Пра ўсталяваньне шыльды стала вядома ў сераду ад мясцовага праваабаронцы, сябра Грамадзкай назіральнай камісіі Эрнэста Мезака. Паводле яго, гэта адбылося 16 жніўня 2016 году ў рамках ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды сьвяткаваньня Дня калёніі, якая знаходзіцца на месцы былога лягернага пункту № 19 «Водоразделлаг-Микуньская».
На памятным знаку напісана, што ён усталяваны «на знак павагі і ўдзячнасьці першабудаўнікам і супрацоўнікам-стваральнікам калёніі». Навіна аб усталяваньні шыльды ёсьць на сайце Ўпраўленьня фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (УФСВП) у Рэспубліцы Комі. У паведамленьні гаворыцца, што падчас сьвяткаваньня Дня калёніі зьняволеным і супрацоўнікам ВК-14 «быў зачытаны загад НКУС СССР аб стварэньні лягеру ад 16 жніўня 1937 году».
Загад аб стварэньні лягеру «Усть-Вымский», часткай якога быў лягерны пункт у пасёлку Мікунь, падпісаў народны камісар унутраных справаў Мікалай Яжоў. На сайце УФСВП адзначаецца, што асуджаныя ў ім «жылі ў намётах», а «камандны склад і работнікі — у вагончыках». У 1948 годзе лягерны пункт быў ператвораны ў асаблівы лягер «Водораздельный», а ў 1954-м стаў часткай Косланскага папраўча-працоўнага лягера.
Цяпер, апроч жаночай калёніі, у ВК-14 знаходзіцца Адзінае памяшканьне камэрнага тыпу — турма для злосных парушальнікаў рэжыму і крымінальных «аўтарытэтаў». Да красавіка 2016 году ў ёй утрымліваўся ўкраінец Генадзь Афанасьеў, асуджаны ў 2014 годзе да 7 гадоў калёніі за падрыхтоўку тэрактаў у Крыме. Ён вярнуўся ва Ўкраіну пасьля абмену 14 чэрвеня.