Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава гарадзенскіх дзяцей, прысьвечаная Баксту, паедзе ў Парыж


Выстава, прысьвечаная 150-годдзю Лявона Бакста, ў Гарадзенскім абласным драматычным тэатры
Выстава, прысьвечаная 150-годдзю Лявона Бакста, ў Гарадзенскім абласным драматычным тэатры

Цяпер творы навучэнцаў мастацкіх школаў Гарадзеншчыны можна пабачыць у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры.

Паводле адной з арганізатарак выстаўкі Лідзіі Шах, выкладчыцы Гарадзенскага каледжа мастацтваў, у конкурсе бралі ўдзел дзеці ва ўзросьце ад 12 да 18 гадоў з мастацкіх школ усяе вобласьці. Спадарыня Шах кажа, што малавядомы раней Бакст нават у Горадні, дзе нарадзіўся, становіцца гонарам нашых мастакоў:

— У мастацкіх школах вобласьці цяпер дзяцей знаёмяць зь біяграфіяй і творчасьцю Бакста, і таму на конкурс да яго 150-годзьдзя было шмат работ. Нашы дзеці ганарацца тым, што Бакст, адзін з самых вядомых мастакоў-сцэнографаў, нарадзіўся ў Горадні. І мае студэнты з каледжу мастацтваў крыўдавалі нават, што не змаглі браць удзелу ў гэтым конкурсе. Па праўдзе, я нават была трохі зьдзіўлена, як дзеці хутка адчулі Бакста, зацікавіліся ім, яго работамі, мы нават хадзілі на экскурсію і шукалі мясьціны, дзе ён маленькім мог тут бегаць.

Спадарыня Шах таксама адзначае, што заўважыла падчас выставы ў Гарадзенскім абласным тэатры зацікаўленасьць многіх людзей асобай Бакста, і гэта нягледзячы на тое, што інфармацыі пра яго ня так і шмат.

— Многія дзеці нават зрабілі копіі ягоных малюнкаў, праўда, пры гэтым імкнуліся зьмяніць колеры, надавалі сваю дынаміку, гэтым самым пакідаючы нейкі свой сьлед на ягоных ідэях. Таму гэтая выстава і трохі незвычайная, няпростая, яна як бы па матывах Бакста і ў той самы час са сваім адценьнем.

Плянуецца, што выстава ў штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы будзе доўжыцца з 21 па 25 лістапада, а пасьля павінна вярнуцца ў Горадню. Праўда, як зазначыла, спадарыня Шах, калі яна здолее зацікавіць эўрапейскія галерэі, то, магчыма, застанецца яшчэ на пэўны час для агляду.

2016 год з ініцыятывы UNESCO абвешчаны «Годам Бакста». Лявон Бакст (сапраўднае імя Лейб-Хаім Розэнбэрг) нарадзіўся 9 траўня 1866 году ў Горадні ў сям’і габрэйскага вучонага-талмудыста. Яго талент у поўнай меры раскрыўся ў Парыжы. Мастак, сцэнограф, кніжны ілюстратар, майстар станковага жывапісу і тэатральнай графікі, ён быў адным з заканадаўцаў эўрапейскай моды на экзотыку і арыенталізм на пачатку ХХ стагодзьдзя.

У Горадні імем славутага мастака названа вуліца, якая знаходзіцца на гарадзкой ускраіне, у пасёлку Фабрычны, які толькі некалькі гадоў таму ўключаны ў гарадзкую мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG