Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бацькі Жызьнеўскага: Пасьля сьмерці сына мы ізгоі


Міхаіл Жызьнеўскі ды Ніна Жызьнеўская

Міхаіл Жызьнеўскі ды Ніна Жызьнеўская

«Верым, што аднойчы стаўленьне да нашага сына зьменіцца, што ён будзе рэабілітаваны ў вачах беларусаў. Вельмі хочам дажыць да таго часу і паглядзець у вочы тых, хто плюе на магілу Мішы і абзываў нашу сям’ю».

58-гадовая Ніна Васільеўна і 69-гадовы Міхаіл Пятровіч Жызьнеўскія напярэдадні Радаўніцы прыехалі ў Менск, каб зрабіць некаторыя справы, зьвязаныя з ушанаваньнем памяць свайго сына. 25-гадовы гамяльчук Міхал Жызьнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 году на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ад кулі снайпэра, стаўшы адным зь першых ваяроў «Нябеснай сотні».

«Помнік, зроблены Шатэрнікам, трэба страхаваць»

Самай важнай падзеяй візыту ў Менск маці Міхала Жызьнеўскага лічыць сустрэчу са скульптарам Алесем Шатэрнікам, які ўжо пачаў рабіць помнік на магілу Міхася.

Алесь Шатэрнік ужо паказваў бацькам героя Нябеснай Сотні эскіз — помнік будзе з чырвонага і чорнага каменю, у ім спалучаюцца вобразы разарванай разгорнутай кнігі і праваслаўнага крыжа.

Помнік абавязкова трэба страхаваць. Бацькі кажуць, што пасьля шматлікіх актаў вандалізму на Міхалавай магіле складана ўявіць, які лёс чакае скульптуру.

«Будзем страхаваць, каб помнік не разьбілі і каб у выніку акту вандалізму быў хаця б нейкі разбор. Цяпер, калі зьвяртаемся ў міліцыю і ў сельсавет, адказваюць, што „магілу пашкодзіў вецер“, хоць гэта сьмешна — ня можа вецер зразаць стужкі, рваць сьцягі і пераносіць на сьметніцу вялізны ўкраінскі сьцяг, які прывязваюць да магілкі», — кажа Ніна Васільеўна.

Помнік дарагі, таму сродкі на яго зьбіраюць неабыякавыя беларусы, ахвяруюць таксама ўкраінцы і палякі.

«Ва Ўкраіне шануюць, а на радзіме зьневажаюць»

Бацькам Міхала Жызьнеўскага крыўдна, што ва Ўкраіне для памяці іх сына зроблена нашмат больш, чым у Беларусі, — выпушчаная марка зь яго партрэтам, усталяваны мэмарыял на месцы сьмерці на вуліцы Грушэўскага, абмяркоўваецца магчымасьць назваць адну з кіеўскіх вуліц імем Міхала Жызьнеўскага, а прэзыдэнт Украіны асабіста ўручыў сям’і ордэн Героя Нябеснай Сотні.

«У Беларусі нашмат менш чаго зроблена — вось Шатэрнік робіць помнік, Уладзімер Арлоў напісаў пра Мішу ў новым выданьні кнігі „Імёны свабоды“, і практычна ўсё», — наракае маці Міхала.

Бацькі перакананыя, што каб стаўленьне да Міхала зьмянілася, ва Ўкраіне яму павінны даць званьне Героя Ўкраіны:

«Мы лічым, што Міша, як і ўкраінцы, якія загінулі, варты званьня Героя Ўкраіны. Але, на жаль, для ўручэньня такога званьня ўкраінцам трэба зьмяніць закон. Мы верым, што калі б Міша быў Героем Украіны, то вандалы тут, у Беларусі, не адважыліся б нічога рабіць зь яго магілай».

Паводле Ніны Васільеўны, цяпер Міхала Жызьнеўскага ў Гомелі лічаць бандытам і нацыстам:

«Мне гэта кажуць у вочы — „Якога чорта Міша папёрся да бандэраўцаў? Ён і сам нацыст і бандэравец“. А Міша, жывучы ў Беларусі, ніколі нікому кепскага не зрабіў. Быў чалавекам міру — хацеў міру сабе і ўсім людзям на плянэце. А што землякі зрабілі? Прымусілі нас хаваць Мішу ў цемры, бо спачатку труну доўга трымалі на беларускай мяжы, а пасьля сельсавет не даваў дазволу хаваць на могілках у вёсцы Сьцяг Працы. Людзі вогнішчы палілі, каб пахаваньне ў цемры не праходзіла. Вось такога нацярпеліся мы за тое, што сын загінуў за Ўкраіну».

Міхаіл Пятровіч, тата Міхала Жызьнеўскага, адзначае, што пасьля весткі пра сьмерць сына стаўленьне да сям’і ў Гомелі вельмі пагоршылася:

«Пасьля яго гібелі мы ізгоі. Родную сястру Мішы, 29-гадовую Наташу адлічылі з чацьвёртага курсу Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе да сьмерці брата яна спакойна і добра вучылася. У жонкі пастаянна праблемы з мэдыкамі, якія адмаўляюцца яе абслугоўваць — нават выпісаць рэцэпт праблема».

«Раней Міша прысылаў грошы, а цяпер складана нават купіць лекі»

У Ніны Васільеўны цукроўка і ішэмія. А пасьля пахаваньня Міхася здарыўся шырокі інфаркт — у тэрміновым парадку зрабілі шунтаваньне сэрца. Пасьля гэтага, чуючы прозьвішча загінулага майданаўца Жызьнеўскага, паводле яе слоў ніводзін лекар не зрабіў ёй кардыяграмы, ня ўзяў аналізаў.

Жанчына мае працоўны стаж амаль 38 гадоў. Два мільёны пэнсіі цалкам сыходзяць на лекі. Сям’я кажа, што вельмі не хапае тых сродкаў, якія рэгулярна перадаваў Міша, працуючы ва Ўкраіне.

«Верым, што аднойчы стаўленьне да нашага сына зьменіцца, што ён будзе рэабілітаваны. Вельмі хочам дажыць да таго часу і паглядзець у вочы тым, хто пляваў на яго магілу і абзываў нашу сям’ю. Пакуль зьвяртацца да беларускага прэзыдэнта ня бачым сэнсу — як забілі Мішу, на асноўных каналах была інфармацыя, што „на Майдане забілі бандыта Локі“. Лічым, што на гэта быў загад зьверху, самі СМІ такое б ня сталі рабіць», — кажуць бацькі героя Нябеснай Сотні.

«Людзі пішуць вершы пра Мішу, мы чытаем і плачам»

Бацькі Міхала Жызьнеўскага кажуць, што выхоўвалі сына добрым чалавекам, вучылі любіць людзей, што ён быў рэлігійны, займаўся спортам, захапляўся рыцарствам. Яго міралюбства праяўлялася і ў зусім ня мірны час на Майдане — ёсьць відэазапіс, дзе Міша разьнімае супрацоўнікаў «Беркута» і дэманстрантаў, не дапускаючы бойкі паміж імі.

«Я лічу, што ён быў адным з самых вартых майданаўцаў. Міша лічыў Украіну другой радзімай, але заставаўся беларусам. Падчас апошніх сустрэчаў са мной ён загаворваў пра тое, што хоча застацца жыць ва Ўкраіне, але ніколі не забываў Беларусь», — кажа Міхаіл Пятровіч.

Кранутыя гісторыяй жыцьця і сьмерці Міхала Жызьнеўскага, якому назаўсёды застанецца 25 гадоў, людзі пішуць пра яго вершы і дасылаюць Ніне Васільеўне і Міхалу Пятровічу.

Урывак зь верша, напісанага паэтам Янам Грыбам:

«Ня хоча душа успрымаці парога:
наш родны Міхалка, ты гонар Літвы.
І гэтае права ты маеш прад Богам,
хай прыме цябе Ён у храм Свой сьвяты.
Хай там цябе стрэне Тадэвуш Касьцюшка,
ты жыцьмеш ў народзе як песьня свая.
Ты ў Сотні Нябеснай як весьняя птушка,
а я ўсё шкадую, што гэта ня я».

XS
SM
MD
LG