Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацучаняты ў малацэ. Рагачоўскі камбінат бароніць рэпутацыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рагачоўскі раённы суд разглядае пазоў мясцовага малочна-кансэрвавага камбінату да трох жыхарак райцэнтру, якія спрычынілася да разьмяшчэньня ў інтэрнэце фатаздымка «пакета малака з мышанём».

Здымак на 548 мільёнаў

У красавіку жыхарка Рагачова Марына выставіла на сваёй сьцяне ў «Аднаклясьніках» здымак: з адрэзанага кута ў поліэтыленавым пакеце малака напалову вытыркаецца мышаня. Пад здымкам Марына зрабіла такі подпіс: «Рагачоўскае малако. Купі пакет малака і мыш у падарунак». І патлумачыла ў камэнтары: «Сталага веку жанчына хацела зварыць малочны супчык, адрэзала рог пакета і пачала выліваць малако ў каструлю, а яно ня льецца. Яна націснула на пакет, і адтуль паказалася дохлая мыш, і на дне пакета яшчэ адну намацалі».

На Рагачоўскім малочна-кансэрвавым камбінаце, што называецца, схапіліся за галаву: такога ня можа быць — гэта моцны ўдар па рэпутацыі прадпрыемства.

Прадпрыемства накіравала пазоў у суд аб абароне дзелавой рэпутацыі. У якасьці адказчыкаў названыя тры жанчыны: Аліна З., якая купіла малако ў краме, занесла дадому сваёй маці, а пасьля паказвала пакет з мышанём на рынку; 82-гадовая маці Аліны, Матруна Л. — бабуля хацела зварыць малочны супчык і знайшла мышаня; а таксама Марына С. — яна зрабіла здымак на мабільны тэлефон і разьмясьціла яго ў «Аднаклясьніках».

Малочна-кансэрвавы камбінат патрабуе ад жанчын публічна абвергнуць зьвесткі, якія ганьбяць ягоную дзелавую рэпутацыю як вытворцы высакаякаснай малочнай прадукцыі, а таксама хоча спагнаць зь іх у салідарным парадку на карысьць прадпрыемства кампэнсацыю матэрыяльнай шкоды ў памеры 54 822 дэнамінаваныя беларускія рублі. Акурат на столькі зьнізіўся продаж малака ў пакетах за два месяцы — красавік і травень. Такую лічбу падае эканамічны аддзел камбінату.

Камбінат адмовіўся ад кампэнсацыі шкоды

27 ліпеня на паседжаньні суду прадстаўнік ААТ «Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат» юрыст Сяргей Ерашэвіч заявіў, што прадпрыемства адмаўляецца пакуль ад матэрыяльных прэтэнзіяў — гэтае пытаньне будзе вырашацца кіраўніцтвам камбінату пазьней. І падаў адпаведны пісьмовы дадатак да ранейшага пазову.

Малако «Смачнае» тлустасьцю 2,5% выпушчана было Жлобінскім філіялам ААТ «Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат». Менавіта кіраўніцтва філіялу і зьвярнулася ў Жлобінскую вэтэрынарную лябараторыю, каб спэцыялісты дасьледавалі мышэй, якія трапілі ў пакет.

Пацучкі — на камісіі

Судзьдзя Ўладзімер Саламейчук выклікаў у суд вэтэрынарнага лекара з Жлобіна Алу Масьлюк — яна ў прысутнасьці адмысловай камісіі ўскрывала грызуноў з малочнага пакету, запаўняла афіцыйны пратакол патолягаанатамічнага дасьледаваньня.

«У лябараторыю, — сьведчыла вэтэрынарны спэцыяліст, — прывезьлі вядро, у ім вялікі поліэтыленавы пакет, а ўжо ў гэтым пакеце знаходзіўся пакет з-пад малака. З адрэзанага кута малочнага пакета тырчала галава ня мышы, а малога пацучаняці. Я яго дастала, потым разрэзала пакет, а там — яшчэ двое пацучанят. Малака ў пакеце ўжо не было. Пацучаняты былі мокрыя, але безь сьлядоў малака на іх. Толькі ў першага пацучка, што тырчаў з малочнага пакета, каля вушак былі невялічкія згусткі малака».

Судзьдзю, адвакатаў адказчыкаў, пазоўнікаў цікавілі шмат якія падрабязнасьці дасьледаваньня, але найперш — прычына сьмерці пацучанят.

«Усе ўнутраныя органы ў дасьледаваных грызуноў былі чыстыя, у лёгкіх, страўніку сьлядоў малака таксама ня выяўлена. Толькі на патылічнай частцы, бліжэй да галавы, былі прыпухласьці й гематомы. Па сутнасьці, аднатыпныя. Ніякіх іншых зьменаў ня выяўлена», — тлумачыла вэтэрынарны спэцыяліст.

«Ад моманту выпуску малака да моманту дасьледаваньня прайшло двое сутак. Калі грызуны былі ўвесь гэты час у малацэ, то ці былі б нейкія зьмены? — такое было пытаньне.

«Так. А ў гэтых пацучанят нават лапкі мелі звычайны выгляд — ніякіх анатамічных зьменаў», — патлумачыла спэцыялістка.

Шмат пытаньняў выклікала копія пратаколу вэтлябараторыі, якая паступіла зь міліцыі — там былі подпісы чальцоў камісіі, але не было высноваў наконт прычыны сьмерці грызуноў. Паходжаньне гэтай копіі Ала Масьлюк патлумачыць не змагла — хто, калі і навошта яе зрабіў, невядома. Таму суд запатрабаваў прадставіць копію пратаколу, якая захоўваецца ў вэтлябараторыі.

У суд маюць выклікаць і галоўнага інжынэра ААТ «Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат» Дзьмітрыя Іванова — менавіта ён атрымаў пакет з пацучком з Рагачоўскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, вазіў яго ў Жлобінскі філіял МКК, каб тамтэйшае кіраўніцтва афіцыйна зьвярнулася ў вэтлябараторыю з просьбай дасьледаваць грызуноў.

Апэрэта «Лятучыя мышы»?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Разумееце, — тлумачыў журналістам у перапынку яшчэ адзін прадстаўнік малочна-кансэрвавага камбінату, інжынэр аўтаматызаваных сыстэмаў Алег Арцёмішын, — вытворчасьць малака ў нас мае закрыты цыкль. У ім наагул ня могуць зьявіцца ніякія пабочныя рэчы, велічыня якіх перавышае тры мілімэтры. Мы нават зьнялі відэафільм для суду, дзе паказаны працэс вытворчасьці малака ў нашым жлобінскім філіяле. І вам гэты фільм прэзэнтуем. Лічу, што пакет з мышанём мае пастановачны характар».

Першая адказчыца, Аліна З., у судзе патлумачыла, што яна як грамадзянка, якая мае дзяцей і ўнукаў, перажывае за іх здароўе і вымушана была зьвярнуцца ў цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, калі маці патэлефанавала і распавяла пра «пакет малака з мышшу».

«Я забрала гэты пакет, прынесла да сябе на рынак. Канечне, паказвала знаходку. Калі вызвалілася, пайшла з гэтым пакетам у наш Рагачоўскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, напісала там заяву — так, як прадыктавала мне супрацоўніца цэнтру. Потым ужо даведалася, што гэты пакет чамусьці перадалі галоўнаму інжынэру камбінату. Непрыгожа паступілі. У мяне прэтэнзіяў да камбінату няма. Можа, хто й крыўдзіцца на яго, але ня я. Я паступіла як грамадзянка, як спажывец — аднесла на праверку», — кажа Аліна.

Тым часам дырэкцыя камбінату ў пазове ў суд піша, што Аліна З. прынесла на Маскоўскі рынак у Рагачове пакет зь «дзіцём мышы», «стала дэманстраваць яго пакупнікам, пры гэтым выказвала абурэньне на адрас вытворцы прадукцыі». А Марына С. сфатаграфавала пакет і разьмясьціла здымак у «Аднаклясьніках», дадаўшы абагульняючы подпіс.

Юрыст МКК Сяргей Ерашэвіч выказваецца наконт гэтага досыць ляканічна:

«Жанчыны мелі неасьцярожнасьць распаўсюдзіць непраўдзівую інфармацыю пра камбінат, бо наша прадпрыемства не выпускае прадукцыю з мышамі».

Вядома, на прадпрыемстве не выключаюць і вэрсію мэтанакіраванай правакацыі патэнцыйных канкурэнтаў, бо «пацучкі ў малацэ» зьявіліся акурат у той час, калі камбінат прыкладаў высілкі, каб разгрузіць склады з гатовай прадукцыяй. Разьлік, безумоўна, просты: скампрамэтаваць самую хадавую прадукцыю — малако, якое спажываюць і малыя, і старыя.

Тэарэтычна грызуны маглі трапіць у пакет на трох стадыях: на вытворчасьці, у гандлі, у побыце.

У сярэдзіне жніўня разбор у судзе будзе працягнуты. Абодва бакі — пазоўнік і адказчыкі — спадзяюцца, што суд адкажа на пытаньне, быў спэктакль ці не. У гэтым зацікаўленыя і шматлікія спажыўцы малочнай прадукцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG