Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы назваў «непрыстойнымі» словы абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра міграцыйную палітыку Нямеччыны.
Трамп у інтэрвію выданьням Bild і The Times назваў палітыку прыёму ўцекачоў, якая праводзіцца канцлеркай Мэркель, «катастрафічнай памылкай», зьвязаўшы тэракт на калядным кірмашы ў Бэрліне зь міграцыйным крызісам. Паводле яго, наплыў уцекачоў таксама прывёў да выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу.
У адказ канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заклікала ня зьвязваць барацьбу з тэрарызмам і пытаньне аб прыёме ўцекачоў, заявіўшы, што эўрапейцы самі вызначаюць свой лёс. Паводле Мэркель, у барацьбе з тэрарызмам Эўропе дапамогуць эканамічная моц і эфэктыўная сыстэма прыняцьця рашэньняў.
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што Эўропа «ня мае патрэбу ў парадах, што ёй рабіць».