Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны агент: Калі міліцыя будзе так шчыраваць, на трыбунах застануцца салдаты і школьнікі


Ілюстрацыйнае фота. АМАП пабіў заўзятараў ФК «Гомель». Слуцак, 21 лістапада 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. АМАП пабіў заўзятараў ФК «Гомель». Слуцак, 21 лістапада 2015 году

Праз тыдзень, 1 красавіка, матчам «Іслач» — «Нафтан» стартуе чарговы чэмпіянат Беларусі па футболе. Пасьля некалькіх гадоў, патрачаных на экспэрымэнты з колькасным складам удзельнікаў, Беларуская фэдэрацыя футболу вярнулася да старога фармату — сёлета ў першынстве заяўлена 16 клюбаў.

У пераліку адразу некалькі дэбютантаў вышэйшай лігі. Статус некаторых да апошняга заставаўся пад пытаньнем — былі праблемы з пацьверджаньнем фінансавай здатнасьці. Але выглядае, што форс-мажору ня здарыцца і спаборніцтвы пачнуцца безь непрыемных сюрпрызаў.

Ілюстрацыйнае фота. Футболкі гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе
Ілюстрацыйнае фота. Футболкі гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе

Дык ці паспрыяе пашырэньне мацнейшага дывізіёну большаму інтарэсу з боку спэцыялістаў і заўзятараў? Якая роля ў напаўненьні трыбунаў адводзіцца масоўцы — салдатам ды школьнікам? Нарэшце, ці зьменяць свой падыход да аматараў футболу праваахоўныя органы?

Пра насьпелыя праблемы напярэдадні сэзону карэспандэнт Свабоды пагутарыў з футбольным агентам Валерыем Ісаевым. Віцебскі мэнэджэр у розныя гады займаўся кар’ернымі справамі Рэнана Брэсана, Дзьмітрыя Верхаўцова, Станіслава Драгуна, Сяргея Паліцэвіча, дапамагае рэалізавацца маладым талентам.

На спаборніцтвах, канцэртах сілавікі паводзяць сябе агрэсіўна

Апошнія гады азмрочаныя непаразуменьнямі паміж аматарамі футболу і міліцыяй. Надзвычай пільны агляд зусім не гарантуе, што ўвогуле нават удасца трапіць на матч — асабліва калі ў адзеньні прысутнічаюць элемэнты нацыянальнай сымболікі. Усё часьцей чуваць, як фанатаў прыніжальна праганяюць праз аўтазакі, нярэдка з рукапрыкладзтвам. Не адзначаюцца ветлівасьцю і спэцназаўцы, прыстаўленыя да рамак мэталадэтэктараў пры ўваходзе на стадыёны. Валеры Ісаеў перакананы: сілавікоў на арэнах павінны замяніць ст’юарды, іначай нават самы адданы прыхільнік сваёй каманды выбера лепш спорт-бар ці хатні тэлевізар:

Футбольны агент Валеры Ісаеў
Футбольны агент Валеры Ісаеў

«Асабіста я за тое, каб агляд быў. Але я супраць таго, каб гэта адбывалася так па-хамску. У нас і так малая наведвальнасьць стадыёнаў, а міліцыя адбівае апошнюю ахвоту.

Да прыкладу, брытанскія арэны. Колькі мы туды езьдзілі, на кожнай гульні аншляг. На матч рэгулярнага чэмпіянату квіток проста так не купіць. Але ж туды заходзяць за 5 хвілін і выходзяць за столькі ж. Значыць, можна нешта прыдумаць? А нам кажуць: прыходзьце за дзьве гадзіны, тады пасьпееце. Як на самалёт. Чаго раптам?

Вы тыя моманты арганізуйце, каб натоўп не ствараць. І ня трэба ківаць на бязадрасную „міжнародную практыку“. Я ўжо казаў: досьвед ёсьць зусім іншы. Безумоўна, сёньня трэба правяраць, і ўсе да гэтага з разуменьнем павінны ставіцца — столькі вакол ідыётаў, дый розныя аб’ектыўныя прычыны. Але я ня думаю, што міліцыя па-рознаму ставіцца да фанатаў і да ўсіх астатніх. Як мне падаецца, яны ў цэлым сваю працу ў краіне выконваюць нават ня жорстка, а агрэсіўна».

Сумна, калі гледачамі на трыбунах — адны салдаты і школьнікі

Міліцэйскае шчыраваньне і часта няўцямныя гульні любімых камандаў ужо спрычыніліся да таго, што асноўнымі гледачамі на трыбунах паступова становяцца вайскоўцы ды школьнікі. Валеры Ісаеў кажа, што пра прымусовую мабілізацыю ведае на прыкладзе роднага «Віцебску», які ў мінулы сэзон пры пасярэдніх выніках быў сярод лідэраў у статыстыцы наведвальнасьці:

«У прынцыпе, я нічога ня бачу дрэннага, калі салдаты ходзяць на футбол. Пастаўце нават сябе на месца гэтых хлопцаў: пагадзіцеся, замест чарговай муштры кожны з прыемнасьцю пасядзіць на стадыёне. Вядома, сумна, калі больш няма нікога, а толькі адны салдаты — як на хатняй сустрэчы Лігі Эўропы з удзелам менскага „Дынама“. Вось гэта ўжо прыкра. Калі стадыён запоўнены на 50–70%, дык хай ходзяць і салдаты, тут ня бачу праблемаў. Зноў жа, абы безь перагібаў.

І школьнікі, канечне, хай ходзяць. Але толькі не ў такім выглядзе, як цяпер — зганяюць, ахвяруючы нават заняткамі, гэта ж не сакрэт. Калі, скажам, узяць Віцебск, статыстыку зьнізілі толькі ў апошнія туры. А так быў самы перадавы стадыён па наведвальнасьці. Я хаджу на многія матчы і бачу — масавасьць толькі за кошт навучэнцаў. Добра, школьнікі прыходзяць, але ці цікавіць іх тое, што адбываецца на полі? Жаданьне пахвальнае — далучыць новых людзей. Аднак трэба шукаць іншыя формы, не павінна ўсё рабіцца праз адміністрацыйны рэсурс, я ў гэтым перакананы на 100%».

Паўнафарматны чэмпіянат вышэйшай лігі — а 16 камандаў могуць дазволіць сабе ня ўсе нават заможныя краіны — прадугледжвае і адпаведнага ўзроўню інфраструктуру. А яна, канстатуе Валеры Ісаеў, у масе сваёй далёкая нават ад сярэдняга ўзроўню:

«Зноў жа, магу меркаваць па стадыёне ў Віцебску. Ён і на сёньня недабудаваны. У такім стане, калі не памыляюся, ужо гадоў 15. Заходзіш — і па ўсім бачна, што даўгабуд. І праект сам па сабе не футбольны. Як пачалі закладаць, ужо на той момант мы адсталі ад астатняга сьвету гадоў на 20–30. Аб’екты адпачатку маральна састарэлыя. Паглядзіце на стадыён у Барысаве. Так, пачалі пазьней, чым узяліся перабудоўваць, рэканструяваць іншыя. Але можна параўноўваць, які тады быў курс рубля і цяпер. Хай не такія шыкоўныя пляцоўкі, як у Барысаве, але з гледзішча функцыянальнасьці грашыма можна было распарадзіцца больш разумна.

Футбольны стадыён у Барысаве
Футбольны стадыён у Барысаве

Я ведаю, што бюджэт віцебскага стадыёну быў парадку 15–20 мільёнаў даляраў. Барысаўскі стадыён будаваўся пазьней, а грошы прыблізна тыя ж, можа нават меншыя. Але ці можна нават параўноўваць? Нібыта і новы, а не адпавядае сучасным патрабаваньням. Дый газоны, мякка кажучы, далёка не ідэальнай якасьці. Нават калі параўноўваць з больш суровым кліматам Швэцыі, Нарвэгіі — там пакрыцьці нашмат весялейшыя за нашы. У нас усяго 1–2 стадыёны, дзе пакрыцьцё можа лічыцца добрым, сучасным. А ў астатнім паглядзіце, на якой якасьці палях гуляе вышэйшая ліга. Я ўжо не кажу пра першую, а тым больш пра другую».

Каманды, якія зайшлі ў «вышку», не адпавядаюць яе крытэрам

Валеры Ісаеў — адзін з пасьлядоўных крытыкаў тых калектываў, якія намагаюцца трапіць у вышэйшы дывізіён, але пры гэтым «не зазіраюць далей уласнага носа». Найбольш ад яго дасталася менскім «Крумкачам»: «Нельга спачатку туды выходзіць, а ўжо потым думаць, дзе ўзяць грошы, дзе гуляць, дзе браць маладых футбалістаў», — кажа суразмоўца:

«Іслач» — яшчэ больш-менш зразумела, каманда ішла да сваёй мэты крок за крокам. Хоць, зноў жа, ня ўпэўнены, што ім гэта патрэбна. Яны здорава ўваходзілі ў прафэсійны футбол: аб’ектыўна, заслужана, па-чэснаму выйгралі першынства Беларусі сярод аматараў. Зрабілі далей крок. Ну і гулялі б сабе ў першай лізе, як гэта робяць іншыя. Ёсьць Сьветлагорск, іншыя гарады, дзе пастаянна гуляюць каманды ў першай лізе, прыходзяць людзі на стадыёны. Ім непатрэбная вышэйшая ліга. А навошта гэтым вышэйшая ліга, растлумачце хто-небудзь? Навошта яна «Крумкачам»?

Футбольны клюб "Крумкачы"
Футбольны клюб "Крумкачы"

Існуе дакладны крытэр — рэглямэнт Міжнароднай фэдэрацыі, вялікай карпарацыі футболу. У ім прапісаныя правілы ліцэнзаваньня ў элітных лігах. Нават некаторыя клюбы, якія ўжо даўно гуляюць, з нацяжкай праходзяць працэдуру ліцэнзаваньня. Навошта ж цягнуць самадзейнасьць? Зь іх прыходам прафэсійнасьць вышэйшага дывізіёну пад пытаньнем. Я нічога ня бачу ў гэтых праектах цікавага для вялікага футболу. Якія могуць быць ідэі ў каманды, якая выходзіць у вышэйшую лігу? Усё даўно прыдумана: патрабаваньні да стадыёнаў, да падрыхтоўкі, да ўзроўню інфраструктуры, да бясьпекі, да мэдыцыны. Каманды, якія зайшлі ў гэтым годзе, не праходзяць па ніводным крытэры«.

Пры тым, што тутэйшы футбол аб’ектыўна не трапляе ва ўсясьветную эліту, а беларускія легіянэры амаль што не запатрабаваныя на трансфэрным рынку, якое поле дзейнасьці ў футбольнага агента? Валеры Ісаеў прачыняе дзьверы на мэнэджэрскую кухню:

«Ну якія функцыі ў мэнэджэра, які працуе з футбалістамі? Сытуацыі розныя, геаграфія таксама. Буду гаварыць пра тое, чым займаюся сам. Стараюся браць у абарот хлопцаў 16–17 гадоў, раней проста няма сэнсу. Давайце быць шчырымі: сёньня сэлекцыйная праца на нашым рынку аб’ектыўна ляжыць. Застаецца выглядаць маладыя таленты, спрабаваць іх раскрыць у мацнейшых чэмпіянатах.

Футбольны клюб "Крумкачы"
Футбольны клюб "Крумкачы"

Па вялікім рахунку, хлопцаў трэба папросту перавыхоўваць, бо ў 80% выпадкаў нічога не атрымліваецца. Як правіла, адсутнасьць камунікабэльнасьці, азлобленасьць — што сумна, ужо ў такім узросьце, у 15–16 гадоў. Гэта ж ня толькі школа і вуліца вінаватыя, у сем’ях так выхоўваюць. Лянота, няведаньне замежных моваў і поўная адсутнасьць жаданьня іх вывучаць.

Ня тое што яны ня хочуць займацца футболам, што прападаюць у сеціве — не. Наадварот, праз інтэрнэт яны шукаюць пляцоўкі для гульні.

Калі ўлічыць, што мы гарады забудавалі і нічога ня маем узамен, сытуацыя жалю вартая. Месцы, дзе ў часы майго дзяцінства можна было кінуць мяч і гуляць, „засаджаныя“ мікрараёнамі, адкрытых пляцовак няма. Вось чым трэба заклапаціцца чыноўнікам. Таму больш займаюся хлопцамі за межамі нашай краіны — з гледзішча эканомікі тут такая дзейнасьць не цікавая. Калі зьяўляюцца таленты, трэба іх, вядома, спрабаваць адпраўляць у эўрапейскія клюбы, каб іх там паглядзелі. Што я і спрабую рабіць».

Бяда дзяржаўнага маштабу — канец пастаўскай футбольнай акадэміі

Спадар Ісаеў кажа, што выклікаць інтарэс да беларускага выхаванца за мяжой надзвычай складана — ён павінен быць прынамсі футбольным вундэркіндам. Тых, хто ўрэшце трапляе на прагляды ў эўрапейскія клюбы, можна зьлічыць на пальцах адной рукі:

«Вельмі складана. Як правіла, моладзь яны глядзяць толькі сваю. Тое самае адбываецца і ў Расеі, ня толькі на Захадзе. Каб „прыстроіць“ беларуса, трэба, каб ён быў на тры галавы вышэйшы за мясцовага выхаванца. Але калі ў нас гавораць, што футбол загінаецца, бо няма маладой зьмены, то не зусім так. Сапраўды, была невялікая генэтычная паўза. Але цяпер на ўзроўні 15–16 гадоў здольных, таленавітых хлопцаў шмат. Чаму далей адбываецца ступар, чаму не пачынаюць гуляць як майстры пасьля 20-ці, — гэта ўжо размова іншая, трэба аналізаваць. Але талентаў хапае, няма страху, што ў Беларусі футболу канец. Ёсьць, і нават шмат. Сам сустракаў такіх 15-гадовых, што ў Эўропе яшчэ трэба пашукаць такіх. На самой справе.

Я таксама думаў, што апошняе таленавітае пакаленьне — гэта Бялькевіч, Хацкевіч, Глебы, то бок моладзь 1980-х, а потым нейкая дзірка. Ды не, тылы ёсьць. Крытэр ацэнкі іх майстэрства — вось вялікая праблема. Плюс тэхнічная недасканаласьць, адсутнасьць інфраструктуры: база, якасьць палёў, трэнэрскі штаб. Трэнэры ў нас — праблема з праблемаў. Зноў жа, у малых камандах (маю на ўвазе малых па ўзросьце) якія галоўныя крытэры? Трэнэру важна, як выступіць каманда. Яму ня хочацца рыхтаваць хлопчыка для галоўнай каманды гораду, для галоўнай каманды краіны. Яго жыцьцё залежыць не ад таго, што ён зробіць зь дзіцем, а як выступіць сёньня ягоная каманда. Зыходзіць толькі з гэтага. Таму ён будзе ставіць больш моцнага, больш магутнага, а не тэхнічнага, не такога хлопчыка, які думае. Насамрэч я кажу пра розныя падыходы ў розных краінах».

Беларускамоўная футбольная акадэмія ў Ашмянах: Мы гуляем не на перамогу, а ў задавальненьне:

Беларускамоўная футбольная акадэмія ў Ашмянах: Мы гуляем не на перамогу, а ў задавальненьне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:52 0:00
Наўпроставы лінк

Індывідуальнае выхаваньне футбольных кадраў у сярэдзіне нулявых паспрабаваў паставіць на паток пастаўскі прадпрымальнік, гаспадар мэблевай фірмы Анатоль Бабічаў. У першай і адзінай на той момант прыватнай акадэміі футболу адначасова займаліся блізу паўтары сотні падлеткаў з Паставаў ды іншых гарадоў краіны. Два гады таму ўнікальная ўстанова зачынілася з-за фінансавых праблемаў заснавальніка, арыентаванага на расейскі рынак — і ніхто зь дзяржаўных мужоў не падставіў плячо, каб утрымаць на плыву справу нацыянальнай важнасьці. Выхаванцы, якія мелі вялікія пляны на будучыню, у выніку засталіся ні з чым:

«Так, сытуацыю ведаю, некалькі гадоў таму пазнаёміўся з гаспадаром гэтай акадэміі. І гэта нашмат большая праблема нашага футболу, чым усе „крумкачы“ разам узятыя. Менавіта гэтая каманда павінна была ісьці наверх, менавіта да гэтай каманды дзяржава павінна была выявіць максымальны інтарэс, зматываваць гаспадара, каб ён і надалей займаўся сваёй справай і, можа, паспрабаваў гуляць у першай лізе. А ён на гэта ня быў нават матываваны. Дакладней, паспрабаваў, але ня ўбачыў стымулу. Пры тым, што рэальны, разумны чалавек, з добрым прыбыткам, адрозна ад тых жа „Крумкачоў“. Аб’ектыўна найлепшая база ў краіне, не параўнаць ні з салігорскім „Шахцёрам“, ні зь іншымі. Бо свая база — гэта свая, не пазычаная. Два шыкоўныя палі з паліваньнем, штучныя палі. Выдатныя месцы для пражываньня, сучасны аднаўленчы цэнтар, выкладаньне замежных моваў. Проста шыкоўная пляцоўка і для працы, і для аднаўленьня. Вось ён мог лёгка гуляць у вышэйшай лізе. Але туды не палез, разумееце? Для яго быў важны іншы складнік, выхаваўчы.

Хоць набіраў хлопчыкаў з усёй краіны, але галоўнае, што там займаліся больш за сотню дзяцей зь яго рэгіёну. Яму было прынцыпова зрабіць зь іх прыстойных людзей. Чалавека чыста футбольны складнік цікавіў нават ня ў першую чаргу. Зразумела, што ён пабудаваў гэты комплекс з-за сына, які пачынаў гуляць. А потым проста не знайшоў для сябе ніякай матывацыі. Ну якая матывацыя з такой „падтрымкай“ нашых чыноўнікаў? Ягоныя хлопцы дзеля практыкі і ўласнай прыемнасьці, можа, і гулялі б у другой лізе, але каму гэта трэба? Увесь час толькі казалі: дай вынік!».

Інвэстыцыі ў футбол — асабістая ініцыятыва, дзяржава ўбаку

Валеры Ісаеў наракае, што адсутнасьць уласнай ініцыятывы чыноўнікі часьцяком намагаюцца кампэнсаваць «прысабечваньнем» чужых заслугаў. Гэтак здарылася і ў выпадку з футбольнай акадэміяй Бабічава:

Валеры Ісаеў
Валеры Ісаеў

«Прывезьлі прэзыдэнта, паказалі — вось, маўляў, як файна зрабілі. Дык хто зрабіў? Ён сам і зрабіў, бяз вашай дапамогі. Прычым у свой час яму чынілі ўсялякія перашкоды, каб ягоныя маладыя каманды не гулялі ў першынстве краіны, гэта я ведаю дакладна. Вось гэта нашмат большая трагедыя — тое, што такія людзі столькі гадоў цягнулі такую гаспадарку, трацілі вялізныя грошы, а цяпер унікальная база не прыдатная для заняткаў футболам.

Дзесьці год таму тэлефанаваў яму, хацеў прапанаваць правесьці зборы, але ён нават не рэагуе, ня хоча гэтым займацца. Калі акадэмія яшчэ працавала, была вельмі паказальная размова: давай арганізуем турнір, паглядзім моладзь. І быў зьдзіўлены адказам: ведаеш, кажа, ужо спрабаваў, прыяжджалі іншыя каманды, паглядзеў, як паводзяць сябе аднагодкі маіх хлопцаў. Пасьля гэтага нічога не хачу... Я быў вельмі моцна ўражаны — адносінамі чалавека да парадку, да выхаванасьці. Гэта адна з прычынаў, чаму людзі не ўкладаюць грошы ў футбол — няма сувязі паміж бізнэсам, уладай. Настолькі вялікая паміж імі бездань, што пэрспэктывы цьмяныя».

Адметна, што ў той момант, калі пастаўская акадэмія спыняла сваё існаваньне, у Пінску з фанфарамі і прысутнасьцю высокіх чыноўнікаў уласны футбольны комплекс адчыняў іншы бізнэсовец, уладальнік гандлёвай сеткі «Алмі» Аляксандар Зарыбка. Але ці стала акадэмія годнай прадаўжальніцай пастаўскага досьведу выхаваньня футбольных кадраў — пытаньне адкрытае. Як кажа Валеры Ісаеў, фактычна ад таго часу пра нейкія посьпехі на футбольнай ніве нічога невядома:

«Шчыра кажучы, блізка з той сытуацыяй не знаёмы. Канечне, вельмі здорава, што чалавек уклаў грошы ў такую важную справу. Але, зноў жа, дзяржаўная палітыка тут ні пры чым, гэта асабістая ініцыятыва, выключэньне з правілаў. Што далей будзе ў тым жа Пінску, зыходзячы з пастаўскага досьведу, — ніхто ня ведае. Мала толькі збудаваць, трэба ж яшчэ эксплюатаваць, плаціць камунальныя выдаткі, закладаць заробкі трэнэрам. Ня ведаю, якая там дакладна сытуацыя, але нешта адтуль ніякіх зьвестак пасьля адкрыцьця не паступае. Адчынілі — і збольшага на гэтым усё скончылася. Хоць магу памыляцца, можа, там усё і віруе».

Валеры Ісаеў у кампаніі зь сябрамі-футбалістамі
Валеры Ісаеў у кампаніі зь сябрамі-футбалістамі

Пры канцы гутаркі Валеры Ісаеў кажа, што «хворы» на футбол гэтаксама, як і мільёны людзей ва ўсім сьвеце. І марыць толькі пра тое, каб у Беларусі спорт № 1 нарэшце заняў такое ж пачэснае месца, як і ў іншых дзяржавах сьвету:

«Футболам пачаў займацца ў Віцебску, ззамаладу. Скажам так, сярэдні ўзровень, я ніколі ня быў нейкім супэрфутбалістам. Але пастаянна, чым бы ні займаўся па жыцьці, заўсёды знаходзіў час для футболу. У нас у горадзе ёсьць аматарскі калектыў, ня горшы за „Крумкачоў“, паверце. Нашай камандзе, напэўна, ужо гадоў 15, там і мае аднагодкі, і маладыя хлопцы. Мы зьбіраемся і пастаянна ўдзельнічаем у першынстве горада. Усё супэр, усё здорава, навошта беспадстаўна замахвацца на большае? Так, у мяне, можа, таксама ёсьць жаданьне, каб калі-небудзь каманда горада ці якая іншая, да якой я меў адносіны, загуляла ў элітным дывізіёне. Але ж у мяне нармальная галава, разумееце? Павінна быць адказнасьць перад людзьмі. Гэта вялікая авантура — ісьці на такога кшталту бізнэс-праекты, ня маючы ўяўленьня пра тое, што цябе чакае далей. Дай бог, каб з гэтага нешта атрымалася. Як на мой погляд, лепш бы нашы футбольныя ідэолягі заняліся ідэяй правядзеньня чэмпіянату Балтыйскай лігі, бо вялікі плюс быў бы і для футбалістаў, і для заўзятараў, і для ўсіх нашых краінаў».

Апошнім часам 52-гадовы футбольны адмысловец выступае пасьлядоўным лабістам ідэі правядзеньня чэмпіянату Балтыйскай лігі з удзелам клюбаў зь Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі. На яго перакананьне, кожная краіна здольная выставіць па пяцёрцы калектываў, якія б маглі зрабіць супольнае футбольнае першынства адным з самых відовішчных у Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG