Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч пра крокі Нацбанку: Навошта прывязвацца да расейскага рубля, які падае?


Нацбанк Беларусі зрабіў шэраг захадаў, каб стабілізаваць сытуацыю ў фінансавай сфэры. У кошыку валютаў павялічана доля расейскага рубля — да 40%. Упершыню за тры гады Нацбанк павысіў на 5% стаўку рэфінансаваньня: з 9 студзеня яна складзе 25%. Таксама адмяняецца 10-адсоткавы збор, які ад сярэдзіны сьнежня трэба было плаціць у абменьніках і банках пры набыцьці валюты.

«Нацбанкам прыняты шэраг рашэньняў у галіне працэнтнай палітыкі, якія накіраваныя на фармаваньне ў эканоміцы ўзроўню працэнтных ставак, якія забясьпечваюць фінансавую і макраэканамічную стабільнасьць, запавольваньне інфляцыі, а таксама балянс інтарэсаў укладчыкаў і пазычальнікаў», — адзначаецца ў паведамленьні Нацбанку.

Cтаўка рэфінансаваньня Нацбанку Беларусі, на аснове якой вызначаюцца стаўкі па крэдытах, якія даюць камэрцыйным банкам, у сьнежні 2011 году складала 45% гадавых, а да сярэдзіны жніўня 2014-га ўпала да 20%.

Адначасова з павышэньнем стаўкі рэфінансаваньня Нацбанк зьніжае з 14 студзеня працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых апэрацыях падтрымкі ліквіднасьці банкаў з 50% да 40%. Аналягічна зьмененая (з 9 студзеня) лімітавая працэнтная стаўка па дэпазытах юрыдычных асобаў у банках Беларусі.

У пэрспэктыве павінна апусьціцца ніжэй за 50% гадавых і лімітавая стаўка па рублёвых укладах фізычных асобаў.

Таксама з 9 студзеня адмяняецца 10-адсоткавы збор, які даводзілася плаціць у абменьніках і банках Беларусі пакупнікам наяўнай замежнай валюты. Каб пагасіць ажыятажны попыт на даляры і эўра, пакупнікоў яшчэ 19 сьнежня абавязалі выплачваць у бюджэт 30-адсоткавы падатак.

У канцы сьнежня гэтую стаўку зьнізілі да 20%, на пачатку студзеня — да 10%.

Паводле Нацбанку, «гэтая мера заклікана ўніфікаваць абменныя курсы куплі-продажу на розных сэгмэнтах валютнага рынку, у тым ліку ў абменных пунктах банкаў, і наблізіць іх да афіцыйнага курсу беларускага рубля».

Афіцыйны курс даляра вырас 8 студзеня адразу на 7,5% — з заўтрашняга дня ён складзе 13 тысяч 760 рублёў.

Таксама Нацбанк прывязаў курс беларускага рубля да кошыка замежных валютаў, доля расейскага рубля ў якой павялічаная да 40%, а долі эўра і даляра — зьніжаныя да 30%. Валютныя інтэрвэнцыі цяпер плянуецца праводзіць толькі дзеля згладжваньня пікавых ваганьняў.

«Увядзеньне згаданага мэханізму курсаўтварэньня дазволіць больш эфэктыўна кіраваць курсам нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валютаў, якія маюць асноўнае значэньне для зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Беларусі, і павысіць устойлівасьць беларускай эканомікі да ўзьдзеяньня зьнешніх фактараў», — гаворыцца ў паведамленьні Нацбанку.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч назваў прынятыя меры па стабілізацыі сытуацыі ў фінансавай сфэры дробнымі крокамі.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Гэта крокі ў правільным кірунку, але крокі вельмі дробныя. А трэба рабіць больш шырокімі гэтыя крокі. Трэба рабіць праграму разам з урадам. Нічога кардынальнага ці лепшага я ня бачу ў тым, што памянялі кошык валютаў. Расейскі рубель у агульным кошыку склаў 40%, а эўра і даляр — па 30%. Я лічу, што вопыт кошыка ні да чога добрага нас не прывёў. Трэба было б ад яго адмовіцца і арыентавацца на даляр. Праз даляр сёньня вызначаецца і эўра, і расейскі рубель. Кантракты з Расеяй па нафце і газу заключаныя ў даляравым эквіваленце. Крэдыт у Расеі ўзяты, па сутнасьці, у даляравым эквіваленце. Лукашэнка запатрабаваў плацяжы вызначаць за мяса і малако ў далярах. Ну якая ёсьць неабходнасьць арыентавацца на расейскі рубель, які падае?

Таксама трэба аднавіць сапраўдную ролю стаўкі рэфінансаваньня. Гэта тая стаўка, па якой Нацбанк у выпадку, калі для камэрцыйных банкаў няма магчымасьці набыць рэсурсы на міжбанкаўскім рынку, дапамагае банкам, дае рэсурс. Ёсьць стаўка рэфінансаваньня, па ёй рэфінансуюцца камэрцыйныя банкі, каб выратаваць, калі яны маюць праблему зь ліквіднасьцю. А ў нас ставак многа. Апроч стаўкі рэфінансаваньня, ёсьць іншыя. А трэба, каб была адна стаўка рэфінансаваньня, каб па ёй арыентавацца. Хоць яе павелічэньне з 20% да 25% — правільны крок. Але самае галоўнае, чаго не хапае, — гэта праграмы зьніжэньня ўзроўню інфляцыі хаця б да адназначнай велічыні і зьніжэньня працэнтных ставак па крэдытах, напрыклад, да 10%. Бо сёньня крэдыты эканоміцы ў 50–70% — гэта ліхвярскія крэдыты, якія гробяць эканоміку, асабліва малы і сярэдні бізнэс.

Каб ажывіць эканоміку, якая цяпер у стагнацыі, патрэбная шырэйшая грашова-эканамічная праграма. Магчыма, яе прадставіць Андрэй Кабякоў у парлямэнце».

Карэспандэнт: «У выніку агучаных Нацбанкам захадаў ці можна чакаць, што курсы валютаў вернуцца да сьнежаньскіх?»

Мы страцілі 800 мільёнаў на падтрыманьне курсу ў сьнежні. Куды гэта варта?!

Багданкевіч: «Пра гэта і гаворкі ня можа быць. Гэта ўжо будзе новы курс. Пэўны час ён будзе яшчэ вагацца, ня будзе цьвёрдым. Але ў гэтых мерах правільна сказана, што трэба арыентавацца на попыт-прапанову, ня траціць рэзэрвы на падтрыманьне такога фіксаванага валютнага курсу, і ў той жа час улічваць крос-курсы, суадносіны паміж расейскім рублём і далярам, паміж эўра і далярам. Тым больш што трэба ствараць рэзэрвы. Мы страцілі 800 мільёнаў на падтрыманьне курсу ў сьнежні. Куды гэта варта?! Трэба, каб нават Нацбанк рабіў заяўкі на куплю валюты на біржы, каб паступова аднаўляць рэзэрвы. І таму курс няхай нават зьмяншаецца крыху, пакуль не стабілізуецца эканоміка і не пачнецца ажыўленьне росту валавага прадукту».

Карэспандэнт: «Але ці будзе ўсё ж расьці курс даляра бліжэйшым часам?»

Багданкевіч: «Цяжка пакуль сказаць. Яшчэ па адной біржы нельга зрабіць ацэнку. Сёньня даляр — недзе 13 750 рублёў. Відаць, яшчэ ўпадзе, то бок будзе і 14 тысяч. Але тут цяжка казаць. Калі мы ўжо гаворым пра рынак, попыт-прапанову, трэба паглядзець на гэты рынак бліжэйшымі днямі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG