Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца пад сонцам лібэралізацыі: апаратны рэванш


Ужо прапанавана мноства вэрсіяў «дзікага паляваньня», ахвярай якога стаў Юрый Чыж. Дазволю сабе прапанаваць яшчэ адну, заснаваную не столькі на веданьні нейкага інсайту, колькі на ўяўленьнях аб функцыянаваньні сыстэмаў, падобных на беларускую, якая зусім не ўнікальная.

Сутнасьць вэрсіі: арышт бізнэсоўца — рэха зьняцьця санкцыяў, той лібэралізацыі, няхай вельмі памяркоўнай і супярэчлівай, якая апошнім часам пачалася. Кажучы зусім ужо проста: старшыні КДБ Валеру Вакульчыку справа Чыжа спатрэбіліся для таго, каб супрацьстаяць росту ўплыву Ўладзімера Макея.

Сыстэму ўлады і кіраваньня толькі мэтафарычна можна ўяўляць, як безасабовы мэханізм, які прымае і праводзіць у жыцьцё нейкія рашэньні. На самай справе сыстэма — гэта людзі. Са сваімі статусамі, становішчам у сыстэме, кар’ерамі і інтарэсамі.

Прынцып сыстэмы — балянс. Тармазнуць, потым дададуць газку. А здарыцца камусьці ўсё ж, як Чыжу на сваім узроўні, прайграць ўшчэнт, дык знойдуць іншага і адновяць балянс

Вялікія павароты ў палітыцы дзяржавы азначаюць, акрамя ўсяго іншага, і пераразьмеркаваньне ў сыстэме гэтых статусаў і палажэньняў. Відавочна, што, у прыватнасьці, лібэралізацыя азначае ўзмацненьне пазыцыяў тых, хто на яе ставіць, хто здабывае з такога выбару палітычныя дывідэнды. Пры гэтым гэта не абавязкова людзі, самі па сабе больш прыхільныя каштоўнасьцям свабоды, чым іх апаратныя супернікі.

У аўтарытарнай сыстэме нягнуткія ідэалягічныя прынцыпы (прычым любыя) — ладная перашкода для таго, каб заставацца на плыву. Людзі, такой раскошай абцяжараныя — тыя самыя чужыя, якія «там не ходзяць».

Гэта да таго, што асабіста, гледзячы на сябе ў люстэрка, спадар Макей — магчыма ня большы, а то і меншы лібэрал, чым спадар Вакульчык. Проста розныя месцы, якія яны займаюць у сыстэме ўлады, абумоўліваюць і розныя стаўкі.

Пасьля 2010 году кіраўнік МЗС, кім бы ён ні быў, проста ня мог гуляць на паглыбленьне канфрантацыі з Захадам. Таму што асабліва было ўжо і няма куды, не адклікаць жа пасольствы, не наклікаць на сябе новыя санкцыі. Не, усё гэта рабіць было можна, гэта нават і рабілася, аднак недахоп такой лініі з чыста апаратнай пункту гледжаньня палягаў у тым, што гэта не магло даць правадыру такой палітыкі ніякага палітычнага прафіту — ну яшчэ горш пасварыліся, яшчэ адно пасольства папрасілі прэч, а ў чым тут карысьць? Не для краіны (яе вынесем у абмеркаваньні за дужкі), а для сыстэмы. І зусім іншая справа — адкрыць закрыты заходні канал, заплаціць пры гэтым паменш, атрымаць пабольш.

Але ў старшыні КДБ, зноў жа кім бы ён ні быў сам па сабе, набор магчымасьцяў захоўваць і паляпшаць сваё становішча ў сыстэме у пэўным сэнсе процілеглы. Калі не пільнаваць, калі не саджаць, калі не змагацца, то значэньне такога «непраціўленца злу» натуральным чынам будзе зьніжацца.

Ну і вось санкцыі зьнялі, у што было цяжка паверыць нават яшчэ некалькі месяцаў таму. Хто аказаў сыстэме такую паслугу? Вось хто аказаў, той і выйграў у апаратным спаборніцтве. Працяг гэтай палітычнай лініі — рост палітычнай вагі таго, хто зь ёй асацыюецца.

Зразумела, ніякай уласнай палітыкі названыя, і якія-небудзь іншыя, чыноўнікі не вядуць, усе ключавыя рашэньні прымае першая асоба. Але каго ён часьцей слухае, да чыіх рэкамэндацыяў і меркаваньняў часьцей прыслухоўваецца — за гэта і ідзе жорсткая барацьба, у гэтым, уласна кажучы, і ёсьць сутнасьць апаратнага жыцьця.

Але дзеяньне выклікае супрацьдзеяньне. Тыя, каго спадар Макей апярэдзіў у апаратнай гульні, бяруць рэванш. Спрабуюць, па меншай меры.

Адсюль, магчыма, і драматычная, у стылі захапляльнага баевіка, гісторыя пра тое, як Чыж імчыцца да мяжы, а доблесныя органы наганяюць зламысьніка. Карцінка куды больш займальная, чым сумнае зьняцьцё санкцыяў. Яшчэ больш на самай справе быў цікавым аповяд Валера Вакульчыка аб тым, што органы дзейнічалі самастойна, не ставячы ў вядомасьць прэзыдэнта, зь якім яшчэ нядаўна Юры Чыж зьбіраў кавуны.

Чамусьці прыгадаліся словы, сказаныя Сталіным адной з яго будучых ахвяраў: «НКВД і за мной можа прыйсьці. У нас перад законам усе роўныя ». Хто б сумняваўся? І тады, і цяпер.

На самай справе, мяркуючы па ўсім, на нейкім этапе Юры Чыж прайграў апаратнае суперніцтва у сваім «дывізіёне», пра што напісаў Аляксандр Фядута, прайграў прадстаўнікам новага пакаленьня такіх жа, як і ён. Сам па сабе кампрамат на яго не меў значэньня, пакуль Чыж быў у сіле. А ў выніку апаратнага паразы — значэньне здабыў. І зразумела, што санкцыя на паляваньне на яго была дадзеная з самага верху, мяркуючы па ўсім, і з указаньнем канчатковага лёсу. Маглі ж і проста пераканаўча папрасіць перадаць бізнэс пераможцам. А вырашылі па-іншаму.

У тым, што так вырашылі, роля КДБ была немалой, менавіта гэта і нашэптвалі, і дакумэнты паказвалі. Але кардынальнае рашэньне прымаў прэзыдэнт. Ну а наконт рабіць з арышту ралі ці не — маглі і праўда самі вырашыць, у рамках генэральнай лініі.

Зразумела, ніякай уласнай палітыкі названыя, і якія-небудзь іншыя, чыноўнікі не вядуць, усе ключавыя рашэньні прымае першая асоба

І па-апаратнаму контрудар атрымаўся прыгожы. Спрабаваць нанесьці яго, скажам, адкрыўшы новы сьпіс палітвязьняў, было немагчыма — для вышэйшай улады зьняцьцё санкцыяў, па меншай меры, пакуль, гэта актыў, прама ламаць абраную лінію не дазволілі б. А і не трэба. Чыжа палітвязьням не абвесьцяць, зусім нядаўна ён сам быў у сьпісе невыязных, МВФу яго лёс таксама глыбока абыякавы. Так што арышт бізнэсоўца фармальна новай палітыцы не супярэчыць. Ну а што патэнцыйныя замежныя інвэстары ў сувязі з арыштам топавага беларускага бізнэсоўца моцна задумаюцца, ці ўкладваць грошы ў такую цікавую краіну, дык на тое і маецца МЗС на чале з Уладзімерам Макеем, каб разьвейваць падобныя сумневы замежнікаў. А хто сказаў, што будзе лёгка?

На гэта банальнае супрацьстаяньне двух дыядохаў — Макея і Вакульчыка, зразумела, шмат што накруцілася. Псыхалягічныя фактары — народу падабаецца, калі багацеі трапляюць за краты. Таму акрамя банальнага раскулачваньня было атрыманае дабро яшчэ і на шумны арышт, на шоў. І нават трошкі ідэалягічныя — рознага роду абмежаваньні на дзейнасьць праваахоўнікаў, зьвязаныя з новымі палітычнымі павевамі, ствараюць у людзей у пагонах адчуваньне пэўнай няўтульнасьці. І не толькі ў іх.

Над усімі аўтарытарнымі кіраўнікамі постсавецкай прасторы пераважае «сындром Гарбачова». Яны па-рознаму ставяцца да магчымасьці аслабіць хватку, даць нейкія паслабленьні, але ўсё асьцерагаюцца, як бы бяскрыўдныя з выгляду зьмены не выклікалі некантралюемы працэс. Таму нават рэфлекторна нага з газу пераскоквае на тормаз — лягчэй, не так хутка.

Не абавязкова ў дачыненьні да аднаго і таго ж. Маніфэстантаў пакуль за краты не кідаюць, а вось пару багацеяў ўзялі і кінулі. Каб і маніфэстанты, і іншыя, і апарат у першую чаргу не забывалі, у якой краіне жывуць. Як гаварыў Павел І: «Другі чалавек у Расеі — той, зь кім я зараз размаўляю. І пакуль я з ім размаўляю ».

Надакучыла гаварыць з Чыжом — і дзе ён цяпер?

Так што апаратныя апанэнты Уладзімера Макея, якія раілі першай асобе зладзіць вельмі пераканаўчую дэманстрацыю тармажэньня, апэлявалі да глыбокіх пачуцьцяў.

Над усімі аўтарытарнымі кіраўнікамі постсавецкай прасторы пераважае «сындром Гарбачова»

Але зрэшты, рэванш не будзе поўным. Прынцып сыстэмы — балянс. Тармазнуць, потым дададуць газку. А здарыцца камусьці ўсё ж, як Чыжу на сваім узроўні, прайграць ўшчэнт, дык знойдуць іншага і адновяць балянс. Прайграе, скажам, Макей — з’явіцца іншы Макей, прайграе Вакульчык — і яго месца ў сыстэме знойдзецца каму заняць. Як і месца Чыжа.

Месцы гэтыя не вельмі сьвятыя, скажам так, толькі яны ніколі не бываюць пустымі.

А Чыж ... Ну згулялі ім вялікія людзі. Дык ці толькі ім яны гуляюць?

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG