Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напрыканцы 2016 году 1 даляр будзе каштаваць 20 тысяч рублёў, без уліку дэнамінацыі


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Такі прагноз на наступны год зрабіў сёньня для Свабоды былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Да ягонай думкі варта прыслухацца ня толькі таму, што спадар Багданкевіч пэўны час па сваім статусе лічыўся галоўным банкірам краіны. Ён, як сьведчаць рэаліі, яшчэ і найлепшы прагназіст.

5 студзеня 2015 году падчас круглага стала, які праходзіў у офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вядомыя экспэрты адказалі на пытаньне: «Колькі беларускіх рублёў будзе каштаваць адзін даляр 19 сьнежня 2015 году?». Дата 19 сьнежня была ўзятая таму, што менавіта ў гэты дзень 2014 году фактычна адбылася дэвальвацыя беларускага рубля.

І вось як меркавалі пра курс на той дзень экспэрты:

17 500 — былы старшыня праўленьня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч,

20 150 — экспэрт «Лібэральнага клюбу» Антон Болтачка,

20 700 — кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук,

21 000 — эканаміст Леў Марголін,

30 000 — былы прэм’ер Міхаіл Чыгір.

Сёлета 19 сьнежня, паводле курсу Нацыянальнага банку, 1 даляр каштаваў 18 370 рублёў. І бліжэй за ўсіх да гэтай лічбы наблізіўся спадар Багданкевіч.

Прыняўшы віншаваньні ад Свабоды, Станіслаў Багданкевіч сказаў:

«Мінулы раз я ўлічваў і тую мадэль эканомікі, якая ў нас існуе, і той урад, які кіруе намі. І гэта, бачыце, больш-менш спрацавала.

Зараз я назаву круглую лічбу — 20 тысяч. Гэта — аптымальны варыянт.

Я думаю, што можна не дапусьціць вялікага абвалу і ва ўмовах падзеньня эканомікі. Можна балянсаваць. Галоўнае, каб сыходзіліся дэбэт з крэдытам, рэсурсы з укладаньнямі.

Мяркую, што калі ўлады атрымаюць крэдыты, яны могуць нешта зрабіць. Я не чакаю абвалу рубля. А чакаю падзеньня роўню жыцьця. Бо будзе інфляцыя і ў даляравым эквіваленце».

Карэспандэнт: «Ці правільна я разумею, што падзеньне рубля не адзіны і не галоўны паказьнік зьніжэньня роўня жыцьця?»

Я думаю, што можна не дапусьціць вялікага абвалу і ва ўмовах падзеньня эканомікі

Багданкевіч: «Падзеньне жыцьцёвага роўню зьвязанае з тым, што прагназуецца пагаршэньне шматлікіх фактараў: валавога прадукту, экспарту, імпарту, прадуктыўнасьці працы... Але адміністратыўная эканоміка больш за рынкавую паддаецца дзяржаўнаму кіраваньню. І таму ўлады могуць кіраваць ёй, арыентуючыся на падзеньне роўню жыцьця. Усё будзе падаць, але пад кантролем.

Сёньня я, нягледзячы на свой радыкуліт, схадзіў у аптэку. І за тую ж самую ўпакоўку лекаў, якія я набываў усяго месяц таму, заплаціў на 10 тысяч болей. А раней — яшчэ на 30 тысяч болей. І гэта за айчынныя лекі. А мэдыцына — тая сфэра, дзе цэны не павінны падвышацца. І што тады казаць пра імпартныя?!

Па меншай меры я сваім прагнозам супакою народ. Бо іншыя экспэрты-эканамісты назавуць больш нэгатыўныя лічбы.

Але я думаю, што ўрад усё ж ня будзе проста сядзець і чакаць. Ён будзе шукаць новыя рынкі збыту, крыніцы разьвіцьця, прыцягненьне інвэстыцыяў, нейкую прыватызацыю, атрыманьне льготных крэдытаў. З улікам усяго гэтага я і раблю свой прагноз».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG