Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбаліста «Ашмянаў» затрымалі, зьбілі і адпусьцілі


Сяргей Булынёнак пасьля затрыманьня

Сяргей Булынёнак пасьля затрыманьня

У суботу, 2 чэрвеня пад Ашмянамі ўзброеныя людзі ў масках затрымалі футбалістаў футбольнага клюбу «Ашмяны». Аднога з футбалістаў, 23-гадовага паўабаронцу Сяргея Булынёнка зьбілі пры затрыманьні, але пазьней адпусьцілі без прад’яўленьня абвінавачаньня, піша Tut.by.

Пасьля гульні зь менскім ФК «Луч» пяцёра гульцоў «Ашмянаў» ехалі дадому на машыне, каля горада іх спынілі дзьве пашыны, адкуль выскачылі пяцёра ўзброеных людзей у масках, дасталі футбалістаў з машыны і паклалі на асфальт.

Паралельна ў іншым месцы былі затрыманыя гульцы «Луча». Але дырэктар ФК Дзьмітры Карпоўскі распавядае «Трыбуне», што ніякай інфармацыі з МУС пра гэта ў клюб не паступала, Фэдэрацыя футболу ня ў курсе здарэньня. У «Ашмянах» выпадак не камэнтуюць.

Пры затрыманьні сьцьвярджалася, што «Ашмяны» нібыта згулялі дамоўленую гульню з «Лучом» — нібыта іх бачылі ўвечары да гульні ў парку зь літоўцам, зь якім дамаўляліся аб выніках. Булынёнак сьцьвярджае, што ў той час быў зь сябрамі, пра літоўца ня ведае. Затрыманых адвезьлі ў аддзяленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй у Менску.

Булынёнак цяпер у аддзяленьні нэўрахірургіі менскай лякарні хуткай дапамогі, яму патрэбная апэрацыя. У яго зьмяшчэньне сківіцы, пералом скулы і косткі пад вокам. Ён даў прызнаньні на камэру ў Менску, але затым на допыце адмовіўся ад паказаньняў: маўляў, сказаў на камэру, як патрабавалі, бо баяўся за сваё жыцьцё.

Намесьнік начальніка прэс-службы МУС Георі Яўчар распавёў Tut.by, што па заяве, якую напісаў Булынёнак, праводзіцца праверка, па выніках якой будзе выяўленая правамернасьць затрыманьня і дзеяньняў праваахоўнікаў.

Гульня ж завершылася зь лікам 3:3, Булынёнак выйшаў на 90-й хвіліне і не зрабіў унёску ў фінальны лік. «Ашмяны» пасьля гульні засталіся на апошнім месцы ў Першай лізе (другой пасьля Вышэйшай лігі), «Луч» апусьціўся з 3 на 4 месца той жа лігі.

***

У пачатку чэрвеня ў Беларусі быў затрыманы кіраўнік дэпартамэнту судзейства і інспэктаваньня Беларускай фэдэрацыі футболу Андрэй Жукаў, якому было прад’яўленае абвінавачаньне ў атрыманьні хабару. У той жа час былі нібыта затрыманыя трэнэр ФК «Смаргонь» Мікалай Рындзюк, а таксама судзьдзя Андрэй Сарока, але Сарока быў адпушчаны на волю, а затрыманьне Рындзюка не пацьвярджалі ў клюбе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG