Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты за памяць пра ахвяраў Майдану


23 студзеня ў Менску судзілі ўдзельнікаў акцыі памяці першых ахвяр Майдану. Адметнасьць судоў — у тым, што ўлады праводзілі іх за зачыненымі дзьвярыма.

Суды адбыліся над актывістамі Максімам Вінярскім, Алесем Макаевым, Яўгенам Батурам, Мікалаем Коласам, Вольгай Мікалайчык і Нінай Багінскай. Зь іх толькі Ніну Багінскую судзілі адкрыта ў Цэнтральным судзе Менску на адкрытым паседжаньні, а астатніх адвезьлі з ізалятара на Акрэсьціна адразу ў Цэнтральную раённую ўправу міліцыі і там судзілі за зачыненымі дзьвярыма. Судзьдзя Вікторыя Шабуня, якая правяла гэтыя выязныя працэсы, адмовілася дапусьціць на іх публіку і журналістаў.

Актывісты Максім Вінярскі і Алесь Макаеў атрымалі па 15 сутак арышту, а Мікалай Колас і Яўген Батура — па 10 сутак. Рэжысэра Вольгу Мікалайчык асудзілі на 5 сутак арышту. Ніне Багінскай далі штраф — 20 базавых велічынь.

Асудзілі ўсіх за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, хоць, як сьведчыў у судзе бард Зьміцер Захарэвіч, прамоў і лёзунгаў на акцыі не было. Вось што сьведка паведаміў пра тое, як праходзіла ўчорашняя акцыя каля помніка Тарасу Шаўчэнку:

«Ніна Багінская сказала, што падымае сьцяг пад сваю адказнасьць. Вольга Мікалайчык разгарнула партрэт Міхася Жызьнеўскага. Нам далі магчымасьць павесіць каля помніка партрэт, паставіць каля яго зьнічкі. Пад паднятым сьцягам людзі прачыталі малітву, пастаялі ў хвіліне маўчаньня ў памяць аб загінулых, прасьпявалі гімн Украіны, прасьпявалі „Магутны Божа“ і пачалі сыходзіць. І на выхадзе з парку нас пачалі затрымліваць».

Зьміцер Захарэвіч

Зьміцер Захарэвіч

Паводле Зьмітра Захарэвіча, асабліва жорстка з затрыманымі абыходзіліся ў аўтамабілі і ў будынку Цэнтральнага РУУС, куды ўсіх прывезьлі пасьля затрыманьня. Чаму яго, а таксама яшчэ двух актывістаў адпусьцілі без складаньня пратаколаў, Зьміцер ня ведае, але мяркуе, што пакараць было вырашана найбольш вядомых міліцыі актывістаў. «Таксама яўна быў загад не чапаць журналістаў», — мяркуе Зьміцер Захарэвіч. Ён паведаміў, што супраць актывістаў сьведчылі міліцыянты-амапаўцы, але ён гэтых сьведчаньняў ня чуў, бо яго выдалялі з залі пасьля паказаньняў.

Тое, што суды праходзілі ў закрытым рэжыме, гэтак пракамэнтавала праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка:

«Часта ў суд немагчыма трапіць, бо прыяжджаюць міліцыянты ў цывільным і блякуюць уваход у судовую залю. Але тое, што мы бачым у Цэнтральным РУУС, калі немагчыма нават зайсьці ў будынак, — гэта цалкам парушэньне працэсуальных нормаў і закону. Бачна, што гэта адбываецца на замову выканаўчай улады. Справядлівым судом гэта ніяк нельга назваць».

Людзі, якія не змаглі трапіць на працэс, стаяць пад дзьвярыма РУУС

Людзі, якія не змаглі трапіць на працэс, стаяць пад дзьвярыма РУУС

Актывісты, якія бралі ўдзел у акцыі памяці ахвяр Майдану і засталіся на волі, кажуць пра няпростае становішча ў тых, каго пакаралі арыштамі. Гэтак, у Максіма Вінярскага без дагляду засталася хворая маці, якая нават ня ў стане выйсьці ў краму ці аптэку. У Алеся Макаева хварэе жонка, праблемы ўзьнікнуць з гадаваньнем трохмесячнай дачкі. Яўген Батура ня мае сваякоў, таму паводле беларускага закону яму ў вязьніцу немагчыма будзе перадаваць перадачы, кажуць актывісты.

XS
SM
MD
LG