Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўная праблема на выбарах — маніпуляцыі зь яўкай, — назіральнікі


Дзяніс Садоўскі, архіўнае фота
Дзяніс Садоўскі, архіўнае фота

Нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару-2016» Дзяніс Садоўскі распавёў Свабодзе пра асноўныя парушэньні, зафіксаваныя падчас датэрміновага галасаваньня.

«Гэта маніпуляцыі зь яўкай. Быў загон на датэрміновае галасаваньне, прыпісваньне людзей, якія не прыходзілі на галасаваньне, у яўку. Найбольшае разыходжаньне намі зафіксавана ў Менску. На 92-й выбарчай акрузе на 50% была завышана яўка параўнальна з лічбамі нашых назіральнікаў. Таксама мы фіксавалі неналежнае захаваньне скрыняў, то бок памяшканьні былі не апячатаныя ў абедны перапынак і ў начны час. Таму бюлетэні маглі быць пры жаданьні проста замененыя. Мы ня можам давяраць вынікам выбараў. Ну, і таксама нашых назіральнікаў выганялі з участкаў. Больш за 20 чалавек былі выгнаныя з участкаў дзеля надуманых прычын. Усе гэтыя выпадкі былі абскарджаныя, але ніводзін з нашых назіральнікаў ня быў вернуты на ўчастак».

— Пра што сьведчаць гэтыя факты?

— Сьведчыць гэта пра адзінае, што на гэтых выбарах, асабліва на менскіх акругах, яўкі, хутчэй за ўсё, рэальна ня будзе. Улады рабілі ўсё, што ад іх залежала, каб людзі прыйшлі, але яны не прыйшлі. Таму на шмат якіх участках выбары не адбыліся з прычыны адсутнасьці яўкі. Ну, і агульная выбарчая працэдура парушалася надзвычай грубым чынам. І датэрміновае галасаваньне праходзіла з парушэньнем як беларускага, так і міжнароднага заканадаўства. І з масавымі фактамі фальсыфікацыі яўкі. Адпаведна, вынікам датэрміновага галасаваньня даверу няма«.

— Вашы назіральнікі зафіксавалі масавы ўкід бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня на ўчастку № 625 Каліноўскай выбарчай акругі ў Менску. Што яшчэ бачылі вашы назіральнікі?

— Гэта і каруселі, што раней ня так часта выкарыстоўвалася. А цяпер гэта фіксавалася масава амаль што паўсюль, дзе былі нашы назіральнікі. Гэта і ўкід бюлетэняў. На жаль, з фота- і відэафактаў у нас толькі адзін. У тых умовах, у якіх працуюць назіральнікі, гэта ня так проста зрабіць. А так назіральнікі фіксавалі факты і пісалі скаргі на ўкід бюлетэняў. А ў бальшыні выпадкаў камісіі выбіраюць просты шлях — прыпісваюць яўку, якой не было. І потым падлік галасоў адбываецца так, што назіральнікі ня маюць ніякага доступу, ніякай магчымасьці пералічыць, праверыць. Выбары праводзяцца без удзелу і выбарцаў, і назіральнікаў. Гэта імітацыя выбарчага працэсу з загадзя вядомымі вынікамі.

— Сёньня асноўны дзень галасаваньня. Што ўжо фіксуюць вашы назіральнікі?

— Працягваюцца выдаленьні нашых назіральнікаў. Ужо 32 назіральнікі выдаленыя з выбарчых участкаў. Паведамляюць,што на хатняе галасаваньне запісваюцца па 400–500 чалавек, і потым іх нібыта абʼяжджаюць — і таксама накручваецца яўка, робіцца той вынік, які неабходны. Самае цікавае сёньня — гэта будзе падлік галасоў. Ужо адбыліся падлікі галасоў на закрытых участках. І мы бачым, што падлік галасоў адбываецца практычна бязь зьменаў параўнальна з 2015 годам на прэзыдэнцкіх выбарах. Відавочна, што ёсьць інструкцыя не дапускаць назіральніка да рэальнага падліку галасоў, каб назіральнік бачыў кожны бюлетэнь і «галачку» ў кожным бюлетэні. Такім чынам, відавочна, што ніякіх зьменаў, ніякай лібэралізацыі, ніякага паляпшэньня выбарчага працэсу няма".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG