Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтару песень Akute адмовілі ў сэртыфікаце творчага працаўніка


Музыкі Akute (справа налева) вакаліст і гітарыст Станіслаў Мытнік, бас-гітарыст Раман Жыгараў і бубначка Vicky Fates

Музыкі Akute (справа налева) вакаліст і гітарыст Станіслаў Мытнік, бас-гітарыст Раман Жыгараў і бубначка Vicky Fates

Экспэртная камісія гатовая зноў разглядзець заяву «з улікам творчага росту». Музыка кажа, што ня мае ніякага жаданьня спрабаваць зноў.

Экспэртная камісія пры Міністэрстве культуры адмовіла беларускаму музыку Раману Жыгараву (аўтару песень, аранжыроўцу і бас-гітарысту гурта Akute) у сэртыфікаце творчага працаўніка. Жыгараў пацьвердзіў гэта карэспандэнту Свабоды, але вырашыў не камэнтаваць дэталі разгляду яго запыту аб сэртыфікаце.

Жыгараву адмоўлена ў сэртыфікаце праз тое, што вынікі яго творчай дзейнасьці не адпавядаюць крытэрам Палажэньня аб экспэртнай камісіі (PDF) у пункце 14. Той пункт вызначае, што вынікі творчай дзейнасьці мусяць «адносіцца да твораў літаратуры і мастацтва, іншых высілкаў у галіне культуры, мастацтва і культурнай творчай дзейнасьці», быць «новымі, якія не існавалі раней, самастойнымі вынікамі інтэлектуальнай дзейнасьці» і мусяць мець «прафэсійны мастацкі ўзровень».

У камэнтары «Эўрарадыё» сябра камісіі, кампазытар Эдуард Зарыцкі патлумачыў, што Жыгараў ня меў «прафэсійных навыкаў, каб хаця б элемэнтарна ведаць ноты», а ў прадстаўленых Жыгаравым нотных матэрыялах «усё ў стане трызьненьня».

Але камісія згодная паўторна разглядзець запыт Жыгарава, «беручы пад ўвагу актыўную работу Жыгарава і гурта Akute у сфэры аматарскай моладзевай творчасьці», «з улікам росту яго прафэсійнага майстэрства». Жыгараў кажа Свабодзе, што ня ўпэўнены, ці будзе рабіць яшчэ адну спробу атрымаць сэртыфікат, але «ня мае ніякага жаданьня».

Сэртыфікат творчага працаўніка дазваляе музыкам, мастакам і іншым творчым асобам займацца толькі творчасьцю, не лічыцца пры гэтым «дармаедамі» і не плаціць адпаведны падатак. Ён выдаецца на пяць год рашэньнем камісіі пры Міністэрстве культуры. Толькі палова прэтэндэнтаў на такі сэртыфікат атрымлівае яго. Сярод тых, каму адмовілі ў сэртыфікаце, мастак Вячаслаў Кліменка, які хоць і меў стыпэндыю прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, але атрымаў параду паступіць у Акадэмію мастацтваў.

XS
SM
MD
LG