Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё 101.2 споўнілася б 15 гадоў


Першы выхад у эфір адзінай прыватнай беларускамоўнай радыёстанцыі "Радыё 101.2" адбыўся 21 ліпеня 1995 году.

Радыё 101.2 пазыцыянавала сябе як "Гарадзкі канал", бо магутнасьці перадатчыка, усталяванага ў цэнтры Менску (вул. Камуністычная), хапала толькі на сталіцу і некалькі дзясяткаў кілямэтраў вакол яе.

Музычная палітыка радыёстанцыі шмат у чым вызначалася асабістымі густамі вядоўцаў і гукарэжысэраў. Адзінае правіла, якое было ўведзена ад самага пачатку, — прынцыповая адмова ад расейскамоўных песьняў у эфіры.

Эфіры і аўтарскія праграмы вяліся толькі па-беларуску. "Гэта было безумоўным доказам таго, што беларуская мова ня шкодзіць справе, а наадварот — дапамагае. Нам гэта адразу дапамагло пазыцыянаваць сябе ў адрозьненьні ад расейскамоўных станцыяў", — тлумачыў у адным з інтэрвію камэрцыйны дырэктар Дзьмітрый Бандарэнка.

Напачатку "касьцяк" радыёвядоўцаў 101.2 складалі нядаўнія супрацоўнікі закрытай уладамі станцыі "Беларуская маладзёжная", а таксама іншых рэдакцый дзяржаўнага радыё, якія былі незадаволеныя тамтэйшай працаю: Ірына Курапаткіна, Генадзь Кесьнер, Сяргей Ахрамовіч, Сяргей Лабандзіеўскі, Іна Студзінская, Алесь Дайнэка, Зьміцер Лукашук, Алесь Хмяльніцкі, Вольга Бабак.

Пазьней да 101.2 далучыліся Вольга Караткевіч, Юрась Бушлякоў, Вольга Гардзейчык, Севярын Квяткоўскі, Жанна Радзівонава, Марцін Латэцкі, Іван Бялоўскі, Тацьцяна Шунтава, Павал Каранеўскі.

З гукам на радыё працавалі Зьміцер Новікаў, Уладзімер Сакульскі, Анатоль Додзь, Зьміцер Васількоў, Алеся Верас, Сяргей Лабандзіеўскі, Алесь Ляшкевіч.

Улетку 1996-га радыёстанцыя выйшла на самаакупнасьць. "На рэклямным рынку мы выйшлі на першае месца ўжо перад закрыцьцём. Мы давалі праўдзівую інфармацыю, і рэклямныя блёкі вакол нашых навін былі эфэктыўнымі. Нашы інфармацыйныя выпускі, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, слухала да васьмідзесяці працэнтаў усіх FM-слухачоў", — падкрэсьліваў Дзьмітрый Бандарэнка.

30 жніўня 1996 г. увечары каля 17:30 рэдакцыя Радыё 101.2 атрымала факсам паперу зь Міністэрства сувязі, падпісаную кіраўніком БелДІЭ (дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі) А. Ніканавым: "Каб прадухіліць перашкоды прыёмным каналам ЦС РТС "Алтай", эксплюатацыю перадатчыка на частаце 101.2 МГЦ (…) спыніць з 1.09.96 г."

Аляксандар Лукашэнка 21 верасьня 1996 г. на рэспубліканскім Форуме моладзі, адказваючы на зададзенае з залі пытаньне наконт прычыны закрыцьця радыёстанцыі, адказаў літаральна наступнае: "Ні 101.2, ні іншым антыдзяржаўную палітыку праводзіць на дзяржаўнай частаце за дзяржаўныя грошы дазволена ня будзе… А за грошы сорасаў і іншых у нас хапае гадасьцяў і так на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні…", нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Зьміцер Новікаў пра прычыны закрыцьця "Радыё 101,2": "Наша грамадзтва спаралізаванае савецкімі комплексамі і стэрэатыпамі. Найперш: беларускае — горш за расейскае. Мы зламалі гэты стэрэатып... Таму нас і зачынілі, бо спужаліся разьвіцьця — незалежнасьці ў галовах".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG