэсаў усіх чальцоў саюзу, акрамя Расеі, так і да тэарэтычных прынцыпаў, закладзеных у канцэпцыю саюзу, якім супярэчыць наяўная практыка. Нездарма Пуцін як бы апраўдваўся, а не ішоў у контранаступ.

Наўрад ці прэтэнзіі Менску будуць хуценька задаволеныя, але беларускі кіраўнік паказаў, што папсаваць настрой пры нагодзе дарагому саюзьніку ён можа. Што і зрабіў у Астане.

Цыганкоў: У гэтых абвінавачваньнях ёсьць пэўныя недагаворкі ці паўпраўда, а можа нават палітычнае крывадушша.

З аднаго боку, Аляксандар Лукашэнка наракае на няўзгодненасьць у вырашэньні інтэграцыйных праблемаў. Але даўно вядома і адсочана, што Лукашэнка, як і Назарбаеў, абсалютна не спрыяе таму, каб былі створаныя дадатковыя інтэграцыйныя камісіі ці ўтварэньні, якія б вырашалі гэтыя праблемы.

Лукашэнка ў свой час выступіў супраць таго, каб даваць дадатковыя паўнамоцтвы Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Напрыклад, Лукашэнка ў свой час выступіў супраць таго, каб даваць дадатковыя паўнамоцтвы Эўразійскай эканамічнай камісіі, якая б магла вырашаць такія пытаньні. Ён выступае супраць таго, каб у Эўразійскім саюзе былі створаныя палітычныя надбудовы.

У саюзьнікаў разыходжаньняў даволі шмат. Гэта і аб’ектыўныя адрозьненьні эканомік, якія настроеныя зусім на іншыя рэчы. У Беларусі эканоміка перапрацоўчая, а расейская і казахская — сыравінныя. Інтарэсы не супадаюць і палітычныя. Асабліва ў сувязі з апошнімі дзеяньнямі Масквы. Расея выключыла Ўкраіну з рэжыму зоны свабоднага гандлю СНД. Але іншыя партнэры па Эўразійскім эканамічным саюзе, Казахстан і Беларусь, гэтага ня сталі рабіць.

Гэта сур’ёзная нестыкоўка, якую немагчыма ўявіць, напрыклад, у Эўрапейскім Зьвязе, дзе калі прымаюцца рашэньні, то кансэнсусна, і няма такога, каб праз адну краіну праточваліся нейкія прадукты і ўтвараліся дзіркі на мяжы. Як, напрыклад, празь Беларусь пайшла эўрапейская кантрабанда ў Расею.

Яшчэ адна нестыкоўка, інсьпіраваная і ўтвораная Беларусьсю — Беларусь уваходзіць у такое эканамічна-гандлёвае аб’яднаньне, але яна пры гэтым не ўваходзіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю. І беларускія чыноўнікі адкрыта заяўляюць: мы ня пойдзем у СГА шляхам Казахстану, ён нам будзе шкодны. Вось такі стан унутры Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Карбалевіч: Саміт ЭАЭС быў плянавы, чарговы, таму руцінны. Ніякіх прынцыпова важных рашэньняў ён не прыняў.

Зьвярнуў бы ўвагу на некалькі момантаў. Найперш, не адбылася сустрэча Лукашэнкі з Пуціным.

Па-другое, кантраст, паміж выступам Лукашэнкі і ўсіх іншых прэзыдэнтаў краін-чальцоў ЭАЭС. Апошнія гаварылі ў пазытыўным тоне — маўляў, усё добра. Назарбаеў казаў, што «дзейнасьць ЭАЭС набірае абароты».

З таго, што сказаў Лукашэнка, вынікае, што не існуе ня толькі эканамічнага саюзу, але і зоны вольнага гандлю.

А з таго, што сказаў Лукашэнка, вынікае, што не існуе ня толькі эканамічнага саюзу, але і адзінай эканамічнай прасторы, зоны вольнага гандлю. Ён адзначыў: як існавала каля 600 абмежаваньняў і выняткаў у гандлі, так і існуе, іх колькасьць не мяняецца. То бок саюз затрымаўся на ўзроўні Мытнага саюзу, і далей працэс інтэграцыі ня рухаецца. І калі я чую, што нейкія трэція краіны (напрыклад, Віетнам) хочуць далучыцца да зоны вольнага гандлю, то адразу ўзьнікае пытаньне: як можна далучацца да таго, чаго няма?

І самы галоўны доказ неэфэктыўнасьці гэтага саюзу палягае ў тым, што з уступленьнем у сілу дамовы аб стварэньні эканамічнага саюзу ўзаемны гандаль скараціўся на трэць. Падзеньне цэнаў на нафту выклікала крызіс ва ўсіх краінах-чальцах ЭАЭС, вайну дэвальвацыяў.

Вось гэтае расчараваньне і выказаў Лукашэнка. Бо крызіс закрануў Беларусь больш за іншых. Расея таксама ў крызісе, але Пуцін ня будзе ж ганіць сваё дзецішча. А Лукашэнка, як звычайна, выказвае прэтэнзіі, прычым выцягвае іх у публічную плашчыню.

Таксама прагучаў несхаваны папрок на адрас Расеі, якая сэпаратна ўвяла эканамічнае эмбарга ў гандлі з трэцімі краінамі. Маецца на ўвазе гандлёвая вайна Расеі з ЭЗ, Украінай і Турэччынай. І мэханізму функцыянаваньня саюзу ва ўмовах, калі адна краіна уводзіць санкцыі, а іншыя чальцы ЭАЭС не далучаюцца, няма. Таму расейскія ўлады ўвесь час папракаюць Беларусь у кантрабандзе тавараў з краінаў ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG