Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча паўтары гадзіны ўгаворвалі стаць старшынём руху «Разам». Угаварылі «выконваць абавязкі»


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

«Часовы» кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» запэўнівае Свабоду: ён ня столькі палітык, колькі «баец», але сытуацыя вымусіла пагадзіцца выконваць абавязкі старшыні.

На ІІ зьезьдзе руху салідарнасьці «Разам» (дакладней, аргкамітэту па стварэньні такога руху — арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі, толькі ў Чэхіі, Польшчы і Літве) 15 траўня выканаўцам абавязкаў старшыні быў абраны Мікола Аўтуховіч. Ранейшы старшыня Вячаслаў Сіўчык, які кіраваў рухам адпачатку, ня стаў уваходзіць у новае кіраўніцтва, каб падтрымаць ратацыю кадраў.

Але чаму Аўтуховіч не старшыня, а толькі «выконвае абавязкі»?

«Я браў самаадвод і вельмі доўгі час пераконваў усіх прыхільнікаў руху, што я не магу на 100% выконваць гэтыя абавязкі, бо я знаходжуся ў іншым горадзе, — тлумачыць ён карэспандэнту Свабоды. — А калі нешта будзе рабіцца безь мяне... Не магу даваць згоду на такую працу. Доўга-доўга спрачаліся, угаварылі праз паўтары гадзіны, каб гэта было часова».

Аўтуховіч пераконвае, што Сіўчык сышоў добраахвотна — і што ўсе ў руху разумелі, што пасьля 10 год з адным старшынём патрэбныя перамены кадраў. Гэта ў руху называюць прыкладам Лукашэнку. Але ці Аўтуховіч сам ня сыдзе з пасады пры першай жа магчымасьці?

Калі ня будзе патрэбная мая дапамога ў гэтым руху, то буду займацца сваёй справай, я маю свае пляны і праекты. Я не палітык, я больш баец.

«Усё залежыць ад сытуацыі ў краіне, — разважае Аўтуховіч. — Калі ня будзе патрэбная мая дапамога ў гэтым руху, то буду займацца сваёй справай, я маю свае пляны і праекты. Я не палітык, я больш баец. А сёньня проста сытуацыя прымушае ісьці і займацца гэтай справай».

Тое, на што скіроўваў рух Сіўчык, застанецца і пры новым кіраўніцтве, пераконвае Аўтуховіч, але праца будзе весьціся і па новых, «больш сацыяльных» напрамках. Так, на зьезьдзе былі прынятыя рэзалюцыі «Свабоду палітвязьням!», «Аб геапалітычным выбары Беларусі», «Аб падтрымцы патрабаваньняў беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў», «Аб падтрымцы Беларускага ўнівэрсытэту за межамі Рэспублікі Беларусь», «Аб недапушчальнасьці імпэрскіх знакаў у Беларусі».

«Пад парлямэнцкія выбары мы працаваць ня будзем адназначна, — выключае Аўтуховіч яшчэ адзін напрамак дзейнасьці. — Мая пазыцыя цьвёрдая: выбараў няма, удзельнічаць у іх няма сэнсу. Мы пачынаем працаваць у кірунку сацыяльных праблемаў, карупцыі, па тым, у чым патрэбу адчувае народ. Бо сёньня і міліцыя, і суды, і пракуратура штодзень парушаюць заканадаўства, Канстытуцыю».

Як жа з гэтым змагацца? Тая ж барацьба за правы прадпрымальнікаў ня скончылася «пераможным» скасаваньнем указу № 222, і прадпрымальнікі пасьля месяцаў страйку вяртаюцца на працу на свой страх і рызыку.

У адказ на гэта Аўтуховіч згадвае іншы выпадак:

Нават АМАП прысутнічаў у судзе, бо так было горача. Але ж салідарнасьць перамагла, і суд вынес справядлівы прысуд.

«Я на ўласным прыкладзе ведаю, як спрацавала салідарнасьць маіх сяброў, юрыстаў і журналістаў, у гаспадарчым судзе, як адстаялі прадпрымальніка Ламеку. Суд праходзіў тры дні, судзьдзя вынес вэрдыкт — усё вярнуць Ламеку, хоць у яго забралі і машыну, і мэблю, і грошы. Мы за кожным-кожным словам судзьдзі сачылі, за кожнай рэплікай, нават АМАП прысутнічаў у судзе, бо так было горача. Але ж салідарнасьць перамагла, і суд вынес справядлівы прысуд».

Нядаўна руху «Разам» адмовілі ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Маўляў, сьпіс заснавальнікаў ня меў поўных зьвестак пра працоўныя нумары тэлефонаў, у аднаго з заснавальнікаў была пазначаная недакладная інфармацыя пра месца працы. Аўтуховіч згадвае гісторыю БХД, якой сёлета адмовілі ў рэгістрацыі шосты раз, але запэўнівае, што «Разам» усё роўна будзе спрабаваць зарэгістравацца. І гэтым разам не дапусьціць падставаў для таго, каб у рэгістрацыі адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG